Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Магілёве выкрылі і арыштавалі маньяка, які чыніў злачынствы 25 гадоў таму. Гэта ня першае падобнае раскрыцьцё


Юры Дзям'янаў
Юры Дзям'янаў

У міліцыі назвалі пэўныя абставіны старых злачынстваў, а журналісты высьветлілі, чаму маньяк спыніўся.

Начальнік галоўнай управы крымінальнага вышуку МУС Беларусі Аляксандар Копішаў расказаў пэўныя падрабязнасьці некаторых злачынстваў, якія зьдзейсьніў магілёўскі маньяк-ліфтэр.

Сэрыйны маньяк-забойца мае на сваім рахунку ахвяр-дзяўчынак ад 12 да 20 гадоў. Сэрыю ўчыненых ім злачынстваў у МУС называюць «сама бязьлітаснай у гісторыі Беларусі». Завуць выкрытага маньяка Юрыем Дзям’янавым.

Злачынствы датуюцца пэрыядам з 1996 па 1999 гады. У гэты час Дзям’янаў учыніў мінімум восем забойстваў у Магілёве, Воршы, Жодзіне і Віцебску.

У адным з выпадкаў яму вельмі пашанцавала. У сакавіку 1999 году Юры Дзям’янаў падпільнаваў адну з ахвяр каля шматпавярховіка на вуліцы Гагарына ў Барысаве. Ён зайшоў у пад’езд усьлед за 15‑гадовай дзяўчынай. Што адбылося ў ліфце, міліцыя не паведамляе, аднак урэшце яны апынуліся на сёмым паверсе.

Маньяк ударыў ахвяры нажом па шыі, але ў той час з суседняй кватэры выйшаў мужчына. Сусед не заўважыў крыві і падумаў, што дзяўчыне, якая ляжала на пляцоўцы, проста стала блага. Ён папрасіў Дзям’янава пабыць побач зь дзяўчынай і пайшоў выклікаць міліцыю. Маньяк скарыстаўся нечаканай удачай і ўцёк.

«У 1999 годзе падазраваны трапляў у поле зроку праваахоўных органаў і праз гэта спалохаўся. У далейшым ён жыў у сваім прыватным доме, працаваў на прадпрыемстве, дзе ў яго не было ніякіх канфліктаў», — адзначыў Копішаў.

Пры гэтым газэта «Наша ніва» сьцьвярджае, што міліцыя не падала ўсёй праўды пра пошук страшнага маньяка. Журналісты з дапамогай BelPol даведаліся, што 53‑гадовы магілёвец Дзям’янаў ня проста «трапляў у поле зроку сілавікоў». У 2001 годзе ён нават атрымаў тэрмін за спробу згвалтаваньня — але толькі за адзін выпадак. Выглядае, што на датычнасьць да забойстваў і іншых згвалтаваньняў яго проста не праверылі, піша выданьне.

Раскрытыя злачынствы мінулага

Апошнім часам беларуская міліцыя стала часта паведамляць пра раскрыцьцё крымінальных спраў, якія даўно заставалдіся неразьвязанымі.

Напрыклад, сёлета ў верасьні міліцыя паведаміла пра раскрыцьцё забойства ў 1995 годзе, калі мянчук забіў былога мужа сваёй жонкі на уліцы Палявой. На месцы здарэньня заўважылі не да канца ўкручаную лямпачку над ліфтам, на якой захаваліся адбіткі пальцаў. Менавіта гэты сьлед праз гады дапамог выйсьці на падазраванага.

Экспэрты выявілі: адбіткі на лямпачцы зьявіліся менавіта ў ноч забойства, што зьняпраўдзіла ранейшыя тлумачэньні падазраванага. Высьветлілася — той хацеў абараніць жанчыну, у якую быў закаханы 10 гадоў. 22 сакавіка 1995 году ён падпільнаваў ахвяру каля пад’езду, распыліў у твар газ зь пярцовага балёнчыка, некалькі разоў ударыў малатком па галаве, а потым перарэзаў горла небясьпечнай брытвай. Падазраванаму на момант арышту было ўжо 66 гадоў.

У жніўні сёлета міліцыянты паведамілі, што ў Віцебску раскрытае рэзананснае злачынства 1999 году. Тады двое маладых мужчынаў забілі 37-гадовага валютчыка і ягоную жонку. Злачынцы вынесьлі золата, валюту з кватэры. Праз 25 гадоў следства ўстанавіла забойцаў.

Целы забітых неўзабаве знайшлі мясцовыя жыхары, што прыйшлі абмяняць валюту. Забойцамі былі два мужчыны, якім на момант арышту было 45 і 47 гадоў адпаведна.

А ў красавіку 2024 году сілавікі адсправаздачыліся пра раскрыцьцё забойства аршанца, учыненага ўлетку 1998 году. Праз чвэрць стагодзьдзя ў Воршы затрымалі дваіх з чатырох падазраваных у забойстве маладога, 26-гадовага мужчыны на рацэ ў Сенненскім раёне, пісала orsha.eu. Высьветлілася, што гэта былі разборкі вакол наркотыкаў. Двое іншых мужчынаў, якія бралі ўдзел у забойстве, на момант раскрыцьця справ ўжо памерлі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG