Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейцы пабілі і выкралі двух супрацоўнікаў Запароскай АЭС


Запароская АЭС, жнівень 2022
Запароская АЭС, жнівень 2022

Ва Ўкраіне заявілі, што Расея ўзмацніла рэпрэсіі супраць супрацоўнікаў Запароскай АЭС.

У кампаніі «Енергоатом», якая зьяўляецца апэратарам усіх украінскіх атамных станцый, заявілі аб затрыманьні расейцамі начальніка зьмены Запароскай АЭС Канстанціна Бейнера, якія адказвае за ядзерную і радыяцыйную бясьпеку і мае ліцэнзію.

У паведамленьні адзначаецца, што 8 сьнежня расейскія вайскоўцы ўварваліся ў памяшканьне, дзе знаходзіцца ўпраўленьне сацыяльных праграм, і ў прысутнасьці іншых супрацоўнікаў моцна пабілі начальніка ўпраўленьня Аляксея Трубянкова і ягонага намесьніка Юрыя Андросава.

«Пасьля жорсткага біцьця захопнікі вывелі іх з памяшканьня і вывезьлі ў невядомым кірунку», — паведамілі ў кампаніі.

У кампаніі «Енергоатом» мяркуюць, што такім чынам расейцы спрабуюць дабіцца ляяльнасьці да сябе з боку ўкраінскага пэрсаналу станцыі, а таксама прымусіць іх падпісваць кантракты зь кіроўнай кампаніяй, што належыць расейцам.

З гэтай нагоды кіраўніцтва кампаніі «Енергоатом» зьвярнулася да генэральнага дырэктара МАГАТЭ Рафаэля Гросі і міжнароднай супольнасьці з заклікам дапамагчы вызваліць супрацоўнікаў АЭС з расейскага палону.

Запароская АЭС у пачатку сакавіка была захоплена расейскімі войскамі, але заставалася злучанай з украінскай сыстэмай энэргазабесьпячэньня.

Тэрыторыю станцыі неаднаразова абстрэльвалі, што прыводзіла да спыненьня яе працы. Расея і Ўкраіна абвінавачвалі ў абстрэлах адна адну. МАГАТЭ заклікала Маскву вызваліць тэрыторыю станцыі і вывесьці адтуль войска.

Гэтая станцыя — найбуйнейшая атамная электрастанцыя ў Эўропе. Расейскія войскі захапілі яе неўзабаве пасьля пачатку ўварваньня ва Ўкраіну, у сакавіку 2022 году. У пачатку лістапада паведамлялася, што Запароская АЭС цалкам абясточаная пасьля расейскіх абстрэлаў.

Украіна і МАГАТЭ настойваюць, каб вакол станцыі была створаная дэмілітарызаваная зона, а Расея вывела войскі з тэрыторыі ЗАЭС.

Украінскі бок ацаніў вартасьць зруйнаванай і пашкоджанай маёмасьці і інфраструктуры Запароскай АЭС у 28 мільярдаў грыўняў (700 мільёнаў даляраў у эквіваленце).

У канцы лістапада стала вядома, што з пачатку акупацыі Расеяй Запароскай АЭС расейскія вайскоўцы затрымалі звыш 200 супрацоўнікаў станцыі, дзясяткі зь іх дагэтуль лічацца зьніклымі бязь вестак.

Амэрыканскае выданьне The Wall Street Journal паведамляла, што непадалёк ад станцыі расейцы стварылі падземныя турмы, у якіх яны білі супрацоўнікаў АЭС прыкладамі і палкамі, стралялі ім у ногі і локці, не давалі ежы і прымацоўвалі электроды да вушэй і пальцаў.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG