Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто будзе валадарыць у космасе? Што амэрыканскія вайсковыя экспэрты гавораць пра патэнцыйны касьмічны канфлікт


Запуск спадарожніка, які забясьпечвае камунікацыі амэрыканскага ваенна-марскога флёту, 2015 год
Запуск спадарожніка, які забясьпечвае камунікацыі амэрыканскага ваенна-марскога флёту, 2015 год

Шостага сьнежня амэрыканскі аналітычны цэнтар Атлянтычная рада правёў дыскусію пра новыя пагрозы ў касьмічнай прасторы. На ёй выступілі былы намесьнік Генэральнага штабу ЗША і цяперашні дырэктар праграмы касьмічнай абароны ў амэрыканскім Міністэрстве абароны. Прапануем вашай увазе іх асноўныя тэзісы.

Ад адкрыцьцяў да камэрцыі

Генэрал Джэймс Картрайт, былы намесьнік начальніка Генэральнага штабу і былы начальнік Стратэгічнага камандаваньня Ўзброеных сілаў ЗША:

  • У справаздачы Нацыянальнай рады выведкі ЗША «Глябальныя тэндэнцыі - 2040» выказваецца заклапочанасьць тым, як будуць вызначацца нормы паводзінаў у космасе. Адсутнасьць такіх нормаў можа прывесьці да канфліктных сытуацый.
  • Касьмічная прастора цяпер знаходзіцца ў пераходным стане – ад пэрыяду адкрыцьцяў (чым у Злучаных Штатах у асноўным займалася касьмічнае агенцтва NASA) да камэрцыйнага пэрыяду.
  • Калі я быў начальнікам Стратэгічнага камандаваньня [з 2004 па 2007 год], колькасьць запускаў касьмічных апаратаў за год можна было пералічыць па пальцах адной рукі. Ужо былі камэрцыйныя спадарожнікі, але на той час яшчэ не было маштабнай камэрцыйнай дзейнасьці ў космасе. Але цяпер запускаюцца мэгасузор'і спадарожнікаў, а запускі адбываюцца часьцей, чым раз на тыдзень. NASA паступова перадае дзейнасьць на арбіце вакол Зямлі камэрцыйным арганізацыям.
  • За апошнія месяцы Кітай і Расея праводзілі выпрабаваньні антыспадарожнікавай зброі, а таксама ладзілі так званыя «некінэтычныя» дзеяньні, да прыкладу кібэрактыўнасьць у космасе. Космас ня толькі запаўняецца вялікімі сузорʼямі спадарожнікаў, але і робіцца арэнай спаборніцтва і змаганьня.

Космас — не зусім мора

  • На сёньня бракуе юрыдычнага мэханізму рэгуляваньня дзейнасьці ў космасе. Няма згоды наконт нормаў паводзінаў, бо ідзе спаборніцтва за выгады. На жаль, такія базавыя рэчы, як «права праходу» ці «варожы намер» у космасе на сёньня ня вызначаныя. Мы ня можам проста ўзяць і перанесьці ў космас міжнароднае марское права. Яно можа нам дапамагчы, але гэта ня тое ж самае.
  • Злучаным Штатам трэба працаваць над гэтым разам зь іншымі краінамі. І нам тут давядзецца весьці рэй, бо інакш усё будзе вырашацца ў сакрэце і ў выніку мы атрымаем непрыемныя сюрпрызы.
  • Выкарыстаньне сілы альбо крокі, каб паралізаваць варожую сілу, у юрыдычным сэнсе лічацца ваеннымі дзеяньнямі. І космас у гэтым сэнсе не адрозьніваецца ад іншых сфэраў. Таксама не праводзіцца адрозьненьня ў тым сэнсе, ці выкарыстоўваюцца пры гэтым фізычныя дзеяньні. Таму, калі мы «асьлепім» ці «ўзламаем» нейкую сыстэму, дык гэта лічыцца калі ня актамі ваеннай агрэсіі, дык элемэнтамі вайны. Да таго ж нам таксама трэба разумець, як будуць выглядаць у космасе намеры, калі адбываецца ўзаемадзеяньне бесьпілётных машын.
  • ЗША больш ня маюць выключнай стратэгічнай пазыцыі ў космасе. І нам трэба вырашаць, якім курсам ісьці ў гэтым спаборніцтве.

Космас як ключ для ваеннай стратэгіі

Трэвіс Лэнгстэр, дырэктар праграмы касьмічнай і супрацьракетнай абароны ў Міністэрстве абароны ЗША:

  • Нядаўна была апублікаваная несакрэтная частка нацыянальнай стратэгіі абароны ЗША 2022 году. Яна важная для агульнага разуменьня, бо космас не існуе ў ізаляцыі ад астатняй стратэгіі. Космас адыгрывае вельмі важную ролю ва ўсіх чатырох прыярытэтах гэтай стратэгіі.
  • Гэтыя чатыры прыярытэты – абарона тэрыторыі ЗША, прадухіленьне стратэгічных атак на ЗША і іх саюзьнікаў, стрымліваньне агрэсіі [дзе галоўны прыярытэт на дзеяньні Кітаю ў Інда-Ціхаакіянскім рэгіёне, а потым – на расейскія дзеяньні ў Эўропе], а таксама пабудова ўстойлівай экасыстэмы абʼяднаных сілаў і абароны. Усё яны залежаць ад здольнасьці ЗША дзейнічаць у космасе як у мірны час, гэтак і падчас канфліктаў.
  • Стратэгія абароны грунтуецца на канцэпцыі «інтэграванага стрымліваньня», у якой космас адыгрывае ключавую ролю. Космас зьяўляецца ключам для абʼяднаньня як стратэгічных, так і звычайных сілаў ЗША.
  • Космас – важны элемэнт у стратэгіі ваенных дзеяньняў для ЗША, і праціўнікі Злучаных Штатаў гэта добра ведаюць. І гэта стварае вялікія выклікі: Кітай і Расея спрабуюць пабудаваць патэнцыял, каб разбурыць касьмічныя місіі ЗША.

Галоўны канкурэнт ЗША — Кітай. Потым Расея

  • У 2007 годзе Кітай зьнішчыў стары спадарожнік ракетай, стварыўшы мноства абломкаў, якія на шмат гадоў застануцца на арбіце. Кітай цяпер мае антыспадарожнікавыя ракеты, прызначаныя для цэляў на нізкай каляземнай арбіце [прыблізна да 2 тысяч кілямэтраў]. Паводле ацэнак амэрыканскай выведніцкай супольнасьці, Кітай, падобна, працуе над падобнай сыстэмай, якая зможа даставаць цэлі да адлегласьці геастацыянарнай арбіты [больш за 35 тысяч кілямэтраў].
  • Кітай мае магутны патэнцыял для радыёэлектронных ваенных дзеяньняў, мэта якога – блякаваць спадарожнікавыя камунікацыі, радарныя сыстэмы і GPS-навігацыю. Ён таксама распрацоўвае лазэрную зброю, якая патэнцыйна зможа зьнішчаць элемэнты спадарожнікаў. Кітай таксама запусьціў спадарожнік з экспэрымэнтальнай тэхналёгіяй, якую можна скарыстаць, каб захопліваць іншы спадарожнікі.
  • Расея тым часам застаецца моцнай пагрозай для амэрыканскай касьмічнай структуры. Расея таксама працуе над сыстэмамі супрацьдзеяньня касьмічным абʼектам. Яна распрацоўвае, выпрабоўвае і разьмяшчае цэлы шэраг разбуральнай і неразбуральнай антыкасьмічнай зброі, у тым ліку для перашкод у касьмічнай камунікацыі і для змаганьня ў кібэрпрасторы.
  • Сярод іншага, Расея мае наземныя ракеты, прызначаныя для зьнішчэньня спадарожнікаў, у тым ліку новую антыспадарожнікавую ракету, якую РФ безадказна выпрабавала ў лістападзе 2021 году. Тады ўтварылася звыш 1500 абломкаў. Пры гэтым ЗША ўзялі на сябе абавязаньне не праводзіць разбуральных выпрабаваньняў антыспадарожнікавых ракет.
  • Выглядае, што Кітай спрабуе пабудаваць касьмічную сыстэму на амэрыканскі ўзор. За адзін толькі 2022 год Кітай запусьціў у космас больш за 150 спадарожнікаў, давёўшы іх агульную колькасьць да звыш 650. Сярод іх ёсьць спадарожнікі з самымі сучаснымі тэхналёгіямі сачэньня і выведкі. А гэта значна палепшыць даладнасьць кітайскіх ракетных сыстэмаў.
  • Устойлівасьць у космасе разам з кібэрустойлівасьцю называецца сярод прыярытэтаў у нацыянальнай стратэгіі абароны ЗША. Больш устойлівая касьмічная архітэктура мае зрабіць неэфэктыўнымі патэнцыйныя атакі на амэрыканскую касьмічную сыстэму. Адзін зь першых крокаў у гэтым кірунку – новая сыстэма апавяшчэньня і абароны ад ракетных атак.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG