Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Практычна ня спала ў ШЫЗА, траціла прытомнасьць». Стала вядома, што папярэднічала шпіталізацыі Калесьнікавай


Марыя Калесьнікава
Марыя Калесьнікава

Тэрміновая шпіталізацыя Марыі Калесьнікавай з прабадной язвай і пэрытанітам сталі вынікам жорсткага ўтрыманьня ў ШЫЗА, паведамляе канал Віктара Бабарыкі.

Апошні раз адвакат бачыў палітзьняволеную Марыю Калесьнікаву ў калёніі 17 лістапада. Пазьней зьявілася інфармацыя, што яе зьмясьцілі ў штрафны ізалятар. 29 лістапада стала вядома, што Марыю шпіталізавалі. Сёньня зьявіліся падрабязнасьці таго, што папярэднічала шпіталізацыі Марыі.

«У ШЫЗА было вельмі холадна, Маша практычна ня спала. Каб сагрэцца, яна ўвесь час хадзіла, зрабіла рэкордныя 15 тысяч крокаў у маленькай камэры ў адзін зь дзён. Дэталі Маша расказала бацьку падчас сустрэчы», — паведамляе тэлеграм-канал Віктара Бабарыкі.

Паводле інфармацыі каналу, цягам некалькіх дзён перад шпіталізацыяй Марыя ў ШЫЗА траціла прытомнасьць, у яе былі падвышаны ціск і млоснасьць.

«Яна страціла прытомнасць у душы, падрапаўшы пры падзеньні ногі, — гаворыцца ў паведамленьні. — Лекар з калёніі адзначыў: у ШЫЗА кожную раніцу праводзіцца агляд, дзе зьняволеная можа расказаць, што яе непакоіць. Нібыта ад Марыі не было зваротаў. Пры гэтым у ШЫЗА ёй давалі таблеткі ад ціску, якіх бяз скаргаў на стан здароўя не далі б».

28 лістапада Калесьнікавай вынесьлі чарговае пакараньне — яшчэ 10 дзён ШЫЗА. Адваката не пусьцілі.

«Пасьля абеду ў гэты дзень у яе пачаўся крызіс: да праблемаў зь ціскам, млоснасьцю і прытомнасьцю дадаўся пакутлівы боль у страўніку, Маша літаральна падала. Яе перавялі ў мэдычны стацыянар, а ўвечары брыгада хуткай дапамогі тэрмінова даставіла Марыю ў лякарню».

5 сьнежня Аляксандру Калесьнікаву дазволілі сустрэцца з дачкой у мэдсанчастцы калёніі. Марыя расказала бацьку пра хаду апэрацыі і самаадчуваньне, падзякавала дактарам за выратаваньне жыцьця.

Крыніцы Радыё Свабода паведамлялі, што мэдычнаму пэрсаналу шпіталя забаронена нешта расказваць пад пагрозай крымінальнага перасьледу.

30 лістапада Свабодзе паведамілі, што Марыю Калесьнікаву прывезьлі ў рэанімацыю гомельскага шпіталя ў цяжкім стане.

Раней Свабода паведамляла, што ў шпіталі хуткай дапамогі яе ахоўвалі трое сілавікоў, адзін зь іх з аўтаматам.

Для пацыентаў-вязьняў, якія паступаюць у гомельскі шпіталь хуткай дапамогі, разьмешчаны ў самым цэнтры Гомля ля гарадзкога парку, ёсьць у хірургіі адмысловая палата з кратамі і месцам для канвойных.

  • У верасьні 2020 году каардынатарку штабу Віктара Бабарыкі, удзельніцу Каардынацыйнай рады Марыю Калесьнікаву схапілі сілавікі і спрабавалі прымусова вывезьці ва Ўкраіну. На мяжы яна парвала свой пашпарт, вылезла праз вакно з аўтамабіля і вярнулася на тэрыторыю Беларусі, дзе яе адразу затрымалі. Калесьнікаву судзілі ў закрытым рэжыме разам зь юрыстам Максімам Знакам. Яе прызналі вінаватай паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу і 6 верасьня 2021 году асудзілі на 11 гадоў калёніі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG