Як паведамляе BPN, на пасяджэньні Пастаяннай рады Арганізацыі бясьпекі і супрацы ў Эўропе (АБСЭ) 8 сьнежня Літва заклікала Высокага камісара АБСЭ ў справах нацыянальных мяншыняў пасла Кайрата Абдрахманава надалей дамагацца, каб улады Беларусі выконвалі абавязаньні перад АБСЭ ў забесьпячэньні адукацыі на мовах нацыянальных мяншыняў і аднавілі адукацыю на літоўскай мове, паведамляе МЗС Літвы.
«Літва высока цэніць увагу Высокага камісара да праблемы літоўскіх школ у Беларусі і просіць выкарыстоўваць усе даступныя інструмэнты, каб Беларусь выканала свае абавязаньні перад АБСЭ, забясьпечыўшы адукацыю на мове нацыянальных мяншыняў», — гаворыцца ў паведамленьні.
У часе візыту ў Літву 7–8 лістапада Абдрахманаў наведаў Віленскую гімназію імя Францішка Скарыны, якая дзейнічае з 1994 году. Гэта адзіная ўстанова адукацыі за межамі Беларусі, якая ажыцьцяўляе дзяржаўныя адукацыйныя праграмы на беларускай мове.
У лістападзе Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі прыняла ў першым чытаньні законапраект «Аб зьмене законаў у пытаньнях адукацыі», які ўводзіць права на атрыманьне адукацыі ў Беларусі толькі на дзяржаўных мовах.
Такім чынам дакумэнт узгадняецца з новым Кодэксам аб адукацыі, згодна зь якім з 1 верасьня 2022 года навучаньне ўва ўсіх школах Беларусі павінна весьціся на расейскай ці беларускай мовах.
У верасьні ўлады нібыта з прычыны невыкананьня правілаў пажарнай бясьпекі закрылі літоўскамоўную школу ў вёсцы Пеляса (Воранаўскі раён Горадзенскай вобласьці). Дзяцей перавялі ў іншыя школы. У Пяляскай школе, якая адкрылася ў 1992 годзе, дзеці вучыліся па-літоўску, вывучалі таксама расейскую, беларускую і ангельскую.
Гэта была першая нацыянальная школа ў Беларусі, яе заснавальнікамі выступілі Фонд культуры і Міністэрства асьветы і навукі Літвы (цяпер Міністэрства адукацыі, навукі і спорту). Адукацыйны працэс ішоў паводле вучэбных плянаў і праграмаў Міністэрства адукацыі Беларусі. Літва заклікала Беларусь не парушаць узятыя ў рамках АБСЭ абавязаньні гарантаваць навучаньне на мовах нацыянальных мяншыняў.
Школ зь літоўскай і польскай мовамі навучаньня ў Беларусі ўжо няма
У верасьні ўлады нібыта з прычыны невыкананьня правілаў пажарнай бясьпекі закрылі літоўскамоўную школу ў вёсцы Пеляса (Воранаўскі раён Горадзенскай вобласьці). Дзяцей перавялі ў іншыя школы. У Пяляскай школе, якая адкрылася ў 1992 годзе, дзеці вучыліся на літоўскай мове, вывучалі таксама расейскую, беларускую і ангельскую.
Гэта была першая нацыянальная школа ў Беларусі, яе заснавальнікамі выступілі Фонд культуры і Міністэрства асьветы і навукі Літвы (цяпер Міністэрства адукацыі, навукі і спорту). Школа працавала паводле навучальных плянаў і праграмаў Міністэрства адукацыі Беларусі.
Літва заклікала Беларусь не парушаць узятыя ў рамках Арганізацыі бясьпекі і супрацы ў Эўропе (АБСЭ) абавязаньні гарантаваць нацыянальным меншасьцям права вучыць дзяцей на сваіх мовах.
Спынілася літоўскамоўнае навучаньне і ў школе вёскі Рымдзюны Астравецкага раёну Горадзенскай вобласьці.
Рымдзюнская школа, пабудаваная ў 1996 годзе на літоўскія сродкі, утрымлівалася за кошт Рэспублікі Беларусь, а Пяляскай школе выдзяляла фінансаваньне літоўскае міністэрства адукацыі. У Рымдзюнскай школе — 82 вучні і 18 настаўнікаў, 14 зь якіх зьяўляюцца грамадзянамі Літвы. У Пяляскай школе 127 вучняў і 23 настаўнікі, 11 зь якіх — грамадзяне Літвы.
У красавіку таксама стала вядома, што з гэтага навучальнага году адзіныя ў краіне польскамоўныя школы ў Горадні і Ваўкавыску пераводзяць на расейскую мову.
Да канца гэтага навучальнага году ў краіне працавалі дзьве школы на польскай мове: школа № 36 у Горадні і школа ў Ваўкавыску. У горадзенскай школе было каля 620 вучняў, у ваўкавыскай — прыкладна 250.
Паводле новых дырэктыў Мінадукацыі, у гэтых школах пакінулі па адным уроку польскай мовы і літаратуры на тыдзень, астатнія прадметы зрабілі расейскамоўнымі.
З прыходам да ўлады Аляксандра Лукашэнкі колькасьць школ зь беларускім навучаньнем скарацілася кардынальна, у беларускіх гарадах, за выключэньнем Менску, беларускамоўных школ не засталося.