Казахам забаранілі мяняць франшызу, «Макдональдс» застаецца, піша «Наша Ніва».
Таксама працягвае працу сайт «McDonald’s Беларусь».
Раней была інфармацыя, што рэстараны McDonald’s спыняць працу ў Беларусі а 18:00 21 лістапада, а з 22 лістапада адкрыюцца пад брэндам сеткі «Вкусно — и точка» расейскага прадпрымальніка Аляксандра Говара, які выкупіў амэрыканскія рэстараны ў Расеі і цяпер пашыраецца на Беларусь.
Аднак у дзень анансаванага закрыцьця McDonald’s працягнуў працу. Таксама на некаторыя рэстараны вярнулі шыльды, якія зьнялі некалькі дзён таму.
Пазьней выданьне Zerkalo з спасылкай на ананімнага супрацоўніка рэстарану паведаміла, што сетка працавацьме ў штатным рэжыме яшчэ некалькі тыдняў. Супрацоўнік мяркуе, што захаваньне рэстарану можа быць зьвязана зь нежаданьнем казахстанскага ўладальніка франшызы пакідаць беларускі рынак. Яшчэ адна вэрсія — кіраўніцтва магло вырашыць праблемы з пастаўкамі, якія, магчыма, сталі прычынай рашэньня перайсьці пад расейскі брэнд.
McDonald’s пакінуў расейскі рынак у траўні 2022 году на фоне вайны ва Ўкраіне. А нядаўна абвясьціў, што пакідае і Беларусь. Афіцыйнай аб’яве аб сыходзе McDonald’s зь Беларусі папярэднічала зьнікненьне некаторых страваў з мэню, якое тлумачылі праблемамі з пастаўкамі.
На сваёй нарадзе Аляксандар Лукашэнка заявіў пра «разрэзаную булачку», якую могуць зрабіць і беларускія вытворцы. Аднак 22 лістапада рэстараны адкрыліся зноў пад старой назвай.