Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якую спадчыну Вітаўт Кіпель пакінуў Беларусі


Вітаўт Кіпель
Вітаўт Кіпель

Вітаўт Кіпель быў патомным менчуком і ў сілу сваёй інтэлектуальнай моцы заўсёды разумеў і ніколі не сумняваўся ў патрэбе і важнасьці аднаўленьня Старога гораду ў Менску.

Як ён дапамагаў мне пісаць кнігу пра Менск

Стары Менск быў сапраўднай яго жарсьцю. Як і маёй, што, нягледзячы на розьніцу ўзростаў, некалі нас вельмі зблізіла.

І гэта пры тым, што агулам ў Менску ён пражыў толькі каля васьмі гадоў — шэсьць гадоў ад нараджэньня і да арышту і высылкі бацькі, і яшчэ два гады ў акупаваным горадзе, з 1942 па 1944-ы. Але ён пасьпеў убачыць хоць і спаленую, але яшчэ не да канца зьнішчаную забудову Замчышча, Нізкага і Рыбнага рынкаў і Нямігі, пасьпеў пахадзіць па самых вузкіх і прыгожых вуліцах Старога гораду — Дзям’яна Беднага і Калініна.

Падчас працы над кнігай «Невядомы Менск. Гісторыя зьнікненьня» я спэцыяльна езьдзіў у Нью-Ёрк, каб паказаць яму некалькі дзясяткаў падабраных здымкаў, каб разабрацца ў іх датаваньні і ў тым, што дзе і калі дакладна ў Менску было зьнішчана. Гэта было вельмі важна, бо датаваньне здымкаў у архівах Беларусі часта памылковае.

Ён пазнаёміў мяне з двума сваімі сябрамі юнацтва, якія разам зь ім жылі ў Менску ў часы акупацыі — Яўгенам Куліным і Леанідам Шкодам, якія таксама дапамагалі мне з датаваньнем здымкаў.

І я вельмі цешуся, што спадар Вітаўт пасьпеў прачытаць абодва тамы маёй менскай кнігі — ён перагарнуў апошнюю старонку літаральна тры тыдні таму. «Невядомы Менск. Гісторыя зьнікненьня» стала апошняй кнігай, якую ён прачытаў за сваё доўгае жыцьцё.

Што могуць эмігранты і ці трэба дзяліць беларусаў

Агулам жа, калі я думаю пра Вітаўта Кіпеля і пра яго сябра Янку Запрудніка, дык у галаву прыходзяць думкі пра важнасьць для народу і краіны пасіянарыяў, людзей зь вялікай унутранай энэргіяй, з унутраным маторам і з дамінантным пачуцьцём адказнасьці. Такія людзі не сыходзяць з аднойчы абранай дарогі і застаюцца вернымі раз і назаўсёды выбраным каштоўнасьцям.

Кіпель займаўся беларушчынай, рабіў яе і служыў ёй усё сваё доўгае жыцьцё. Гадоў дзесяць назад я з жонкай і Вітаўтам Кіпелем прыехалі ў гасьцінны дом Янкі Запрудніка і Надзеі Кудасавай у гарадку Саўт-Рывэр штату Нью-Джэрзі, каб пагаварыць, сярод іншага, пра таямнічую сьмерць у 1960-я гады ў Францыі беларускага пісьменьніка Ўсевалада Краўчанкі, бацькі маёй жонкі. Янка Запруднік у свой час шмат пісаў пра гэта ў эміграцыйнай газэце «Бацькаўшчына». Было застольле і доўгая, амаль на цэлы дзень гутарка — ніякія іншыя тэмы, апрача беларускай гісторыі і культуры патрыярхаў беларушчыны не займалі. Ім было цікава ўсё, што датычылася Беларусі і яе культуры.

Іх прыклад паказвае, наколькі недарэчна часам гучаць закіды зь Беларусі да эмігрантаў аб тым, што тыя «лезуць» у беларускія справы і беларускую культуру, ня маючы ў прынцыпе на гэта маральнага права, бо зьехалі. Лёс Вітаўта Кіпеля і яго паплечнікаў паказвае, што яны нікуды ня «лезьлі», яны стваралі. Пры поўным разуменьні, што Беларусь — у Беларусі. І тым больш актуальны іх прыклад цяпер, у часы новай эміграцыйнай хвалі.

Наагул, цяперашнім беларусам важна зразумець, што падзелу ніякага быць ня можа. Усе мы беларусы, дзе б ні жылі, і ўсе мы служым Беларусі так, як можам і дзе можам. І часам гэтая служба за межамі Бацькаўшчыны бывае вельмі важнаю, нават вызначальнаю і вырашальнаю.

Пасьля апошняй вайны некалькі сотняў тысяч актыўных беларусаў зьехалі ў эміграцыю. Гэта была магутная хваля. Яны стварылі беларускія школы і гімназіі, беларускія цэнтры і бібліятэкі, заснавалі аўтакефальную праваслаўную і ўніяцкую цэрквы з сваімі біскупамі, пабудавалі праваслаўныя і ўніяцкія храмы па ўсім сьвеце, выдавалі мноства часопісаў і газэт, стварылі цэлую эміграцыйную мастацкую і навуковую літаратуры.

І вось што самае галоўнае. Калі ў 1980-я гады ХХ стагодзьдзя ў Менску пачыналася новая хваля беларускага нацыянальнага адраджэньня, то я, як яе ўдзельнік, магу сказаць, што для нас самым важным было пачуцьцё наяўнасьці за мяжой беларускай эміграцыі зь яе інтэлектуальным даробкам — гэта была неабходная база і заплечча, на якое можна было абаперціся. Незалежніцкую беларускую палітычную і, часткова, культурную традыцыі пранесла і данесла да нас менавіта эміграцыя.

Сьцяг, герб, БНР — сымбалі, якія захавала для Беларусі эміграцыя. У тым ліку і такія волаты, як Вітаўт Кіпель і яго паплечнікі.

Дзякуй вялікі за гэта і нізкі паклон, дарагі спадар Вітаўт! Вечная памяць!

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG