Абодва бакі судовага працэсу выказалі нязгоду з прысудам. Адвакатка асуджанага заявіла, што яе падабаронны «выконваў свой абавязак, абараняў вайсковую частку», таму, на яе думку, «яго павінны апраўдаць». Адвакат пацярпелага боку, як перадае казаская служба Радыё Свабода, заявіў, што справу павінны былі разглядаць «не па факце перавышэньня ўлады, а замаху на забойства».
Па выніках мінулага паседжаньня суду, якое адбылося 11 лістапада ў выязным фармаце на месцы гібелі Ярназара Кырыкбаева, адвакат пацярпелага боку Кадыр Бэрдэн заявіў, што, хоць паводле ранейшых паказаньняў падсуднага, пастух скакаў проста на вайсковую частку, таму ён «вымушаны быў страляць», але 11 лістапада начальнік мэдычнай службы вайсковай часткі паказаў, дзе пасьля стрэляніны знаходзіліся цела загінулага і труп каня.
Суд над Маркам Злунявым пачаўся сёлета 20 кастрычніка. Да пачатку судовага працэсу вайсковец утрымліваўся ў СІЗА.
Пра інцыдэнт, які адбыўся непадалёк ад вайсковай часткі на ўскраіне Талдыкаргана, стала вядома ў пачатку лютага. Раніцай 5 студзеня Ярназар Кырыкбаеў выйшаў з дому, каб наглядаць за статкам, які пасьвіўся паблізу вайсковай часткі на ўскраіне Талдыкаргану, і зьнік; знік таксама конь, на якім ехаў пастух.
Пра тое, што Кырыкбаева без прычыны забілі вайскоўцы, калі пастух проста праяжджаў каля часткі па дарозе, журналісты паведамлялі яшчэ раней, аднак падрабязнасьці гэтай гісторыі да гэтага часу не былі вядомыя. Рэпартэрам казаскай службы Радыё Свабода ўдалося паразмаўляць з роднымі забітага.
Ярназару Кырыкбаеву было 24 гады. Ён ня ўдзельнічаў у акцыях пратэсту ці беспарадках, якія 3 студзеня пачаліся ў Талдыкаргане: яго родныя кажуць, што бацька траіх дзяцей «стараўся трымацца далей ад непрыемнасьцяў», бо сям’я чакала чацьвёртае дзіця. У першы дзень пратэстаў у Талдыкаргане паліцыя разагнала каля дзясятка актывістаў, якія сабраліся ў цэнтры гораду. Потым на той жа галоўнай плошчы зьнеслі помнік былому прэзыдэнту Казахстану Нурсултану Назарбаеву. Пратэсты і мітынгі працягваліся да вечара 6 студзеня.
Ярназар Кырыкбаеў — не адзіны, хто трапіў пад кулі сілавікоў пасьля пачатку пратэстаў у Талдыкаргане.
Каля васьмі вечара 7 студзеня вайскоўцы стралялі па машыне, у якой ехалі сужэнцы Кайрат і Лаура Нургаліевы і іх сябар Андрэй Карпіленка. Нургаліеў і Карпіленка загінулі на месцы, а Лаура атрымала два раненьні, але выжыла. У афіцыйным адказе Паўднёвага рэгіянальнага ваенна-сьледчага ўпраўленьня МУС Казахстану гаворыцца, што Кайрат Нургаліеў і Андрэй Карпіленка былі застрэленыя вайскоўцамі в/ч 18404. У іх дзеяньнях угледзелі парушэньне артыкулу 451, частка 2, пункт 1, Крымінальнага кодэксу Казахстану — «Перавышэньне ўлады».
Празь дзень, 8 студзеня, у Талдыкаргане загінула сямʼя з трох чалавек. Муж і жонка Нурбалат Сэйткулаў і Алтынай Ятаева і іх 15-гадовая дачка Нурай таксама ехалі ў машыне, па якой адкрылі агонь вайскоўцы. Усе трое загінулі. У афіцыйным адказе Паўднёвага рэгіянальнага ваенна-сьледчага ўпраўленьня МУС сваякам загінулых таксама гаворыцца, што дзеяньні вайскоўцаў носяць злачынны характар.
Усяго, паводле афіцыйных зьвестак уладаў Казахстану, у студзеньскіх падзеях загінулі ня менш як 227 чалавек (19 з іх — супрацоўнікі сілавых структураў).
- Міжнародныя арганізацыі раней асудзілі прымяненьне ўладамі Казахстану сілы ў час студзеньскіх падзеяў. У рэзалюцыі, прынятай у студзені, Эўрапарлямэнт асудзіў масавыя акты гвалту, якія адбыліся сьледам за мірнымі пратэстамі, і заклікаў Нур-Султан устрымацца ад занадта шырокага прымяненьня абвінавачаньняў у «тэрарызьме», не перасьледаваць грамадзянаў і грамадзкія арганізацыі і спыніць адвольныя затрыманьні і катаваньні.
- Прэзыдэнт Такаеў у адказ на гэта заявіў, што ня лічыць неабходным правядзеньне міжнароднага расьсьледаваньня студзеньскіх падзеяў у Казахстане, у тым ліку прымяненьне зброі вайскоўцамі. «Справімся самі, у нас ёсьць людзі сумленныя, абʼектыўныя», — заявіў ён.