Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці сапраўды Крэмль рыхтуе адхіленьне Лукашэнкі ад улады?


Пуцін і Лукашэнка ў Амурскім рэгіёне. Красавік 2022
Пуцін і Лукашэнка ў Амурскім рэгіёне. Красавік 2022

Раптоўная сьмерць Уладзімера Макея спарадзіла шэраг кансьпіралягічных вэрсіяў пра магчымыя злавесныя намеры Масквы што да Лукашэнкі. Маўляў, гэта «чорная метка» беларускаму ўладару. Наколькі абгрунтаваныя такія здагадкі? 

Сьцісла:

  • Вэрсія пра гвалтоўнае адхіленьне Лукашэнкі ад улады сумнеўная. Бо рэалізацыя гэтага намеру прынясе Крамлю больш праблем, чым выгады.
  • Сыход уладара выклікае ў пэрсаналісцкіх рэжымах палітычны крызіс.
  • Цалкам кантраляваць з Масквы працэс пераходу ўлады ад Лукашэнкі да прамаскоўскага наступніка немагчыма.
  • Убачыўшы вакуўм улады, уступяць у гульню розныя палітычныя сілы.
  • Рызыкі і выдаткі ад адхіленьня Лукашэнкі для Расеі значна большыя, чым дывідэнды.

Варта адзначыць, што розных гіпотэз пра крамлёўскія пляны гвалтоўнага адхіленьня Лукашэнкі ад улады было нямала і раней. Але цяпер для іх зьявілася больш спрыяльная глеба. Вайна Расеі супраць Украіны разбурыла ранейшыя правілы і «чырвоныя лініі». Цяпер усё дазволена.

Адыход Макея толькі падліў алею ў агонь. Бо сьмерць была нечаканай. Улады не абнародавалі мэдычнага заключэньня аб яе прычынах. Тое, што на пахаваньне не прыехаў міністар замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў, таксама ўзмацніла падазрэньні.

Акрамя таго, за дзень да сьмерці Макея зьявіўся артыкул на адным з амэрыканскіх паліталягічных сайтаў (Інстытут Робэрта Лансінга), у якім сьцьвярджаецца, што нібыта «Масква плянуе зьліквідаваць Лукашэнку». Бо, маўляў, ён адмаўляецца ад паўнавартаснага ўдзелу Беларусі ў вайне ва Ўкраіне.

На мой погляд, гэтая вэрсія сумнеўная. Бо рэалізацыя гэтага намеру прынясе Крамлю больш праблем, чым выгады.

Справа ў тым, што фігура Лукашэнкі — гэта галоўны стрыжань, асноўны элемэнт, апорная канструкцыя, якая ўтрымлівае беларускую палітычную сыстэму ў цяперашнім стабільным стане. У рэжыме асабістай улады, які цяпер існуе ў Беларусі, адсутнічаюць легальныя мэханізмы пераходу ўлады ад усемагутнага дыктатара да іншых асобаў ці інстытутаў. І, як правіла, сыход уладара выклікае ў рэжымах падобнага тыпу палітычны крызыс. Бо калі гэты галоўны стрыжань выняць, вялікая імавернасьць таго, што ўся сыстэма абрынецца.

Прычым цалкам кантраляваць з Масквы працэс пераходу ўлады ад Лукашэнкі да прамаскоўскага наступніка немагчыма. Хіба толькі ўчыніць ваенную акупацыю Беларусі. Але гэта можа стварыць шэраг іншых праблем для Расеі (патрэбны дадатковыя войскі, магчымы супраціў з боку беларусаў, нэгатыўныя міжнародныя наступствы і інш.).

А калі сыходу Лукашэнкі не спадарожнічае расейская акупацыя, то ў Беларусі могуць пачацца некантраляваныя працэсы. Беларуская намэнклятура захоча стаць суб’ектам палітыкі, пачнецца барацьба за ўладу і той самы раскол эліты, якога так не хапіла ў 2020-м.

Магчыма, і грамадзтва ажыве. І ў выніку палітычная спружына, якая два гады ўпарта сьціскаецца, раптам можа выпрастацца. Уявім сытуацыю, што ў першы ж вечар, калі зьявіцца інфармацыя, што Лукашэнка сышоў, на вуліцу выйдзе дзясятак бясстрашных людзей зь бел-чырвона-белымі сьцягамі на чале зь Нінай Багінскай. І самае цікавае, што, магчыма, іх ніхто ня будзе чапаць, бо ўсе сілавыя структуры апынуцца ў ступары. Гісторыя з рэакцыяй дзяржаўных мэдыя на сьмерць Макея выразна паказала, што, калі здараецца нестандартная сытуацыя, то адбываецца збой сыстэмы. На другі вечар на вуліцу выходзіць ужо 100 чалавек з БЧБ-сымболікай. А потым можа пачацца працэс, які быў пастаўлены на паўзу два гады таму.

Можна меркаваць, што, убачыўшы вакуўм улады, нейкім чынам уступіць у гульню і Захад.

Плян, накрэсьлены ў артыкуле Інстытуту Робэрта Лансінга, прадугледжвае, што Беларусь узначаліць цяперашні генэральны сакратар АДКБ Станіслаў Зась. Але ж працэс пераходу ўлады трэба неяк легітымізаваць. Калі гаварыць пра нормы Канстытуцыі, то ў выпадку гвалтоўнага зьнікненьня Лукашэнкі ўлада пераходзіць да Савету бясьпекі, а часова выконваць паўнамоцтвы прэзыдэнта павінен старшыня Савету Рэспублікі. Цяпер гэтую пасаду займае Натальля Качанава. І якім бокам тут Зась (ён цяпер не займае ўвогуле ніякай пасады ў Беларусі)?

Зразумела, магчымыя і гвалтоўныя варыянты, напрыклад вайсковая дыктатура, якая адкідвае ў бок Канстытуцыю. Але ў такім разе чаму кіраўнікі сілавых структур павінны саступаць уладу Засю?

У выніку Расея можа атрымаць зусім ня тыя вынікі, якія яна хоча, праводзячы апэрацыю дзеля адхіленьня Лукашэнкі. Адзіны саюзьнік у сытуацыі палітычнага крызісу зь непрагназаванымі наступствамі — гэта зусім ня той сцэнар, які хацеў бы бачыць Крэмль.

І навошта Пуціну такі галаўны боль у момант, калі ён моцна заграз ва ўкраінскім балоце? Бо рызыкі і выдаткі ад адхіленьня Лукашэнкі для Расеі значна большыя, чым дывідэнды. Лукашэнка пры ўсіх ягоных выкрунтасах застаецца надзейным хаўрусьнікам. Хоць бы з той прычыны, што яму няма куды ўцякаць з падводнай лодкі.

Дарэчы, я не выключаю, што пляны, апісаныя на згаданым вышэй сайце, сапраўды існуюць. Але, мяркую, у крамлёўскіх кабінэтах існуе шмат розных плянаў, нават самых экзатычных. Але рэалізуюцца вельмі нямногія зь іх.

І яшчэ адна важная заўвага. Усе мае развагі грунтуюцца на дапушчэньні, што рашэньні ў Крамлі прымаюцца на рацыянальным грунце. З пачаткам вайны ва Ўкраіне высьветлілася, што гэта не заўсёды так.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG