Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Быў грузчыкам, пасьля зьбіраў мэблю, зараз кіроўца Uber». Музыка Сяржук Доўгушаў пра жыцьцё і працу ў Амэрыцы


Сяргей Доўгушаў
Сяргей Доўгушаў

Паразмаўлялі з беларускім музыкам Сержуком Доўгушавым пра жыцьцё ў ЗША, творчасьць, а таксама даведаліся, што яго натхняе і дае сілы ў такія складаныя часы.

«Гэта Амэрыка, тут усе працуюць»

Сяржук пераехаў у ЗША ў сьнежні 2021 году і адтуль працягнуў працу са сваімі праектамі, якімі займаўся ў Польшчы і Беларусі.

«Я пачаў з калядных гастроляў, наведаў каля 9 штатаў са сваімі праграмамі. Потым пачаліся складанасьці, бо трэба было шукаць сябе ў ЗША, як жыць, чым займацца, знаходзіць грошы. Упершыню я папрацаваў грузчыкам, потым месяц адпрацаваў на зборцы мэблі, а цяпер я кіроўца Uber. Канцэрты я магу даваць на выходных, бо тут наладжаны графік, што ўсё адбываецца толькі зь пятніцы па нядзелю, а ўсе астатнія дні трэба чымсьці займацца. І вось у красавіку я атрымаў правы, хоць казаў, што ніколі ня буду кіраваць аўто, але тут немагчыма бяз гэтага жыць», — сьмяецца Сяржук.

Сяргей Доўгушаў у ЗША
Сяргей Доўгушаў у ЗША

У будзённыя дні Сяржук працуе на Uber, а па выходных займаецца беларускай культурніцкай дзейнасьцю.

«У мяне былі гастролі ў Канадзе, купальскія імпрэзы цікавыя ў розных штатах, выступаў на вядомым фэстывалі ў Мінэсоце Renaissance Festival, там папулярызаваў беларускую культуру, сьпяваў нашы песьні, граў на ліры, дудачцы. Я пераехаў жыць у Мінэсоту, актыўна сябрую зь беларусамі тут, пачаў нават ладзіць мужчынскі калектыў сьпеваў, такі гурток, дзе мы сьпяваем мужчынскія песьні. Таксама дапамагаў ладзіць канцэрты Маргарыты Ляўчук у Чыкага і Мінэсоце. А зараз рыхтуем Дзяды, Ноч расстраляных паэтаў, і хутка зноў Каляды».

Сяржук кажа, што ў ЗША вельмі складана зарабляць на культуры, бо яе ўспрымаюць як хобі. Музыка адкрыў цяпер свой бізнэс, але пакуль ня вырашыў, у якім кірунку будзе дзейнасьць арганізацыі.

Доўгушаў дадае, што фізычная праца дапамагае разгрузіць галаву, пазбавіцца ад дрэнных думак.

«Калі ты моцна „зазьвязьдзіўся“, то вельмі важна папрацаваць фізычна, зазямліцца. Ты дзесьці лётаеш, маўляў, я вось такая зорка, мяне не прызнаюць, я нічога ня буду рабіць, я няшчасны, мяне не прымаюць у іншай краіне. Не, ідзі папрацуй хоць дзень, проста зразумей, — усьміхаецца Сяржук. — У мяне ў гэты момант прыходзіць вельмі шмат думак добрых, кшталту, пайду зраблю нейкі новы праект».

Сяржук кажа, што ў моманты фізычнай працы пачынаеш больш цаніць, хто ты, што ты рабіў, кім ты хочаш быць далей.

«А вось проста жаліцца на лёс — маўляў, нас закінула жыцьцё ў іншую краіну, мы ня ведаем, што рабіць, — ня трэба. Сапраўды, дзесьці складана знайсьці працу, але Амэрыка — гэта ня тая краіна. Тут, калі ты хочаш зарабіць грошы, напрыклад, на машыну, ты проста ідзеш і працуеш, бо працы тут для ўсіх хапае. Нават можна мовай не карыстацца, проста прыйсьці і зарабіць за дзень 150–200 даляраў».

У Амэрыцы працуюць усе, таму пачынаеш сябе дзіўна адчуваць, калі нічога ня робіш, кажа Сяржук.

«Я заўважыў, што калі проста сяджу, зьяўляецца думка: «Блін, я не папрацаваў! Што рабіць?! Куды прымяніць свае рукі?!" Гэта Амэрыка, тут усе працуюць. Я ўжо не магу спакойна вярнуцца да сябе, калі я мог онлайн нешта правесьці, пачытаць кніжку. Не, усё, падняўся, а 8-й і пайшоў адразу працаваць».

«Разьбітая машына, паліцыя, галодны чувачок»

Дзякуючы працы на дастаўцы ежы Uber Сяржук паглядзеў вельмі шмат мясьцін у Мінэсоце і Чыкага, дзе ён жыў раней, паназіраў за рознымі людзьмі.

«У Чыкага ёсьць забароненыя раёны, куды лепш ня ехаць. Спачатку я не разумеў, што гэта можа быць у самім горадзе, я думаў, гэта дзесьці на поўдзень. Неяк я ехаў увечары, проста спыніўся на сьвятлафоры, мяне пабачыў хлопец, пачаў крычаць і бегчы за мной. Потым мне расказалі, што ў Чыкага пастаянна страляюць і за дзень забіваюць некалькі чалавек».

Прыгод у Сержука было за час працы вельмі шмат. Пару дзён таму ён нават трапіў у аварыю, хоць і прыгадвае гэта са сьмехам.

«Мы з жонкай ехалі дадому і я ёй кажу: „Хочаш пакажу, як гэта — працаваць на Uber? Давай проста вазьму нейкую замову і праедземся?“ Мы едзем нейкімі раёнамі, блізка да месца дастаўкі паварочваю, і тут на ўсёй моцы мне машына ў зад уяжджае! Я не разумеў, што адбываецца, хто вінаваты, што адбылося, і адразу нейкія мігалкі! Я ў шоку працягнуў ехаць, а тут паліцэйскі бяжыць, грукае ў шкло. Я ўжо думаў, што машына паліцыі ў нас урэзалася. Я спыняюся і думаю: „Ці няма ліры ў багажніку?“ Потым другая думка: „Блін, я ж замову не аддаў!“ І ўся сытуацыя дурная: разьбітая машына, паліцыя, і тут галодны чувачок кажа: „Я прыйшоў па замову сваю“».

«Цікавасьць да традыцыйнай музыкі зноў узьнікае»

Сяржук кажа, што цяпер ёсьць пэўныя эмацыйныя арэлі і нявызначанасьць, як быць далей.

«Я не адчуваю сябе імігрантам, але і не адчуваю, што гэта маё месца, што я тут павінен жыць. Гэты пэрыяд жыцьця вельмі разнастайны. Вось на выходных прыехаў мой сябра з Тэхасу Кастусь, мы рэальна пазнавалі Чыкага іншым: клясныя блюзавыя клюбы, дзе нараджаўся блюз, джазавыя месцы, набярэжныя. І потым ты нават малюнкі Шагала бачыш іншымі вачыма. Атрымліваецца, ня толькі праца і дом, ад гэтага вельмі цікава. Тут, нават калі ты гаворыш з памылкамі на ангельскай ці іншай мове, усё роўна цябе прымаюць, ты сябе не адчуваеш такім, што „панаехаў“. Нейкай дыскрымінацыі ні разу ніякай ня чуў, ня бачыў, дый за такое тут садзяць, калі ты кагосьці пакрыўдзіш па расавай тэме, напрыклад».

Музыка кажа, што ў Эўропе культурнае жыцьцё больш актыўнае, чым у Амэрыцы.

«Амэрыка — гэта вялікі карпаратыў. Ты працуеш, працуеш, а потым у цябе вялікі карпаратыў, дзе ты гуляеш, весялісься, музыка. Амэрыка — гэта выходныя дні. Я цяпер думаю, што можна жыць на дзьве краіны, прыяжджаць у Амэрыку на гастролі, а жыць у Эўропе. Пакуль ідуць трансфармацыі, разуменьне, што я тут раблю, для чаго я тут, навошта мне гэта ўсё, куды мы рушым далей».

Цяпер Сяржук зноў выкладае. Музыка аднавіў свой вядомы курс «Прыродны голас».

«Я езьдзіў у Канаду, рабіў жывыя сустрэчы па „Прыродным голасе“, майстар-клясы такія. У першай групе былі беларусы Канады, а ў другой — украінцы, амэрыканцы, канадцы. Буду працягваць ладзіць і жывыя, і онлайн-сустрэчы. Таксама стварыў гурток мужчынскіх сьпеваў, бо захацелася асобна з мужчынамі пазаймацца. Цяпер будуць актыўныя Каляды ў ЗША. Яшчэ я запусьціў праект выданьня новых сьпеўнікаў».

Таксама Сяржук працягвае працу над фільмамі пра традыцыйныя абрады ў розных кутках Беларусі.

«Ужо шмат наздымалі матэрыялаў па нашых абрадах, і цяпер задача стаіць усё дапрацаваць, зрабіць мантаж, ангельскія субтытры і іншае. Таксама хачу запусьціць лэйбл альбомаў традыцыйнай музыкі розных калектываў, бо ёсьць запісы з 2012 году па 2022, калі я езьдзіў у экспэдыцыі. І гэтыя калектывы, выканаўцы і па сёньняшні дзень жывуць у вёсках. У мяне нарадзілася ідэя проста выдаваць альбомы, бо вельмі важна, каб гэта жыло, каб гэта слухалі. Я бачу, што цікавасьць да традыцыйнай музыкі зноў узьнікае, бо мне пішуць, пытаюць пра песьні, пра рэпэртуар, дзе гэта ўсё знайсьці».

Сяржук працягвае супрацу з сваімі сябрамі, музыкамі гурту «Славалача».

«Брэд і Бэн са штату Агаё. Я вось да іх прыяжджаў, мы рабілі канцэрты і сабралі 25 000 даляраў у падтрымку Ўкраіны, а яны яшчэ і мэдыкамэнты павезьлі туды. Мы зь імі зайгралі 4–5 канцэртаў, запісалі альбом „Тры сады“, ён мае выйсьці напрыканцы гэтага году ці на пачатку наступнага».

«Каля возера пасядзеў, падумаў, на дудцы пайграў — і знайшоў гармонію, сувязь з сабой»

Музыка кажа, што творчасьць надае яму сілы і натхненьне.

«Энэргія, што ты ствараеш нешта важнае, патрэбнае, зьвязанае з табой, з тваімі каранямі, вельмі дае моцы, штуршок рухацца далей. Дадае сіл і любая праца. Я працаваў на сталярцы — гэта была цяжкая фізычная праца, але яна давала мне адчуваньне, што я штосьці раблю, мае розныя дурныя думкі, загоны сыходзілі. Канечне, у такім рэжыме доўга не пратрымаесься, бо ты хочаш творчасьцю займацца, бо твая місія такая, і цябе проста знутры „калбасіць“, і тады я запускаю новыя праекты».

Сяржук таксама перакананы, што яму моцна дапамагаюць падарожжы.

«Я ежджу па Чыкага, Мінэсоце, былі ў мяне падарожжы на беларускі фэстываль у Тэхас. Усё гэта новыя людзі, новыя мясьціны, гісторыі. Вельмі надае сіл, калі хаджу ў парк, лес, на возера. У Мінэсоце вельмі прыгожыя азёры, энэргетыка, як у Беларусі. Вось каля возера пасядзеў, падумаў, на дудцы пайграў — і знайшоў гармонію, сувязь з сабой».

30 кастрычніка ў Мінэсоце адбудзецца сьвята Дзяды. Падрабязнасьці шукайце тут.

Таксама можна пакінуць данат на выданьне зборніка бяседных (застольных) беларускіх песьняў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG