Аналітыкі амэрыканскага Інстытуту вывучэньня вайны (ISW) мяркуюць, што заявы міністра абароны Беларусі Віктара Хрэніна аб нібыта пагрозах з боку NATO зьяўляюцца працягам інфармацыйнай апэрацыі і накіраваныя на тое, каб прымусіць Украіну сьцягнуць на беларускі кірунак яшчэ больш сіл.
У справаздачы экспэрты інстытуту зьвярнулі ўвагу на тое, што расейскія СМІ перафармулявалі выказваньні Віктара Хрэніна такім чынам, каб дадаткова ціснуць на кіраўніцтва Беларусі для падтрыманьня расейскай вайны ва Ўкраіне.
«Расейскія крыніцы, імаверна, сфармулявалі выказваньні Хрэніна як больш распальваючыя, каб падтрымаць інфармацыйную апэрацыю аб уступленьні Беларусі ў вайну, а таксама стварыць больш эскаляцыйныя інфармацыйныя ўмовы, якія могуць аказаць большы ціск на беларускіх афіцыйных асоб з мэтай далейшай падтрымкі расейскай наступальнай кампаніі ва Ўкраіне», — адзначылі аналітыкі Інстытуту вывучэньня вайны.
Міністар абароны Віктар Хрэнін у інтэрвію дзяржаўнаму выданьню «СБ. Беларусь сегодня» абвінаваціў краіны Захаду, у прыватнасьці ЗША і NATO, у падрыхтоўцы да вайны «на ўсходнім кірунку».
«Можна канстатаваць: ідзе падрыхтоўка да вядзеньня ваенных дзеяньняў на ўсходнім кірунку. Мы гэта бачым і робім адпаведныя высновы. „Каляровая рэвалюцыя“ ў Беларусі не ўдалася, але пытаньне з парадку дня ня зьнятае і крывадушная барацьба супраць нас і Расеі працягваецца», — заявіў Віктар Хрэнін.