Паводле яго, апошнім часам у СМІ абмяркоўваюць, што «калі Расея пераможа, АДКБ будзе жыць, калі, крый Божа, не пераможа, АДКБ існаваць ня будзе». «І ў нашых краінах таксама многія гарачыя галовы пачалі абмяркоўваць гэтую праблему», — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба.
«Адчуваю, што мы прыйшлі да адзінай думкі, што калі, крый Божа, абрынецца Расея, то пад гэтымі абломкамі наша месца», — заявіў ён.
Але Лукашэнка ня верыць у развал блёку. Ён заклікаў кіраўнікоў краін – сяброў арганізацыі да адзінства. Прычым адзінства ён лічыць найбольш патрэбным Кіргізстану, Таджыкістану і Казахстану, а Беларусь і так зможа салідарызавацца з Расеяй.
«Таму мы ня толькі адзін аднаго павінны абараняць, але разумець: „Расея, Расея, галоўная яе роля...“ Дык вось не павінна нават быць такіх размоў. Мы не зьбіраемся з вайскова-палітычнай арэны сыходзіць. АДКБ будзе існаваць, і ніхто нідзе не абрынецца. Але адзінства нам трэба».
Паводле Лукашэнкі, Беларусь «прыкладзе максымум намаганьняў», каб яе ініцыятывы і прапановы «садзейнічалі далейшаму разьвіцьцю арганізацыі, павышэньню эфэктыўнасьці ўсіх яе мэханізмаў, а таксама пайшлі на карысьць дзяржавам-членам».
Напярэдадні і падчас саміту АДКБ у Ерэване прайшлі акцыі пратэсту супраць вайскова-палітычнага блёку. На плякатах былі партрэты Пуціна і Лукашэнкі са словамі «пэрсона нон грата».
Саміт пацьвердзіў рост скепсісу Армэніі ў дачыненьні іншых сяброў АДКБ. Прэм’ер-міністар краіны Нікол Пашыньян на саміце адмовіўся падпісваць праекты дэклярацыі Рады калектыўнай бясьпекі АДКБ і дакумэнту аб сумесных мерах па аказаньні дапамогі Армэніі. Улады Армэніі сьцьвярджаюць, што ў выніку ўзброеных сутыкненьняў у верасьні на мяжы Армэніі і Азэрбайджану азэрбайджанскія вайскоўцы занялі частку армянскай сувэрэннай тэрыторыі. У Баку гэта адмаўляюць, указваючы на тое, што межы паміж краінамі не дэмаркаваныя.
Пашыньян заклікаў арганізацыю даць палітычную ацэнку дзеяньняў Азэрбайджану супраць Армэніі, якія ён лічыць агрэсіяй. Паводле яго, саюзьнікі павінны дабівацца ад Азэрбайджану вываду войскаў з занятай імі часткі тэрыторыі Армэніі, іншае «можа азначаць адмову АДКБ ад саюзьніцкіх абавязаньняў». Пры гэтым Пашыньян падкрэсьліў, што ня просіць у АДКБ вайсковай дапамогі.