Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Так выглядае сьмеласьць!» Як у сацыяльных сетках адрэагавалі на фота Калесьнікавай з бацькам


Марыя Калесьнікава ў палаце сустрэлася з бацькам Аляксандрам. Скрыншот зь відэа праўладных тэлеграм-каналаў, якое, магчыма, было зроблена бязь ведама Калесьнікавых. 5 сьнежня 2022
Марыя Калесьнікава ў палаце сустрэлася з бацькам Аляксандрам. Скрыншот зь відэа праўладных тэлеграм-каналаў, якое, магчыма, было зроблена бязь ведама Калесьнікавых. 5 сьнежня 2022

Пятага сьнежня Аляксандру Калесьнікаву дазволілі ўбачыць дачку і пераканацца, што яна ў парадку. Марыя схуднела, у яе пакуль што мала сілаў, паведамляў тэлеграм-канал Віктара Бабарыкі.

Праз час пасьля спатканьня Марыі з бацькам праўладныя тэлеграм-каналы апублікавалі фатаздымак, які, магчыма, быў зроблены бязь ведама Калесьнікавых.

Фота, на якім відаць, як Аляксандар Калесьнікаў трымае за руку дачку, якая ўсьміхаецца, выклікала бурную рэакцыю ў сацсетках. Інтэрнтэт-карыстальнікі захапляліся сілай Марыі, якая, будучы ў цяжкіх умовах, годна трымаецца і пры гэтым натхняе іншых.

Свабода сабрала некаторыя рэакцыі на фатаздымак Марыі Калесьнікавай, якая знаходзіцца за кратамі з 7 верасьня 2020 году:

Дэмакратычная лідэрка Беларусі Сьвятлана Ціханоўская: «Наша родная Маша, як жа мы радыя бачыць тваю ўсьмешку!
Дзякуй лекарам, якія выратавалі Марыю».

Рэжысэр Аляксей Палуян: «Не зламаць Марыю ніколі! так выглядае сьмеласьць!»

Глыбоцкі краязнавец Кастусь Шыталь: «Нязломная».

Праваслаўная актывістка Натальля Васілевіч: «Маша жывая і шчасьлівая — убачыла тату!»

Дырыгентка хору Concordia Галіна Казіміроўская: «Самае цёплае фота... Трымайся, Маша, і жыві, калі ласка...».

Праваабронца Тацяна Гацура-Яворская: «Убачыўшы фота Марыі Калесьнікавай, якая сьмяецца ў яе сытуацыі, я магу сказаць толькі, што Маша = украінскія СПА. Сёньня можна нанесьці шкоду, нельга ажыцьцявіць свой непаўнацэнны плян. І перамагчы таксама нельга. Захапляюся гэтай неймавернай жанчынай».

Валянтэр Ільля Міронаў: «Сябры, а вось і першая фотка Маші Калеснікавай, сонейка наша».

Журналіст Андрэй Дынько: «Якія нешчасьлівыя, панурыя лукашысты заўсёды на кадрах з Палаца. І як сьвеціцца Марыя Калесьнікава нават у калёніі. Вось што робіць з чалавекам унутраная вера».

Іншыя карыстальнікі сацсетак пішуць у твітэры:

30 лістапада крыніцы Свабоды паведамілі, што Марыю Калесьнікаву прывезьлі ў рэанімацыю гомельскага шпіталя ў цяжкім стане.

Раней Свабода паведамляла, што ў шпіталі хуткай дапамогі яе ахоўвалі трое сілавікоў, адзін зь іх быў з аўтаматам.

Для пацыентаў-вязьняў, якія паступаюць у гомельскі шпіталь хуткай дапамогі, разьмешчаны ў самым цэнтры Гомля ля гарадзкога парку, ёсьць у хірургіі адмысловая палата з кратамі і месцам для канвойных.

У верасьні 2020 году каардынатарку штабу Віктара Бабарыкі, удзельніцу Каардынацыйнай рады Марыю Калесьнікаву схапілі сілавікі і спрабавалі прымусова вывезьці ва Ўкраіну. На мяжы яна парвала свой пашпарт, вылезла праз вакно з аўтамабіля і вярнулася на тэрыторыю Беларусі, дзе яе адразу затрымалі. Калесьнікаву судзілі ў закрытым рэжыме разам зь юрыстам Максімам Знакам. Яе прызналі вінаватай паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу і 6 верасьня 2021 году асудзілі на 11 гадоў калёніі.

Што трэба ведаць пра вырак Марыі Калесьнікавай і Максіму Знаку

Прысуд палізьняволеным Марыі Калесьнікавай і Максіму Знаку вынесьлі 6 верасьня 2021 году. Былых удзельнікаў выбарчага штабу Віктара Бабарыкі і сяброў прэзыдыюму Каардынацыйнай рады судзілі разам за зачыненымі дзьвярыма. Вырак — 11 гадоў калёніі Калесьнікавай і 10 — Знаку. Судзьдзя Сяргей Епіхаў.

Іх прызналі вінаватымі паводле трох артыкулах Крымінальнага кодэксу:

  • змова з мэтай захопу ўлады;
  • заклікі да дзеяньняў, скіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы;
  • стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня альбо кіраўніцтва ім.
Максім Знак і Марыя Калесьнікава ў судзе 6 верасьня 2021
Максім Знак і Марыя Калесьнікава ў судзе 6 верасьня 2021

Працэс заняў 17 паседжаньняў.Віны ніхто з палітвязьняў не прызнаў.
Марыя Калесьнікава і Максім Знак далучыліся да выбарчага штабу Віктара Бабарыкі ў траўні 2020-га — амаль адразу пасьля таго, як той абвясьціў пра сваё рашэньне ўдзельнічаць у выбарчай кампаніі. Абое сталі тварамі кампаніі нароўні з самім Бабарыкам — зьяўляліся на працэдуры падачы дакумэнтаў аб рэгістрацыі ініцыятыўнай групы ў ЦВК, падавалі туды сабраныя Бабарыкам подпісы за вылучэньне, актыўна камэнтавалі ход кампаніі і пляны штабу пасьля затрыманьня самога Бабарыкі.

Пасьля стварэньня аб’яднанага штабу і Максім Знак, і Марыя Калесьнікава працягнулі актыўную дзейнасьць у выбарчай кампаніі Сьвятланы Ціханоўскай. Пасьля стварэньня Каардынацыйнай рады Знак і Калесьнікава ўвайшлі ў яе прэзыдыюм.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG