Заява офісу Ціханоўскай зьявілася ў відавочнай сувязі зь яе артыкулам у інтэрнэт-выданьні Politico, у якім яна ўпершыню публічна назвала сябе «абранай прэзыдэнткай Беларусі».
«Ня маючы магчымасьці заступіць на пасаду, Сьвятлана Ціханоўская выконвае ролю нацыянальнай лідэркі Беларусі, — адзначае яе офіс. — Разам з Аб’яднаным Пераходным Кабінэтам яна прадстаўляе Беларусь на міжнароднай арэне і ў міжнародных арганізацыях. Многія замежныя лідэры і палітыкі зьвяртаюцца да яе як да прэзыдэнт-электа. У замежных паездках Сьвятлану Ціханоўскую прымаюць як кіраўніцу дзяржавы, хоць на фармальную пасаду яна не ўступіла».
«Чаму вызначэньне статусу прэзыдэнт-элект важнае менавіта цяпер? Таму што рэжым Лукашэнкі не зьяўляецца легітымным, сам дыктатар зацягнуў Беларусь у вайну і прывёў краіну ў стан дэ-факта акупацыі, — тлумачыць офіс Сьвятланы Ціханоўскай. — Сёньня Лукашэнка зьдзяйсьняе акт дзяржаўнай здрады, калі насуперак Канстытуцыі Беларусі і ва ўгоду інтарэсам Расеі зрабіў Беларусь суагрэсаркай у вайне супраць Украіны».
«У такіх умовах павінен быць палітычны інстытут, які прадстаўляе інтарэсы беларускага народу, — канстатуе прэс-служба. — Сьвятлана Ціханоўская зьяўляецца адзінай прадстаўніцай з мандатам ад беларускага народу. І менавіта яна, разам з Аб’яднаным Пераходным Кабінэтам, узяла на сябе адказнасьць за захаваньне сувэрэнітэту Беларусі і прадстаўленьне Беларусі як нацыі».