Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Прачынаюся а 7-й раніцы і „бамблю“ праекты». Сьпявак Сяржук Доўгушаў пра жыцьцё за мяжой і творчасьць.


Сяргей Доўгушаў, архіўнае фота
Сяргей Доўгушаў, архіўнае фота

Паразмаўлялі з кіраўніком установы Tradycyja / ЭтнаТрадыцыя, арганізатарам «Сьпеўных сходаў», папулярызатарам фальклёру і даведаліся, як пратэсты ў Беларусі і вымушаны пераезд за мяжу паўплывалі на ягонае жыцьцё.

«Каля нашага бара высадзіўся цэлы аўтобус „касманаўтаў“​»

Сяржук кажа, што за пэрыяд з 9 жніўня 2020 году і па сёньняшні дзень у ягоным жыцьці зьмянілася ўсё.

«Я ўвесь час працаваў над культурай Беларусі і іншым, але менавіта пасьля выбараў я стаў яшчэ актыўнейшым, таму вельмі хутка справы рабіліся: ад „Сьпеўных сходаў“, прэзэнтацый — да танцавальна-сьпеўных вечарынак, выданьняў „Народнага сьпеўніка“ і „Годных песень“, канцэртаў. Такое адчуваньне, што кожны дзень нешта адбывалася. І я ў гэтым актыўна ўдзельнічаў, пакуль не пачаліся жорсткія рэпрэсіі. Потым я захварэў на ковід, а вясной ужо прыехаў у Польшчу», — кажа Сяржук Доўгушаў.

Падчас жнівеньскіх пратэстаў моцнага страху музыка не адчуваў, нават граў ды сьпяваў на плошчы ў цэнтры Менску.

«Першы небясьпечны момант быў, калі выйшлі сьпяваць каля Купалаўскага тэатру і адбылася зачыстка. Гэта была цэлая апэрацыя, калі спэцыяльна будаўнікі шумелі, каб людзі не сьпявалі, потым з рупарам прыходзіў чалавек, на камэру здымаў, далей нейкая група захопу і амапаўцы. Ну а потым кожны раз ты як на вайне, і ў нейкі момант разумееш, што можаш не вярнуцца дамоў».

Пасьля гэтага выпадку музыка рыхтаваўся да магчымага затрыманьня, але зьдзіўляецца, што яму шанцавала.

«Аднойчы мы пайшлі ў бар, поўны творцаў, вывесілі сьцягі, пілі піва, было цэлае сьвята. Тады амапаўцы працавалі па вечарах, лавілі людзей па дварах, калі тыя разыходзіліся з маршаў. Гэта быў страшны момант, калі ў адным тэлеграм-канале напісалі, што каля нашага бара высадзіўся цэлы аўтобус „касманаўтаў“. Мне пашчасьціла, нешта проста дапамагае зьверху, бо амаль усіх маіх знаёмых, хто своечасова ня зьехаў ці кудысьці не схаваўся, затрымлівалі пазьней на дваравых канцэртах ці пасьля, ці падчас маршу, ці за сьцяг».

«Я ня ведаю, колькі нам яшчэ часу спатрэбіцца, каб людзі самі ў сабе зьнішчылі гэтую ўсю „гапату“»

Музыка прызнаецца, што апошнія пару месяцаў да ад’езду з Беларусі было эмацыйна складана, ня мог працаваць.

«Апошняй падзеяй была арганізацыя фэстывалю „Музыка побач“ у падтрымку творцаў. „Званочкам“ небясьпекі сталася затрыманьне гурту „Разьбітае сэрца пацана“. Я зразумеў, што не хачу падстаўляць людзей і музыкаў і як арганізатар, вядома, першы пайду па нейкім артыкуле. У мяне было такое бясьсільле; тут яшчэ і сяброў затрымліваюць, а ты ня ведаеш, чым і як дапамагчы. Тады я вырашыў, што трэба паехаць пажыць у Польшчу на некалькі месяцаў зь вяртаньнем у Беларусь».

Сяржук прыгадвае, як гэтак жа сама жыў у Варшаве падчас стыпэндыі і пэрыядычна прыяжджаў на радзіму.

«Я ў красавіку яшчэ прылятаў, але калі адмянілі потым усе самалёты, я вырашыў, што ўсё. Нават не ад страху. Я падумаў, што невядома, ці выпусьцяць мяне назад, ці прыйдзецца завіснуць у Беларусі пад татальным кантролем, а ляцець зь Беларусі нейкімі „перакладнымі“ не хацелася».

Таксама Сержука турбавала сытуацыя на мяжы, дзе невядома што можа адбыцца. Музыка прызнаецца, што прынцыпова не здымае налепкі з «Пагоняй» і бел-чырвона-белым сьцягам са сваіх рэчаў, хаця гэта і небясьпечна.

«Я супраць такіх забаронаў у нашай краіне, бо так гопнікі робяць: „Чаму ў цябе валасы доўгія? А ну хадзі нармальна! А чаму майка такая каляровая? А ну хадзі ў чорным і шэрым!“. Я ня ведаю, колькі нам яшчэ часу спатрэбіцца, каб людзі самі ў сабе зьнішчылі гэтую ўсю „гапату“. Я ня ведаю, як гэта правільна назваць, але ад гэтага ў нас праблемы, якія мы маем цяпер, бо дыктатура працягваецца нават сярод людзей культуры, яны таксама пачынаюць: „Ёсьць дырэктар, ён усіх пакарае“. Забі ў сабе дыктатара — тады і прыйдзем да нейкай дэмакратыі, нармальнага стаўленьня да іншых людзей і да сябе ў першую чаргу».

«Я зразумеў для сябе, што больш дапамагу Беларусі і беларусам, калі буду рабіць нешта канкрэтнае»

Як толькі Сяржук апынуўся ў Варшаве, ён адразу пачаў дапамагаць іншым творцам, якія вымушаныя былі ўцякаць зь Беларусі.

«Я зразумеў для сябе, што больш дапамагу Беларусі і беларусам, калі буду рабіць нешта канкрэтнае. Культурныя праекты — гэта адна справа. Але ёсьць моманты, калі прыяжджае, напрыклад, дырыгент ці музыка, і ў яго проста няма грошай у чужой краіне, ён ня ведае, дзе жыць, што рабіць і гэтак далей. Тут я дапамагаю на першы месяц нейкую кватэру знайсьці, зьвярнуцца ў той жа Цэнтар беларускай салідарнасьці».

Таксама Сяржук арганізаваў «Рэзыдэнцыю арт-тэрапіі» для беларускіх творцаў, на якіх людзі могуць прапрацаваць свае эмоцыі, адпачыць і стварыць новыя праекты.

«Як толькі я пераляцеў мяжу на самалёце, выйшаў з аэрапорта і ў нейкі момант зразумеў, што мне можна не азірацца, я проста хачу ісьці пешшу. У Беларусі са жніўня я амаль пешшу не хадзіў, на ровары ня езьдзіў, бо ўвесь час было адчуваньне, што за табой сочаць: ты ідзеш, бачыш чалавека ў форме — і няма гарантыі, што ён не падыдзе і цябе не затрымае. А тут ты ідзеш па Варшаве — і такая палёгка, што падступаюць сьлёзы і яно выходзіць, бо ты быў у канцэнтрацыі ўсяго, а тут гэтага няма. Патрэбен месяц, каб хоць мінімальна супакоіцца. Людзям патрэбна адаптацыя».

«Усё віруе настолькі, што я бяру і раблю няспынна і кожны дзень»

Некалькі праектаў Сяржук не пасьпеў скончыць да ад’езду з Беларусі, але працягвае каардынаваць іх з-за мяжы. Адзін зь іх — «Кола беларускіх абрадаў».

«Мы прэзэнтуем фільмы пра нашыя традыцыі. Ёсьць ідэя цяпер перакласьці субтытры на ангельскую, каб яшчэ больш людзей пазнаёмілася зь беларускімі традыцыямі».

У Польшчы музыка стварыў «Вольны аркестар», правёў «Сьпеўны сход» і дзіцячыя праграмы.

«Ёсьць ідэя зрабіць гурток традыцыйных сьпеваў, а то нешта падумаў, што я ўжо сышоў у акадэмічную музыку, а трэба неяк і наш фальклёр папулярызаваць, — усьміхаецца Сяржук. — Таму будуць арганізоўвацца гурткі і хочацца вось абрады нашыя прэзэнтаваць».

Літаральна цяпер музыка працуе ва Ўкраіне над праектам «Slavalachia».

«Гэта праект трох краінаў: Украіны, ЗША і Беларусі. Ён нарадзіўся два гады таму, калі я быў на гастролях. Потым мы працавалі ў Белавескай пушчы ў Беларусі і ва Ўкраіне. У нас зьявілася ідэя нашы экспэрымэнты, калябарацыі розных музычных напрамкаў і сьветапоглядаў (бо розныя краіны прадстаўлены), тры лініі зафіксаваць, запісаць альбом, зрабіць нейкія канцэрты. Але ўсё гэта не атрымлівалася два гады праз ковідныя і палітычныя праблемы. І вось цяпер наш галоўны мэнэджар Надзея Ількевіч арганізавала нам запіс у студыі ў Тэрнопалі».

Музычную праграму ўдзельнікі праекту прадставяць на фэстывалі «Захід» 27 жніўня. А з 9 па 11 верасьня адбудзецца Slavalachia Fest.

«Літаральна цяпер мы знаходзімся ў Карпатах, у чароўным месцы Гута, дзе мы таксама на рэзыдэнцыі, але цяпер я ўжо як удзельнік, а не арганізатар. У нас рэпэтыцыі кожны дзень, мы запісваем відэа, ходзім у горы, адпачываем і проста жывём».

Сяржук плянуе далей працаваць з аркестрам і падоўжыць рэзыдэнцыю для творцаў на больш доўгі тэрмін. Таксама музыка працягне новы праект «Isna Trio», з якім неўзабаве будуць гастролі ў Вэнгрыі, Славаччыне і Чэхіі.

На пытаньне, як на ўсё хапае сіл і энэргіі, Сяржук адказвае так:

«У мяне проста кантакт з космасам. Я прачынаюся а 7-й раніцы і „бамблю“ праекты. Проста не магу бяз гэтага жыць. Часам няма нават такіх думак: „Так, дзе мне ўзяць гэтай энэргіі і сілы?“. Усё віруе настолькі, што я бяру і раблю няспынна і кожны дзень».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG