Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эвалюцыя дыктатуры. Валер Карбалевіч пра тое, чаму ў Беларусі не спыняецца тэрор


Сілавікі ў Менску, 2020 год
Сілавікі ў Менску, 2020 год

На цяперашнім этапе эвалюцыі рэжыму Лукашэнкі палітычны тэрор — неабходны элемэнт існаваньня дыктатуры. І гэта працуе ўжо ў аўтаматычным рэжыме. Дзейнічае інстынкт самазахаваньня, умоўны рэфлекс, які падсілкоўваецца страхам паўтарэньня падзеяў 2020 году.

Сьцісла:

  • Палітычныя рэпрэсіі набываюць новы размах, у сыстэме МУС дзеля гэтага ствараюцца новыя падразьдзяленьні.
  • Лукашэнка імкнецца ўсталяваць свой рэжым навечна, забальзамаваць яго.
  • Мы назіраем эвалюцыю аўтарытарнага рэжыму, ягоны пераход у таталітарную стадыю.
  • Адбываецца рутынізацыя гвалту, ён становіцца спосабам існаваньня рэжыму.
  • Стаўка робіцца на прымусовую легітымізацыю.

Апошнімі днямі зьяўляецца шмат паведамленьняў пра ўсё новыя арышты, затрыманьні, суды. Рэпрэсіі набываюць новы размах.

«Лявіна затрыманьняў. Месцаў на Акрэсьціна няма. Дэталі зразумець складана», — піша «Наша ніва», спасылаючыся на аднаго з адвакатаў. Праваабаронцы кажуць пра рост колькасьці «палітычных» спраў у судах, палітвязьняў, палітычных затрыманьняў.

Раней адбываліся «зачысткі» гарадоў, АМАП «адпрацоўваў» адну тэрыторыю за другой. Апошнім часам рэпрэсіі адбываюцца паводле вытворчага прынцыпу. Была аблава на Акадэмію навук, некаторыя дзяржпрадпрыемствы. Цяпер затрымліваюць супрацоўнікаў прыватных кампаній (часам — амаль у поўным складзе).

Яшчэ адна важная асаблівасьць. Затрыманых катуюць, зьбіваюць — як у першыя дні пасьля выбараў 2020 году.

14 лістапада, выступаючы ў эфіры тэлеканалу «Беларусь 1», міністар унутраных спраў Іван Кубракоў расказаў пра падрабязнасьці нарады ў Лукашэнкі, якая адбылася ў гэты ж дзень. Стала больш зразумела, пра якое пашырэньне сілавога блёку і «разьвіцьцё сыстэмы органаў унутраных спраў» ішла гаворка на нарадзе. Аказваецца, ва ўнутраных войсках і ў АМАП зьявіцца некалькі новых спэцыяльных падразьдзяленьняў, якія будуць мабільнымі і гатовымі дзейнічаць у любой мясцовасьці, на тэрыторыі ўсёй Беларусі. Неабходная тэхніка для гэтых мэтаў ужо закупленая. (Хоць Лукашэнка і кажа, што лішніх грошай няма). І ўсё гэта дзеля барацьбы з палітычнымі апанэнтамі, якіх называюць «экстрэмістамі» і «тэрарыстычнымі групамі».

Можна ўзгадаць, што трохі раней быў прыняты шэраг заканадаўчых актаў, скіраваных на абмежаваньне правоў чалавека, пашырэньне паўнамоцтваў сілавых структур. КДБ атрымаў права не выпускаць грамадзян Беларусі за мяжу. Студэнты, якія вучацца за мяжой, цяпер ня будуць атрымліваць адтэрміноўкі ад прызыву ў войска. Грамадзяне Беларусі больш ня змогуць зьвяртацца са скаргамі наконт парушэньня сваіх правоў у Камітэт правоў чалавека ААН.

Узьнікае лягічнае пытаньне: навошта патрэбна ўладам гэтае зацісканьне гаек? Ніякіх пратэстаў у краіне даўно няма. Усё зачышчана, утрамбавана, забэтанавана, укачана ў асфальт. Здавалася б, можна і супакоіцца, расслабіцца і цешыцца перамогаю. Аднак не, палітычны тэрор толькі паглыбляецца і пашыраецца.

Пытаньне няпростае. Бо тут дзейнічае шмат чыньнікаў. Найперш, гэта помста народу за тую цяжкую, балючую псыхалягічную траўму, атрыманую Лукашэнкам ад пратэстаў двухгадовай даўнасьці.

Прычым важна заўважыць, што Лукашэнка хоча ўсталяваць свой рэжым навечна, забальзамаваць яго. Паводле міністра Кубракова, той даручыў ствараць па ўсёй краіне ліцэі МУС, каб рыхтаваць там змалку будучых міліцыянтаў, так сказаць, годную зьмену. То бок рыхтаваць не айцішнікаў ці дактароў і настаўнікаў, а менавіта міліцыянтаў.

Увогуле тут мы назіраем эвалюцыю аўтарытарнага рэжыму, ягоны пераход у таталітарную стадыю. А ў гэтым працэсе дзейнічае свая лёгіка. Пра што сьведчыць гістарычны досьвед. Пік тэрору ў савецкай таталітарнай сыстэме прыпаў на 1937 год, калі сталінскаму рэжыму нічога не пагражала, усе небясьпекі засталіся ў мінулым.

Справа ў тым, што ў таталітарнай сыстэме гвалт мае зусім іншую функцыю, чым пры аўтарытарызьме. У аўтарытарным рэжыме гвалт выконвае дадатковую ролю, улады ўсё ж імкнуцца знаходзіць паразуменьне з грамадзтвам, у пэўным сэнсе адлюстроўваць яго інтарэсы, няхай і ў скажоным выглядзе.

У 2020 годзе Лукашэнка выкарыстаў гвалт, проста зыходзячы з інстынкту самазахаваньня. То быў галоўны і нават адзіны інструмэнт, які быў у ягоных руках. Потым, па меры таго як пратэсты былі здушаныя, Лукашэнка прыйшоў да высновы, што палітычны тэрор працуе, дае патрэбны вынік. Прыйшло ўяўленьне, што гвалт — вырашэньне ўсіх праблем (напрыклад, эканамічных). Адсюль — бясконцыя патрабаваньні дысцыпліны і парадку.

У выніку адбываецца рутынізацыя гвалту, ён становіцца спосабам існаваньня рэжыму. Цяпер шукаць паразуменьне з грамадзтвам — тэма другасная. Стаўка робіцца на прымусовую легітымізацыю. Ставіцца задача прымусіць усіх стаць на бок улады. Усіх, хто супраць — альбо ў турму, альбо выціснуць за мяжу. Эміграцыя — гэта сёньня альтэрнатыва ГУЛАГу: што ў Расеі, што ў Беларусі. І ніякіх кампрамісаў.

Так што на гэтым этапе эвалюцыі палітычны тэрор — неабходны элемэнт існаваньня рэжыму. І гэта працуе ўжо ў аўтаматычным рэжыме. Дзейнічае інстынкт самазахаваньня, умоўны рэфлекс, які падсілкоўваецца страхам паўтарэньня падзей 2020 году, пра якія Лукашэнка ўзгадвае рэгулярна. Бо баліць. І каб зарадка ці накручваньне спружыны гэтага мэханізму ня скончылася, патрэбны пэрыядычныя імпульсы зь вяршыні герархічнай піраміды. Што мы і назіраем час ад часу падчас нарадаў Лукашэнкі зь сілавікамі.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG