Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна падвышае цану транзыту расейскай нафты


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

З наступнага году Ўкраіна падвышае цану транзыту расейскай нафты па трубаправодзе «Дружба», паведаміла агенцтва Bloomberg са спасылкай на ліст ад кампаніі «Укртранснафта» кіраўніцтву расейскай кампаніі «Транснефть».

Паводле зьвестак Bloomberg, цана транспартаваньня нафты з Расеі ў Вугоршчыну і Славаччыну з 1 студзеня 2023 года павялічыцца з 11.5 да 13.6 эўра за тону сыравіны.

Улады Ўкраіны тлумачаць гэтае рашэньне масіраванымі ракетнымі абстрэламі сваёй тэрыторыі з боку Расеі, якія прывялі да недахопу паліва, значнага дэфіцыту электраэнэргіі і, у выніку, да павышэньня яе цаны. Акрамя таго, паводле генэральнага дырэктара «Укртранснафты» Уладзіміра Цапенды, рэзка ўзрасьлі выдаткі на арганізацыю абароны аб’ектаў кампаніі і гарантаваньне бясьпечных умоваў працы яе пэрсаналу.

Афіцыйны прадстаўнік расейскай кампаніі «Транснефть» Ігар Дзёмін пацьвердзіў атрыманьне ліста ад «Укртранснафты». Паводле яго, расейская кампанія вывучае прапанову і «рыхтуе адпаведны зварот ва ўрадавыя структуры».

Нафтаправод «Дружба», пабудаваны ў 1960-х гадах, быў прызначаны для пастаўкі сырой нафты з Уралу ў краіны тагачаснай Рады эканамічнай узаемадапамогі: Вугоршчыну, Чэхаславаччыну, Польшчу і Ўсходнюю Нямеччыну. Цяпер ён праходзіць з Расеі праз тэрыторыю Ўкраіны і забясьпечвае нафтай Вугоршчыну, Чэхію, Славаччыну і Нямеччыну.

6 кастрычніка Эўразьвяз зацьвердзіў восьмы пакет эканамічных санкцый супраць Расеі. У яго, у прыватнасьці, уваходзіць забарона на транспартаваньне расейскай нафты, набытай вышэй за ўстаноўленую ЭЗ столь цэнаў. Аднак гэта тычыцца толькі нафты, якая перавозіцца танкерамі, а не праз трубаправоды.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG