Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крызіс АДКБ: адны прычыны рэальныя, другія — прыдуманыя


Міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей (зьлева) і міністар абароны Віктар Хрэнін на саміце АДКБ у Армэніі
Міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей (зьлева) і міністар абароны Віктар Хрэнін на саміце АДКБ у Армэніі

У пазыцыі афіцыйнага Менску адносна АДКБ ёсьць прыкметныя супярэчнасьці. І з часам яны ўсё больш выяўляюцца.

Пра тое, што АДКБ перажывае крызісныя моманты, у Ерэване першым сказаў кіраўнік МЗС Уладзімер Макей. Прычым адной з прыкметаў крызісу ён назваў тое, што чальцы АДКБ не падтрымалі Беларусь у яе канфлікце з Захадам.

А потым падчас саміту АДКБ Лукашэнка быў вымушаны прызнаць, што з гэтай арганізацыяй нешта ня так. «Невыпадкова сёлета мы правялі чатыры сустрэчы — як у фармаце відэаканфэрэнцыі, так і вочна. І пакуль падстаў для аптымізму, на жаль, у нас няшмат», — заявіў ён.

Аднак у пазыцыі афіцыйнага Менску адносна АДКБ ёсьць прыкметныя супярэчнасьці.

Вось Макей папракае саюзьнікаў у тым, што Беларусь не падтрымліваюць. Лукашэнка кажа: «Нам жыцьцёва важна ўмацоўваць згуртаванасьць і салідарнасьць унутры АДКБ, часьцей зьвяртацца да дапамогі адно аднаго і не шукаць яе на баку».

Гучыць вельмі ўзьнёсла і, на першы погляд, лягічна. Аднак возьмем кейс азэрбайджана-армянскага канфлікту. З выступу Лукашэнкі відаць, што прэм’ер Армэніі Нікол Пашыньян не задаволены тым, што АДКБ не прыйшла армянам на дапамогу: «Мы не ў баку. Мы ня так, як сказаў тут Нікол Ваваевіч, што АДКБ не ўтрымала Азэрбайджан ад агрэсіі. Ня нашая справа кагосьці ўтрымліваць».

Тады ўзьнікае лягічнае пытаньне: навошта існуе АДКБ, калі не для таго, каб падтрымліваць сваіх чальцоў? І ці дарэчы ў такім разе выказваць прэтэнзіі ў адрас іншых сяброў арганізацыі, што яны не падтрымліваюць Беларусь?

Другая праблема больш важная. Чым Лукашэнка тлумачыць крызісныя зьявы ў дзейнасьці АДКБ? Вельмі простай прычынай: інтрыгамі, злавеснымі дзеяньнямі Захаду. Ён кажа: «Мы аб гэтым неаднаразова гаварылі, што грамадзтвы ўнутры нашых краін спрабуюць разгойдваць — якраз па пэрымэтры Расейскай Фэдэрацыі. Спачатку палыхнула Ўкраіна, у 2020 годзе спрабавалі разбурыць Беларусь. Мы праз гэта прайшлі, беларусы. У студзені сёлета — Казахстан (добра, што там кіраўніцтва Казахстана справілася з гэтым канфліктам). Канфлікт Армэніі і Азэрбайджану».

То бок усе праблемы і канфлікты на постсавецкай прасторы Лукашэнка тлумачыць умяшаньнем Захаду. Інакш кажучы, той прапагандысцкі наратыў, прымітыўную кансьпіралёгію, якую прасоўваюць беларускія і расейскія тэлеканалы, ён імкнецца перавесьці ў рэальную палітыку і на на ёй грунтаваць нейкія дзеяньні. Гэта вельмі дзіўна. Лукашэнка імкнецца навязаць паралельную карціну сьвету іншым лідэрам АДКБ. І вельмі зьдзіўляецца, чаму яны не рэагуюць. Працяглае жыцьцё ва ўласным ілюзорным сьвеце накладае свой адбітак на сьвядомасьць. І ён пачынае блытаць прапаганду і рэальную палітыку.

Лукашэнка ня хоча зразумець, што крызіс АДКБ ёсьць найперш вынікам імпэрскай палітыкі Расеі, якая пралічылася з Украінай, у выніку чаго становіцца крыніцай праблем для іншых чальцоў гэтай арганізацыі.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG