Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ISW: «Пуцін ў Менску, імаверна, будзе ціснуць на Лукашэнку, каб дабіцца саступак у пляне інтэграцыі»


Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін падчас першага за тры гады візыту ў Беларусь 19 сьнежня, «імаверна, будзе ціснуць на Аляксандра Лукашэнку, каб дабіцца саступак у пляне інтэграцыі Расеі і Беларусі», лічаць аналітыкі амэрыканскага Інстытута вывучэньня вайны (ISW).

На думку экспэртаў, «Крэмль імкнецца выкарыстоўваць Саюзную дзяржаву для ўстанаўленьня расейскага сюзэрэнітэту — кантролю — над Беларусьсю».

«Лукашэнка ўжо стварае інфармацыйны фон, каб адхіліць патрабаваньні Расеі па інтэграцыі, як ён рабіў на працягу дзесяцігодзьдзяў, — адзначаюць экспэрты. — Няясна, ці ўдасца Пуціну дабіцца жаданых саступак ад Лукашэнкі. Дасюль Лукашэнка ў значнай ступені супраціўляўся інтэграцыйным патрабаваньням Расеі і адмаўляўся пасылаць беларускія войскі на вайну Расеі супраць Украіны», — гаворыцца ў паведамленьні ISW.

Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны не выключаюць, што візыт Пуціна ў Менск можа быць падрыхтоўкай да «паўторнага нападу на поўнач Украіны ці наступу на Кіеў зімой 2023 году».

«ISW цяпер ацэньвае імавернасьць расейскага ўварваньня ва Ўкраіну зь Беларусі як нізкую, але не выключае такой магчымасьці, — адзначылі аналітыкі. — Малаімаверна, што беларускія войскі ўварвуцца ва Ўкраіну без расейскай ударнай сілы. Далёка не відавочна, што Лукашэнка прыцягне беларускія сілы ваяваць ва Ўкраіне нават побач з расейскімі войскамі. Пакуль няма ніякіх прыкметаў таго, што расейскія войскі фармуюць ударную групоўку ў Беларусі».

Разам з тым сустрэча Пуціна і Лукашэнкі будзе часткай «расейскай інфармацыйнай апэрацыі», якая праводзіцца, каб «зламаць волю Ўкраіны і гатоўнасьць Захаду яе падтрымліваць», пераканаць украінцаў і жыхароў заходніх краін, што «Расея можа напасьці на Украіну зь Беларусі», адзначаецца ў справаздачы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG