Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ціханоўская сустрэлася зь міністрам замежных спраў Румыніі. Абмяркоўваліся стыпэндыяльныя праграмы для беларускіх студэнтаў

абноўлена

Сьвятлана Ціханоўская
Сьвятлана Ціханоўская

На запрашэньне міністра замежных спраў Румыніі Богдана Аўрэску 27–29 лістапада Сьвятлана Ціханоўская знаходзіцца ў гэтай краіне з афіцыйным візытам.

На сустрэчы з Богданам Аўрэску Сьвятлана Ціханоўская падзякавала за падтрымку беларускай грамадзянскай супольнасьці.

«Румынія падтрымала грамадзянскіх актывістаў, незалежныя мэдыя, у тым ліку фінансава. Раней, у 2021 годзе, Румынія падтрымала беларускіх праваабаронцаў і Міжнародную плятформу адказнасьці для Беларусі, створаную дзеля збору доказаў парушэньняў правоў чалавека, выдзеліла 100 стыпэндый для беларускіх студэнтаў, была адным з ініцыятараў „Маскоўскага мэханізму“ АБСЭ і адклікала пасла зь Менску», — адзначыў дарадца Ціханоўскай у пытаньнях замежнай палітыкі Франак Вячорка, якога цытуе BPN.

Бакі дамовіліся, што ў 2023 годзе пачнецца рэалізацыя «стыпэндыяльнай праграмы для беларусаў». Будзе разгледжана магчымасьць арганізацыі кароткатэрміновых курсаў у галіне дыпляматыі і публічнага адміністраваньня, «каб людзі маглі працаваць у дэмакратычных сілах, а потым — у новай Беларусі».

«Гаварылі пра тое, каб трымаць пытаньне Беларусі ў фокусе ўвагі на міжнароднай арэне, увесьці санкцыі супраць асобных катэгорый грамадзян, у тым ліку прапагандыстаў і памагатых расейскіх агрэсараў», — паведаміў дарадца Ціханоўскай.

Богдан Аўрэску адзначыў, што Румынія пералічыла 275 тысяч эўра ў Эўрапейскі фонд за дэмакратыю, 35 тысяч эўра — на падтрымку Міжнароднай плятформы адказнасьці для Беларусі, а таксама сродкі для стыпэндый беларускім студэнтам, якія цярпяць ад рэжыму.

«Я заклікала падтрымаць стварэньне міжнароднага трыбуналу для Пуціна і Лукашэнкі. Кожнае злачынства павінна быць зафіксавана і расьсьледавана — як злачынствы супраць чалавецтва ў Беларусі, так і ваенныя злачынствы ва Ўкраіне», — сказала Ціханоўская па выніках сустрэчы.

У першы дзень візыту Ціханоўская наведала месца, дзе ў сьнежні 1989 году румынскі камуністычны дыктатар Нікалае Чаўшэску выступіў са сваёй апошняй прамовай і быў асьвістаны. Яна ўсклала кветкі да помніку ахвярам румынскай рэвалюцыі.

«Шмат размоў было пра Чаўшэску, Лукашэнку, іх падабенства. Для румынскага народу гісторыя Беларусі вельмі блізкая, таму яны глядзяць на яе, як на сябе, на тое, што яны праходзілі ў 1989 годзе», — адзначыў Франак Вячорка.

28 лістапада Ціханоўская сустрэнецца з прэм’ер-міністрам Румыніі Нікалае Чукэ, дэпутатамі парлямэнту, прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасьці, інтэлігенцыі, выступіць у Бухарэсцкім унівэрсытэце. Заплянаваны яе ўдзел у сустрэчы кіраўнікоў замежнапалітычных ведамстваў краін NATO, якая пройдзе ў Бухарэсьце 29–30 лістапада як частка Сустрэчы мюнхэнскіх лідэраў, звужанага фармату Мюнхэнскай канфэрэнцыі ў бясьпецы (28–30 лістапада). На гэтае мерапрыемства Ціханоўскую таксама запрасілі, паведаміў Вячорка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG