Гэтыя захады адбываюцца сумесна з Нацыянальнай паліцыяй і Нацыянальнай гвардыяй у рамках сыстэмнай працы СБУ ў супрацьдзеяньні выбуховай дзейнасьці расейскіх спэцслужбаў ва Ўкраіне. У прыватнасьці, улічваючы ўзброеную агрэсію Расеі, узрастае рызыка зьдзяйсненьня тэрарыстычных актаў, дывэрсій, захопу закладнікаў, асабліва ў месцах вялікай колькасьці грамадзян», — гаворыцца ў паведамленьні.
У СБУ дадалі, што мэтай захадаў зьяўляюцца:
- недапушчэньне выкарыстаньня Ляўры як ячэйкі «русского мира»;
- праверка даных аб выкарыстаньні памяшканьняў УПЦ для ўкрывальніцтва дывэрсійна-выведвальных груп, замежных грамадзян, захоўваньня зброі і да т.п.;
- засьцераганьне насельніцтва ад правакацый і тэрарыстычных актаў.
«Пры непасрэдным удзеле прадстаўнікоў царквы праваахоўнікі праводзяць агляд тэрыторыі і памяшканьняў Ляўры з мэтай выяўленьня забароненых для абарачэньня прадметаў; ажыцьцяўляюць праверку асоб на тэрыторыі Ляўры з нагоды іх датычнасьці да супрацьпраўнай дзейнасьці на шкоду дзяржаўнаму сувэрэнітэту Ўкраіны», — гаворыцца ў паведамленьні.
У Службе бясьпекі падкрэсьлілі, што ўсе дзеяньні адбываюцца ў межах дзейнага заканадаўства.
Камэнтароў прадстаўнікоў Кіева-Пячэрскай ляўры, а таксама Ўкраінскай праваслаўнай царквы (Маскоўскага патрыярхату), якой належыць Ляўра, наконт гэтага пакуль няма.
На мінулым тыдні Служба бясьпекі Ўкраіны паведаміла, што пачала крымінальнае вядзеньне па факце інцыдэнту, які адбыўся 12 лістапада ў адным з храмаў Нацыянальнага запаведніку «Кіева-Пячэрская ляўра». Тады падчас набажэнства ў храме гучалі тэзісы прапагандысцкага характару, якія ўсхваляюць «русский мир», паведаміла прэсслужба СБУ.
«Сьледзтва ажыцьцяўляецца паводле ч.1 арт. 436-2 Крымінальнага кодэксу Украіны (апраўданьне, прызнаньне правамернай, адмаўленьне ўзброенай агрэсіі Расейскай Фэдэрацыі супраць Украіны, глярыфікацыя яе ўдзельнікаў). Цяпер усе матэрыялы накіраваныя на правядзеньне адпаведных экспэртыз», — гаварылася ў паведамленьні.
Перад тым сьвятар ПЦУ Міхаіл Емяльян апублікаваў відэа, на якім нібыта падчас набажэнства ў Кіева-Пячэрскай ляўры сьпявалі песьню з наступнымі словамі: «Звон плыве, плыве над Расеяй, абуджаецца матухна-Русь»...
Паводле яго, відэа ён атрымаў ад выпускніка КПБА, які зайшоў зь сябрамі ў храм Усіх сьвятых пячэрскіх у Ляўры. Намесьнік Кіева-Пячэрскай ляўры мітрапаліт Павел прызнаў, што на адным з малебнаў прыхаджане сьпявалі песьню пра Расею. Як гаворыцца ў яго відэазвароце, гэта сьвецкая песьня. Паведамляецца, што айцу Захарыю, які служыў у гэты час, забаранілі цяпер адпраўляць літургіі. Сытуацыю маюць вывучыць на Саборы УПЦ.
Удакладняецца, што агляд памяшканьняў і праверка асоб, якія знаходзяцца на тэрыторыі Лаўры, праводзіцца пры ўдзеле прадстаўнікоў УПЦ МП.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.