Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскі вайсковец, які ваяваў у Бучы, уцёк у Гішпанію і заявіў пра гатоўнасьць сьведчыць аб ваенных злачынствах Расеі


Целы забітых у Бучы, красавік 2022
Целы забітых у Бучы, красавік 2022

«Гэта злачынная вайна, якую разьвязала Расея. Я хачу зрабіць усё, што ад мяне залежыць, каб яе спыніць», — кажа былы расейскі салдат Мікіта Чыбрын.

Брытанская газэта Guardian расказвае гісторыю расейскага вайскоўца, які быў накіраваны на вайну ва Ўкраіну, але здолеў уцячы і папрасіў прытулку ў Гішпаніі.

Па словах 27-гадовага Мікіты Чыбрына, больш за чатыры месяцы ён правёў ва Ўкраіне ў складзе 64-й асобнай гвардзейскай мотастралковай брыгады — таго самага падразьдзяленьня, якое абвінавачваецца ў ваенных злачынствах, учыненых пад Кіевам у сакавіку гэтага году.

У тэлефоннай размове з карэспандэнтам выданьня ён заявіў, што ня мае дачыненьня да ваенных злачынстваў, у якіх абвінавачваюць яго атрад, і сказаў, што сам ва Ўкраіне нават ня стрэліў.

Паводле яго слоў, ён поўны рашучасьці даць паказаньні ў міжнародным судзе пра ўсё, што яму давялося бачыць ва Ўкраіне. «Мне няма чаго хаваць», — сказаў ён.

«Гэта злачынная вайна, якую разьвязала Расея. Я хачу зрабіць усё, што ад мяне залежыць, каб яе спыніць».

Інтэрвію Чыбрына праваабарончаму праекту Gulаgu.nеt:

Чыбрын сказаў, што вырашыў уцячы з Расеі пасьля таго, як у чэрвені дэзэртаваў з часьці. Паводле яго слоў, яшчэ 24 лютага ён заявіў камандзірам, што супраць вайны.

Кажа, што пасьля агучваньня такой пазыцыі яго зьнялі з часьці, дзе ён служыў мэханікам, і накіравалі на фізычную працу.

«Мне пагражалі турмой, — расказвае Чыбрын, — урэшце камандзіры вырашылі выкарыстаць мяне ў якасьці прыбіральшчыка і грузчыка. Мяне адправілі ў тыл».

Мікіта Чыбрын родам з Якуцку. Паводле яго слоў, у войска пайшоў летам 2021 году, бо меў фінансавыя цяжкасьці. Ён не меркаваў, што яму давядзецца ўдзельнічаць у якой-небудзь вайне.

Буча пасьля баёў. Сакавік 2022
Буча пасьля баёў. Сакавік 2022

На тэрыторыі Ўкраіны ён апынуўся ў першы ж дзень вайны, ехаў туды празь Беларусь: паводле ягоных словаў, ім ніхто не казаў, куды і навошта іх вязуць.

Яго атрад знаходзіўся ў вёсцы Ліпаўка, што за 45 кілямэтраў ад Кіева, непадалёк ад Бучы і Андрыеўкі, дзе адбываліся масавыя расправы над мірным насельніцтвам. Вінавацяць у гэтым 64-ю брыгаду, дзе служыў Чыбрын. Пасьля таго як Буча стала вядомая ўсяму сьвету, Пуцін прысвоіў гэтай брыгадзе званьне гвардзейскай.

Па словах Чыбрына, сам ён ня бачыў расстрэлаў мірных жыхароў. Але калі быў у Ліпаўцы, пастаянна хадзілі чуткі пра забойствы і згвалтаваньні, а рабаваньне ўкраінскіх дамоў было цалкам звычайнай рэччу.

«Кралі ўсё што можна: пральныя машыны, электроніку, усё», — кажа ён.

Чыбрын кажа, што яму ўдалося ўцячы 16 чэрвеня, схаваўшыся ў грузавіку, які ехаў у Расею папаўняць харчовыя запасы. Празь некаторы час ён зьвязаўся з праваабаронцамі, якія дапамаглі яму пакінуць краіну. Заснавальнік праваабарончай арганізацыі Gulagu.net Уладзімір Асечкін падчас размовы з Guardian пацьвердзіў, што сапраўды дапамагаў Чыбрыну пакінуць Расею.

Як піша выданьне, Чыбрын прыляцеў у Мадрыд у гэты аўторак. Ён быў вызвалены з іміграцыйнага ізалятара ўвечары ў чацьвер і атрымаў часовае жыльлё, пакуль разглядаецца яго хадайніцтва аб прытулку.

Газэта адзначае, што ня мае незалежнага пацьверджаньня гісторыі, расказанай салдатам. Але ён прадставіў дакумэнты і фатаграфіі, якія сьведчаць, што ён быў у складзе 64-й мотастралковай брыгады ва Украіне.

Чыбрын — другі вядомы расейскі вайсковец, які ўцёк з Расеі пасьля вайны ва Ўкраіне. Улетку гэтага году былы расейскі дэсантнік Павел Філацьеў, які таксама ўдзельнічаў ва ўварваньні, пакінуў Расею і выдаў кнігу «ЗОВ», дзе расказаў, што зь ім здарылася падчас вайны.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG