Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«На «сутках» мы сьпявалі ўсёй камэрай «Пагоню» і «Муры». Беларускі музыка арганізаваў у Варшаве сьпеўную тэрапію для рэпрэсаваных


Сяргей Доўгушаў. Варшава, 11 сьнежня 2022 году
Сяргей Доўгушаў. Варшава, 11 сьнежня 2022 году

Беларускі музыка Сяржук Доўгушаў арганізаваў у Варшаве сьпеўную тэрапію для пацярпелых ад рэжыму. Паразмаўлялі зь ім і з удзельнікамі «Сьпеўнага сходу».

11 сьнежня ў Музэі вольнай Беларусі ў Варшаве прайшоў «Сьпеўны сход» для тых, хто на Радзіме перажыў рэпрэсіі.

«Сьпевы — тэрапія, патрэбная рэпрэсаваным і ўсім, хто ў дэпрэсіўным стане. Мы пачалі сьпяваць вечарамі ў Доме творцаў з тымі, хто толькі вызваліўся з турмаў. І я бачу, што гэта вельмі добра ўплывае. Думаю, што „Сьпеўны сход“ у Варашве стане частай зьявай. Я хацеў бы бачыць на ім людзей, якія эмацыйна ў цяжкім стане ці нядаўна прыехалі зь Беларусі. Хачу, каб мы зь імі проста сьпявалі, бяз крытыкі, бязь нейкіх плянаў, вось проста такая сьпеўная тэрапія», — кажа музыка, мэнэджар культуры Сяржук Доўгушаў.

Ад супольных сьпеваў падымаецца настрой і жыцьцёвы тонус, перакананы Доўгушаў. Ён расказвае, што сьпевамі дапамагаў сабе і іншым у тым ліку падчас зьняволеньня.

«Прыходзіць душэўны супакой, нейкае такое прасьвятленьне, штосьці адбываецца ў гэты момант. Калі я сядзеў у турме і пачынаў сьпяваць, людзі казалі, што быццам пабывалі і на моры, і дзесьці на прыгожай прыродзе. Гэта не паддаецца апісаньню, але празь сьпевы, праз гукавую тэрапію нашая душа сапраўды кудысьці ляціць», — апавядае музыка.

«Сьпеўны сход» у Варшаве, 11 сьнежня 2022 году
«Сьпеўны сход» у Варшаве, 11 сьнежня 2022 году

«Чым больш мы будзем сьпяваць, гаварыць пра сябе як нацыю, тым лепш будзе гэта для нас саміх»

Удзельніца «Сьпеўнага сходу» Ганна кажа, што ўражаньні ад імпрэзы вельмі добрыя.

«Вельмі важна, каб мы, беларусы, падтрымлівалі тое, што маем. Мы далёка ад сваёй краіны, але павінны ўсяляк падтрымліваць нашыя гістарычныя, традыцыйныя песьні. Гэта важна, каб мы вызначаліся як нацыя беларусаў у сучасным сьвеце, у Эўропе», — кажа Ганна.

Дзяўчына прызнаецца, што сьпевы асабіста ёй дапамагаюць пазбавіцца дрэнных думак.

«Калі мы сьпяваем, мы расслабляемся, пачынаем жыць, з нас выходзіць увесь нэгатыў. І, зноў-такі, чым больш мы будзем сьпяваць, гаварыць пра сябе як нацыю, тым лепш будзе гэта для нас саміх. І ня трэба баяцца, трэба сьпяваць».

«Гэта падтрымлівае і вельмі аб’ядноўвае»

Беларуска Алеся (імя зьмененае на просьбу суразмоўцы) раней наведвала «Сьпеўны сход» у Менску.

«Гэта яднае людзей, мы на гэтых сходах пачынаем з большай сілай адчуваць сябе беларусамі і беларускамі. Мне вельмі прыемна, што Сяржук Доўгушаў працягвае рабіць гэтую справу, я вельмі ўдзячная за тое, што „Сьпеўныя сходы“ існуюць. Калі я сядзела свае „суткі“, былі песьні, якія мы сьпявалі ўсёй камэрай: „Пагоня“, „Муры“, песьні, якія мы сьпявалі разам на маршах. Насамрэч гэта падтрымлівае і вельмі аб’ядноўвае».

«Раней людзі ўсё жыцьцё жылі зь песьняй»

Сьвятлана таксама наведвала «Сьпеўны сход» у Менску, зараз плянуе гэта рабіць і за мяжой.

«Я вельмі радая трапіць на сьпеўны сход у Варшаве, адчуць разьняволенасьць, моцную пазытыўную энэргію. Раней людзі ўсё жыцьцё жылі зь песьняй, гэта дапамагала перажываць складаныя варункі, бо калі ты гучыш, гэта падобна на мэдытацыю. Мяне вельмі натхняе прыклад краінаў Балтыі, якія празь сьпевы змаглі аб’яднацца ў 80-х, і нашыя „Сьпеўныя сходы“ мне нагадваюць нешта такое. Калі нашыя традыцыйныя сьпевы гучаць у выкананьні сучасьнікаў, гэта вельмі крута. Я хацела б, каб у Беларусі будучыні людзі ад школы так сьпявалі, гучалі, бо гэта разьнявольвае, чалавек робіцца больш упэўненым плюс разьвіваецца пачуцьцё еднасьці», — кажа Сьвятлана.

Дзяўчына адзначае, што на сьпевах важна разьняволіцца, адчуць сваё цела і ня думаць, як ты гучыш.

«Я ўпэўненая, што калі збоку паслухаць, як мы сьпявалі, то гэта проста кайф. Вельмі крута знайсьці сьпевы з рэгіёну, адкуль паходзяць твае продкі, паслухаць, паспрабаваць разам з запісам пасьпяваць. Ты быццам праз машыну часу перамяшчаесься ў мінулае, робісься носьбітам. А калі ў цябе ёсьць нейкая бабуля, то ад яе можна гэта пераняць. Можна дзеля высокай мэты пачаць сьпяваць».

«Хто лічыць, што яму мядзьведзь на вуха наступіў, — усё гэта няпраўда»

Марыя, якая таксама прыйшла на варшаўскі «Сьпеўны сход», перакананая, што засьпяваць можа кожны.

«Адчуваю сябе трохі стомленай, бо даволі рэдка сьпяваю, гэта забірае шмат энэргіі. Але разам з тым ты атрымліваеш вялікую порцыю энэргіі ад залі. Гэта цікавы досьвед для тых, хто лічыць, што ён увогуле ня ўмее сьпяваць, што яму мядзьведзь на вуха наступіў, — усё гэта няпраўда. Трэба проста схадзіць хаця б раз на такую сустрэчу і зразумець, што абсалютна кожны чалавек можа сьпяваць. Ну і сьпевы, танцы, нейкае калектыўнае дзеяньне — заўсёды псыхатэрапія».

Цяпер музыка Сяржук Доўгушаў плянуе гастрольны тур па Амэрыцы, зьбіраецца трапіць у Тэхас, Мінэсоту і Каліфорнію.

«Я вярнуся ў Варшаву ў лютым і пачну актыўна тут працаваць у Доме творцаў і з варшаўскім Вольным аркестрам. Мы плянуем актыўна гастраляваць, запісваць альбом. Я цяпер афіцыйна працую ў фундацыі „Тутака“ культурніцкім мэнэджэрам і буду адказваць за некаторыя праекты, канцэпцыі. Таксама шмат плянаў з асабістымі праектамі», — кажа Сяржук.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG