Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апублікавалі праект закону «Аб асновах грамадзянскай супольнасьці». Пры гэтым больш за тысячу арганізацый зьліквідавалі


Ператрус у закрытай уладамі Беларускай асацыяцыі журналістаў
Ператрус у закрытай уладамі Беларускай асацыяцыі журналістаў

Праект прадугледжвае для выбраных суб’ектаў грамадзянскай супольнасьці ўдзел ва «ўсебеларускім народным сходзе».

Размова ідзе пра найбуйнейшыя грамадзкія і прафсаюзныя абʼяднаньні. Іх пералік апублікуе Міністэрства юстыцыі. Такія палажэньні зьмяшчаюцца ў праекце закону «Аб асновах грамадзянскай супольнасьці».

Ён ужо ўнесены ў Палату прадстаўнікоў і апублікаваны сярод законапраектаў на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

Асобна выдзелены асаблівыя формы ўзаемадзеяньня, сярод якіх згадваецца выбраньне дэлегатаў УНС, правядзеньне розных сустрэч, пляцовак, прыёмаў для выпрацоўкі прапаноў для абмеркаваньня на УНС, удзел у рэалізацыі рашэньняў сходу.

Гэта будзе даступна субʼектам, якія зарэгістраваныя і ажыцьцяўляюць сваю дзейнасьць у парадку, вызначаным заканадаўствам, маюць абласныя, Менскую гарадзкую арганізацыйныя структуры, а таксама зьяўляюцца рэспубліканскімі грамадзкімі абʼяднаньнямі, колькасьць чальцоў якіх складае ня менш як 100 000 грамадзян, або абʼядноўваюць ня менш за палову зарэгістраваных прафэсійных саюзаў.

Пацьвярджаць прыналежнасьць субʼектаў да тых, якія маюць права ўзаемадзейнічаць зь дзяржавай у асаблівай форме, будзе Міністэрства юстыцыі. Яно ж мусіць разьмясьціць іх пералік на сваім сайце.

Такое права фактычна атрымаюць вялікія праўладыя арганізацыі. Незалежны трэці сэктар ужо трэці год знаходзіцца пад жорскім ціскам уладаў: за два гады грамадзкі сэктар Беларусі пазбавіўся ня менш як 1102 некамэрцыйных арганізацый.

У пэрыяд пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і да канца лістапада 2022-га грамадзкі сэктар Беларусі пазбавіўся ня менш як 1102 некамэрцыйных арганізацый (НКА) — аб’яднаньняў, прафсаюзаў, фондаў, недзяржаўных устаноў і асацыяцый, гаворыцца ў новым аглядзе праваабарончай арганізацыі Lawtrend.

Паводле інфармацыі праваабаронцаў, на канец лістапада ня менш за 699 (у кастрычніку — 667) НКА знаходзіліся ў працэсе прымусовай ліквідацыі або былі прымусова выключаныя з адзінага дзяржаўнага рэгістру юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў.

Колькасьць арганізацый, якія прынялі рашэньне аб самастойнай ліквідацыі, таксама рэгулярна павялічваецца і складае на канец лістапада 403 (па выніках верасьня — 374, кастрычніка — 390).

Як і раней, «рашэньне аб самаліквідацыі прымаецца перш за ўсё з прычыны ціску на чальцоў, супрацоўнікаў НКА, неспрыяльнага прававога асяродзьдзя, агульнай грамадзка-палітычнай сытуацыі ў краіне, а таксама часта пад ціскам уладаў на НКА аб прыняцьці адпаведнага рашэньня».

У законе даецца азначэньне грамадзянскай супольнасьці і яе субʼектаў.

Згодна з праектам, «грамадзянская супольнасьць — супольнасьць грамадзян Рэспублікі Беларусь, замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія пастаянна пражываюць у Рэспубліцы Беларусь (далей — грамадзяне), якія выказваюць сваю грамадзянскую пазыцыю праз удзел у грамадзкіх адносінах і інстытутах, не забароненых заканадаўствам».
Субʼектамі грамадзянскай супольнасьці названы «абʼяднаньні грамадзян або юрыдычных асоб на падставе членства, незалежна ад колькаснага, тэрытарыяльнага або іншых цэнзаў, чыя статутная дзейнасьць накіраваная на вырашэньне асноўных задач узаемадзеяньня дзяржаўных органаў (арганізацый) і грамадзянскай супольнасьці».

Названыя таксама задачы ўзаемадзеяньня дзяржавы і грамадзянскай супольнасьці. На першым месцы стаіць забесьпячэньне грамадзянскага (народнага) адзінства. Далей ідзе «забесьпячэньне незалежнасьці, тэрытарыяльнай цэласнасьці Рэспублікі Беларусь і дзяржаўнага сувэрэнітэту».

Да задач таксама аднесеныя:

  • садзейнічаньне далейшаму разьвіцьцю дэмакратычнай сацыяльнай прававой дзяржавы;
  • павышэньне ўцягнутасьці грамадзянскай супольнасьці ў кіраваньне справамі дзяржавы, рэалізацыю дзяржаўнай палітыкі з улікам прыярытэту нацыянальных інтарэсаў;
  • арганізацыя канструктыўнага ўзаемадзеяньня дзяржаўных органаў (арганізацый) і грамадзянскай супольнасьці, накіраванага на ўмацаваньне даверу да інстытутаў дзяржаўнай улады;
  • садзейнічаньне ўлічваньню грамадзкай думкі і законных інтарэсаў грамадзян пры ажыцьцяўленьні дзяржаўнай палітыкі ў мэтах дасягненьня грамадзкага кансэнсусу па ключавых пытаньнях разьвіцьця Рэспублікі Беларусь;
  • павышэньне грамадзянскай самасьвядомасьці, палітычнай культуры і сацыяльнай адказнасьці грамадзян;
  • удзел у духоўна-маральным і патрыятычным выхаваньні грамадзян, якое грунтуецца на культурных і духоўных традыцыях, захаваньні гістарычнай праўды і памяці беларускага народу;
  • умацаваньне адзінай супольнасьці «беларускі народ», выхаваньне павагі да ўсіх нацыянальнасьцяў, рэлігій і культур.

У праекце агаворваецца, што дзейнасьць субʼектаў грамадзянскай супольнасьці «ня можа быць накіравана на ажыцьцяўленьне прапаганды вайны або экстрэмісцкай дзейнасьці».

Ліквідацыя недзяржаўных арганізацый у Беларусі

У красавіку 2021 міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей заявіў, што ў адказ на заходнія санкцыі ў Беларусі можа быць зьнішчана грамадзянская супольнасьць.

«Любое далейшае ўзмацненьне жорсткасьці санкцый прывядзе да таго, што грамадзянская супольнасьць, пра якую яны клапоцяцца, перастане існаваць. І гэта будзе, я лічу, абсалютна абгрунтавана ў дадзенай сытуацыі», — сказаў Макей.

22 ліпеня Аляксандар Лукашэнка заявіў пра зачыстку недзяржаўных арганізацый.

«Так і ўрад, і МЗС пабеглі за „дэмакратыяй“ і пастваралі ў нас (хай Макей ізноў ня прыме на свой рахунак, гэта і да яго яшчэ было, яму гэта ў спадчыну дасталася, трэба цяпер разграбаць), і мы атрымалі пад 2 тысячы на невялікую краіну НДА, НКА, бандытаў і замежных агентаў. Ну і што, дэмакратыю атрымалі?»

«Ідзе зачыстка. Вы думаеце, гэта проста? Там ужо тысячы людзей працуюць, нашых людзей, і ў асноўным з павернутымі, прамытымі за чужыя грошы мазгамі», — сказаў Лукашэнка.

30 ліпеня Лукашэнка заявіў, што «пад выглядам дабрачыннасьці некамэрцыйныя арганізацыі адпрацоўваюць чужую палітычную замову». Ён сказаў, што розных недзяржаўных фондаў, прыватных установаў, праваабарончых арганізацый у Беларусі было паўтары тысячы.

«У выніку праведзеных мерапрыемстваў выдзелена 185 дэструкцыйных структураў, якія нясуць патэнцыйную пагрозу нацыянальнай бясьпецы, у тым ліку прадстаўніцтва замежнай некамэрцыйнай арганізацыі, 71 рэспубліканскае і мясцовае грамадзкае аб’яднаньне, 113 установаў», — сказаў Лукашэнка на нарадзе з чыноўнікамі.

Зь сярэдзіны ліпеня адбываецца масавая ліквідацыя недзяржаўных арганізацыяў па ўсёй краіне. Пад пагрозай існаваньне дзясяткаў асьветніцкіх, праваабарончых, дабрачынных, спажывецкіх, дасьледчых і іншых арганізацыяў. Прадстаўнікоў установаў затрымліваюць, праводзяць у іх дома і ў офісах ператрусы, арыштоўваюць рахункі.

Па стане на канец 2021 году ўлады ліквідавалі як найменей 275 НДА, яшчэ шэраг — у працэсе ліквідацыі ці пад яе пагрозай.

Праз год пасьля пачатку масавага ціску, у ліпені 2022 году, стала вядома, што ўлады ліквідавалі або давялі да самаліквідацыі 857 недзяржаўных арганізацый. А маніторынг Lawtrend на канец 2022 году паказаў, што за два гады грамадзкі сэктар Беларусі пазбавіўся ня менш як 1102 некамэрцыйных арганізацый.

Адной з галоўных падзей стала ліквідацыя незалежных прафсаюзаў у краіне. Лідэрам арганізацый прысудзілі вялікія турэмныя тэрміны.

Сярод зьліквідаваных арганізацый

  • • Human Constanta
  • • Беларуская асацыяцыя журналістаў
  • • Беларускі Хэльсынскі камітэт
  • • Гродна Лайф Медыя
  • • Згуртаваньне беларусаў сьвету «Бацькаўшчына»
  • • Зьвяно
  • • Имена
  • • Мова нанова
  • • Офіс па правах людзей з інваліднасьцю
  • • ПЭН-цэнтар
  • • Прававая ініцыятыва
  • • Саюз беларускіх пісьменьнікаў
  • • Тэрыторыя правоў
  • • Цэнтар прававой трансфармацыі
  • • Экадом
  • Таварыства беларускай мовы
  • Дзіцячыя госьпісы ў Горадні і Віцебску
  • Беларускі прафсаюз работнікаў радыёэлектроннай прамысловасьці (РЭП)
  • Свабодны прафсаюз Беларускі (СПБ)
  • Беларускі незалежны прафсаюз (БНП)
  • Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП)

2024 год. У апублікаваным 7 траўня аглядзе праваабарончай арганізацыі Lawtrend гаворыцца, што за пэрыяд пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і да канца красавіка 2024-га ўлады Беларусі зьліквідавалі ня менш за 1622 некамэрцыйныя арганізацыі. У працэсе прымусовай ліквідацыі знаходзілася ня менш за 1003 НКА, рашэньне аб самастойнай ліквідацыі прынялі сама меней 619.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG