Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Збой сыстэмы. Як улады Беларусі адрэагавалі на сьмерць міністра Макея


Скрын з сайту БЕЛТА. Навіна пра сьмерць Уладзімера Макея - у трэцім шэрагу.
Скрын з сайту БЕЛТА. Навіна пра сьмерць Уладзімера Макея - у трэцім шэрагу.

Беларуская палітычная сыстэма даволі спэцыфічна рэагуе на нестандартную падзею, якой стала раптоўная сьмерць высокага чыноўніка ва ўмовах пэрсаналісцкага палітычнага рэжыму. Чаму першай рэакцыяй рэжыму на сьмерць міністра Макея стала маўчаньне?

Сьцісла:

  • Сьмерць Макея ня стала галоўнай навіной на сайтах дзяржаўных СМІ і ў тэленавінах.
  • Дзяржаўныя мэдыя і ўся прапагандысцкая машына заўсёды трапляюць ў ступар, калі здараецца падзея, якая выходзіць за межы нормы.
  • У палітычнай сыстэме, дзе ёсьць толькі адзін палітык, надаваць палітычную вагу іншаму чыноўніку, няхай і памерламу, у большай ступені, чым патрэбна, можа стацца недаравальнай памылкай.
  • У Беларусі часоў Лукашэнкі не было прэцэдэнту сьмерці высокага чыноўніка ў момант знаходжаньня на пасадзе.

Раптоўная сьмерць міністра замежных справаў Беларусі Ўладзімера Макея стала галоўнай палітычнай навіной Беларусі апошніх дзён. Беларускія незалежныя мэдыя надалі ёй вялікую ўвагу. Таксама сьмерць Макея стала падзеяй міжнароднага значэньня. Бо былы міністар быў самым вядомым палітыкам Беларусі пасьля Лукашэнкі.

А вось рэакцыя дзяржаўных уладаў на сьмерць Макея аказалася, скажам так, своеасаблівай. Яна ня стала галоўнай навіной на сайтах дзяржаўных СМІ і ў тэленавінах. На сайце МЗС пра яе не паведамлялі цягам сутак. Дагэтуль не назвалі прычыну сьмерці — толькі «нечакана памёр». Што дало дадатковую падставу для розных кансьпіралягічных вэрсіяў. Не было і звычайнага у такіх выпадках афіцыёзнага нэкралёгу. Прэсавая служба Лукашэнкі коратка паведаміла, што той выказаў спачуваньне сям’і памерлага.

Усё гэта можна ацаніць як збой сыстэмы. Так яна рэагуе на нестандартную падзею, якой стала сьмерць высокага чыноўніка ва ўмовах пэрсаналісцкага палітычнага рэжыму.

Тут варта адзначыць, што дзяржаўныя мэдыя і ўся прапагандысцкая машына заўсёды трапляюць у ступар, калі здараецца падзея, якая выходзіць за межы нормы. Бо яны прызвычаіліся працаваць паводле жорсткіх інструкцыяў, стандартаў, указаньняў зьверху. Іх свабода моцна абмежаваная. І калі няма дакладнага тлумачэньня ад начальства, як асьвятляць тую ці іншую нечаканую падзею, то рэдактары звычайна лічаць за лепшае прамаўчаць, каб ня «сесьці ў лужыну». Таму дзяржаўныя мэдыя заўсёды спазьняюцца ў крызысных сытуацыях.

Напрыклад, першыя дні пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году, калі народ апанаваў вуліцу, БТ рабіла выгляд, што нічога надзвычайнага не адбываецца. Ці сьвяжэйшы выпадак: беларускія дзяржаўныя мэдыя амаль не адрэагавалі на вызваленьне Херсону.

Але сьмерць высокага чыноўніка — больш тонкая сытуацыя. У палітычнай сыстэме, дзе ёсьць толькі адзін палітык, усе іншыя кіраўнікі зьяўляюцца толькі інструмэнтам, сродкам для рэалізацыі ягонай волі. І надаваць палітычную вагу аднаму чыноўніку, няхай і памерламу, у большай ступені, чым патрэбна, — гэта можа стацца грахом, недаравальнай памылкай. А праблема якраз у тым, што гэтую ступень ніхто дакладна ня ведае, пакуль яе не вызначыць сам Лукашэнка. А ён, мяркуючы па ўсім, сам доўга вырашаў, як на гэта рэагаваць.

Рэч яшчэ і ў тым, што ў Беларусі часоў Лукашэнкі не было прэцэдэнту сьмерці высокага чыноўніка ў момант знаходжаньня на пасадзе. Можна ўзгадаць хіба што сыход з жыцьця кіраўніка Горадзенскай вобласьці Аляксандра Дубко у далёкім 2001 годзе. Тады на разьвітаньне ў Горадню прыехаў сам Лукашэнка. А потым, амаль празь пяць месяцаў, прысвоіў яму званьне Героя Беларусі пасьмяротна. Але тое было даўно, калі рэжым асабістай улады Лукашэнкі яшчэ толькі фармаваўся.

А цяпер Лукашэнка паўстаў перад дылемай. З аднаго боку, найвышэйшая намэнклятура — ягоная апора. Што яскрава выявілася ў крытычныя дні 2020 году. Таму варта было б паставіцца з пэўнай пашанай, асабліва пасьмяротнай, да людзей, якія выказалі яму сваю асабістую адданасьць. Каб усе бачылі, што ляяльнасьць узнагароджваецца. Таму пасьля адпаведнай «адмашкі», у панядзелак, праз два дні пасьля сьмерці, БЕЛТА ўсё ж пачала друкаваць спачуваньні ад асноўных дзяржаўных установаў і ведамстваў. Прызначана афіцыйная цырымонія разьвітаньня.

Зь іншага боку, важна не перабраць у пераліку заслугаў чыноўніка. Каб не засланіць вобраз Адзінага і Галоўнага палітыка, нязьменнага і незаменнага. Бо ў такой сыстэме няма і ня можа быць фігуры № 2 у палітычнай ярархіі.
Таму мы і бачым такую асьцярожную, супярэчлівую лінію ў асьвятленьні сьмерці былога міністра замежных справаў.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG