«Выкарыстаная ацэнка, паводле вонкавых крыніц, адносілася да (ўсіх) стратаў, гэта значыць як забітых, так і параненых, і мела на мэце паказаць жорсткасьць Расеі», — напісала Дана Сьпінант ў Твітэры.
Раней Урзуля фон дэр Ляен у відэароліку, апублікаваным у твітэры Эўракамісіі, паведаміла, што ў выніку расейскага ўварваньня загінулі 100 тысяч украінскіх вайскоўцаў і 20 тысяч мірных жыхароў. Праз пэўны час прэс-служба Эўракамісіі апублікавала новае відэа бязь зьвестак аб стратах.
- Старшыня Аб’яднанага камітэту начальнікаў штабоў ЗША генэрал Марк Мілі заявіў 10 лістапада, што страты Расеі ў вайне складаюць ня менш за 100 тысяч забітымі і параненымі. Паводле Мілі, верагодна, што падобныя страты панесьлі і Ўзброеныя сілы Ўкраіны. Акрамя таго, ён паведаміў, што з пачатку вайны ва Украіне загінулі каля 40 тысяч мірных жыхароў.
- На 27 лістапада ААН пацьвердзіла лічбу 6655 загінулых і 10 368 параненых мірных жыхароў Украіны ў выніку ўварваньня Расеі. Пры гэтым арганізацыя ўвесь час падкрэсьлівае, што рэальная колькасьць загінулых значна большая, бо інфармацыя зь некаторых месцаў, дзе ідуць інтэнсіўныя баі, прыходзіць са спазьненьнем, і многія паведамленьні яшчэ патрабуюць пацьверджаньня.
- Улады Ўкраіны не публікуюць дакладных зьвестак пра страты сярод украінскіх вайскоўцаў. У жніўні ў вайне з Расеяй загінулі каля 9 тысяч украінскіх вайскоўцаў.
- Дарадца кіраўніка Офісу прэзыдэнта Украіны Аляксей Арастовіч 10 чэрвеня заявіў, што, паводле яго ацэнкі, з пачатку баявых дзеяньняў загінулі да 10 тысяч украінскіх вайскоўцаў.
- Перад гэтым прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што ў вайне, распачатай Расеяй ва Ўкраіне, штодня гінуць 60–100 украінскіх вайскоўцаў, яшчэ 500 атрымліваюць раненьні.