Ён пацьвердзіў выбух на тэрыторыі Польшчы, у выніку якога загінулі 2 чалавекі, і сказаў, што прычыны выбуху высьвятляюцца.
Прэзыдэнт Польшчы абмеркаваў выбухі на ўсходзе краіны з генсакратаром NATO і магчымасьць выкарыстаньня 4-га артыкула NATO аб кансультацыях, заявіў кіраўнік Бюро нацыянальнай бясьпекі.
Раней польскія мэдыі і агенцтва Associated Press паведамілі, што на тэрыторыі Польшчы, непадалёк ад мяжы з Украінай, у аўторак упалі дзьве ракеты. Паводле папярэдніх зьвестак, загінулі два чалавекі. Гэтыя зьвесткі не былі пацьверджаны афіцыйнымі крыніцамі.
«У сувязі з крызыснай сытуацыяй» прэм'ер-міністр Маравецкі па ўзгадненьні з прэзыдэнтам Дудам распарадзіўся склікаць Бюро нацыянальнай бясьпекі з членамі Камітэту нацыянальнай бяспекі і абароны.
Агенцтва Reuters перадавала, што Пэнтагон пакуль не гатовы пацьвердзіць зьвесткі аб дзьвюх расейскіх ракетах, якія заляцелі на тэрыторыю Польшчы.
Рэакцыі на выбухі
- «Адносна навінаў з Польшчы сёньняшняй ноччу пра як мінімум два выбухі. Мы падтрымліваем цесныя кантакты з польскімі сябрамі. Літва моцна салідарная з Польшчай. Кожны сантымэтар тэрыторыі NATO павінен быць абаронены!», — напісаў у Твітэры прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа.
- «Мае спачуваньні нашым польскім братам па зброі. Злачынны расейскі рэжым выпусьціў ракеты, якія цэліліся ня толькі па цывільных украінцах, але і ўпалі на тэрыторыю NATO ў Польшчы. Латвія цалкам падтрымлівае польскіх сяброў і асуджае гэтае злачынства», — напісаў у Твітэры міністар абароны Латвіі Артыс Пабрыкс.
- «Сёньняшнія масіраваныя ракетныя ўдары расейскай арміі па Ўкраіне яскрава паказваюць, што Расея хоча тэрарызаваць украінскі народ і працягваць разбураць краіну, – напісаў у Твітэры кіраўнік ураду Чэхіі Пэтр Фіяла. – Калі Польшча пацьвердзіць, што ракеты трапілі і па яе тэрыторыі, гэта будзе чарговая эскаляцыя з боку Расеі. Мы цьвёрда стаім за нашым саюзьнікам у ЭЗ і NATO».
- «Апошнія навіны з Польшчы хвалююць больш за ўсё. Мы цесна кансультуемся з Польшчай і іншымі саюзьнікамі. Эстонія гатовая абараняць кожны сантымэтар тэрыторыі NATO. Мы цалкам салідарныя з нашым блізкім саюзьнікам Польшчай», – напісаў МЗС Эстоніі ў Твітэры.
- «Сёньня здарылася тое, пра што мы папярэджвалі даўно. Тэрор не абмяжоўваецца нашымі нацыянальнымі межамі. Расейскія ракеты ўдарылі па Польшчы», — сказаў прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі ў сваім вячэрнім звароце. — Біць ракетамі па тэрыторыю NATO. Гэта расейскі ракетны ўдар па калектыўнай бясьпецы! Гэта вельмі істотная эскаляцыя. Трэба дзейнічаць».
- Украіна выказвае поўную салідарнасьць з Польшчай і гатова аказаць ёй любую неабходную падтрымку, заявіў міністар замежных спраў Дзьмітро Кулеба. «Калектыўны адказ на дзеяньні Расеі павінен быць жорсткім і прынцыповым. Сярод такіх неадкладных дзеяньняў: саміт NATO з удзелам Украіны для выпрацоўкі далейшых сумесных дзеяньняў, якія прымусяць Расею зьмяніць курс эскаляцыі, а таксама прадастаўленьне Ўкраіне сучасных зьнішчальнікаў, такіх як F-15 і F-16, а таксама сыстэмы супрацьпаветранай абароны», пералічыў ён.
- Міністар абароны Славакіі Яра Над заявіў: «Вельмі занепакоены расейскімі ракетамі, якія ўпалі на Польшчу. Расея павінна растлумачыць, што здарылася. Неабходна неадкладна спыніць бессэнсоўныя напады на інфраструктуру. Неразважлівасьць Расеі выходзіць з-пад кантролю».
- Лідэрка дэмакратычных сіл Беларусі Сьвятлана Ціханоўская таксама адрэагавала на падзеньне расейскіх ракет у Польшчы: «Устрывожаная апошнімі навінамі аб гібелі двух чалавек у Польшчы ў выніку расейскай агрэсіі ва Ўкраіне. Мае думкі з сем'ямі ахвяраў. Эўропа сядзіць на парахавой бочцы, маючы за суседзяў двух злачынных дыктатараў — Пуціна і Лукашэнку», — напісала яна ў Twitter.
- Міністэрства абароны Расеі назвала паведамленьні аб падзеньні расейскіх ракет на тэрыторыі Польшчы «наўмыснай правакацыяй у мэтах эскаляцыі абстаноўкі». «Ніякіх удараў па цэлях каля ўкраінска-польскай дзяржаўнай мяжы расейскімі сродкамі паражэньня не наносілася. Апублікаваныя па гарачых сьлядах польскімі СМІ зь месца здарэньня ў населеным пункце Пшаводаў абломкі ня маюць ніякага дачыненьня да расейскіх сродкаў паражэньня», — гаворыцца ў паведамленьні ведамства.
15 лістапада Расея нанесла адзін з самых маштабных з пачатку вайны ракетных удараў па Ўкраіне. Было выпушчана каля 100 ракет. У тым ліку ўдары наносіліся па цэлях у Львоўскай вобласьці, якая мяжуе з Польшчай.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы пачалі бамбаваць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Прэзыдэнт ЗША абнавіў свае патрабаваньні да эўрапейскіх краінаў-сяброў NATO павялічваць выдаткі на абарону. Таксама палітык заявіў, што хоча, каб Украіна дала Злучаным Штатам кантроль за сваімі радовішчамі рэдказямельных выкапняў у абмен на фінансавую падтрымку яе ваенных дзеяньняў супраць Расеі.
- У ноч на 14 лютага Расея бесьпілётнікам атакавала Чарнобыльскую АЭС, на саркафагу над разбураным у 1986-м пры чарнобыльскай катастрофе энэргаблёку пачаўся пажар, які ня могуць патушыць некалькі дзён.
- 12 лютага 2025 Трамп пагутарыў па тэлефоне з Пуціным, і 18 лютага 2025 году ў Эр-Рыядзе (Саудаўская Арабія) пачалася двухбаковая сустрэча з удзелам дзяржаўнага сакратара ЗША Марка Рубіё і кіраўніка МЗС Расеі Сяргея Лаўрова. Украіна на перамовы не запрошаная. Перад гэтым у Мюнхэне (Нямеччына) і Парыжы (Францыя) адбыліся, адпаведна, канфэрэнцыя па бясьпецы і саміт вядучых краінаў ЭЗ, але на іх так і ня выпрацавалі пляну доўгатэрміновай падтрымкі Ўкраіны. Акрамя таго, Вугоршчына — сябра Эўразьвязу, NATO і пры гэтым ляяльная да Расеі — дыстанцыявалася ад абмеркаваньня далейшай вайсковай дапамогі Кіеву, абвінаваціўшы іншыя краіны ў падбухторваньні далейшай вайны.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.