«Начальнік выклікаў і папярэдзіў, каб менш „выступала“ на працы»
Марына (імя зьмененае. — РС) працуе на дзяржаўным прадпрыемстве мэдычнай галіны. Яна мела размову з начальнікам з тае прычыны, што на працы выказвалася ў падтрымку Ўкраіны.
«Відаць, начальніку нехта данёс з калегаў. Ён мяне выклікаў на размову. Пераконваў, што я працую на дзяржаўным прадпрыемстве, таму мушу ўва ўсім падтрымліваць дзяржаву. Размова была непрыемная, пагатоў у мяне хутка скончыцца кантракт, таму я хвалявалася. Начальнік параіў мне менш «выступаць» і здаваць сабе справу, з кім я размаўляю на працы. Такім чынам ён намякаў, што мяне нехта «здаў», — расказала Марына.
Нягледзячы на яе страхі, кантракт ёй працягнулі.
«Прыяцель уладкоўваўся на працу на дзяржаўнае прадпрыемства, афармляўся ў аддзеле кадраў. Раптам прыйшоў прадстаўнік службы бясьпекі, запатрабаваў тэлефон. І ўсё. Яго ня толькі на працу не ўзялі, але данесьлі ў „органы“, ён пазьней быў асуджаны на 15 дзён арышту за „распаўсюджваньне экстрэмізму“. Мала таго — па ланцужку пачалі браць тых, з кім ён перапісваўся, каму кідаў у прыватныя паведамленьні спасылкі», — распавёў чытач Свабоды.
«Гомельская Вясна» паведамляе, што міліцыя зьбіраецца праводзіць рэйды ў працоўных калектывах Гомельшчыны. Паводле зьвестак праваабаронцаў, міліцыя пачне прыходзіць у арганізацыі і правяраць мабільныя тэлефоны працаўнікоў наконт падпіскі на «экстрэмісцкія» каналы і суполкі ў сацыяльных сетках.
Буда-Кашалёўскі райвыканкам паведаміў пра сэмінар з прадстаўнікамі прадпрыемстваў і арганізацыяў раёну, дзе абмяркоўвалі «падпіскі на экстрэмісцкія рэсурсы». Намесьнік пракурора раёну Антон Бабылёў і спэцыяліст аддзелу ідэалёгіі, культуры і справаў моладзі Марына Агажэльская нагадалі прысутным, што за падпіскі на «экстрэмісцкія» рэсурсы і рэпосты навінаў ёсьць адміністрацыйная адказнасьць. За адпраўку грошай «экстрэмістам», за «актыўную агітацыю, раздачу ўлётак, ініцыяваньне санкцый для беларусаў, акт тэрарызму» прадугледжана крымінальная адказнасьць.
Намесьнік пракурора заклікаў удзельнікаў сэмінару адпісацца ад «забароненых тэлеграм-каналаў».
Ідэоляг параіла зьвяртаць увагу на якасьць падачы інфармацыі ў сацыяльных сетках і «выкарыстоўваць забаўляльныя рэсурсы для ўтрыманьня аўдыторыі».
«Ворагі чалавека цяпер — тэлефон, тэлеграм і балбатня на працы»
Як абараніцца ад перасьледу за актыўную пазыцыю? Як застацца працаваць, калі твая думка не супадае з палітыкай улады? Як ня трапіць у пастку «органаў» і ідэалёгіі? Вось што апавядае Алег (імя зьмененае), які да нядаўняга часу працаваў у сфэры бясьпекі на буйным дзяржаўным прадпрыемстве.
На прадпрыемствах яшчэ ў 2021 годзе зьявіліся пасады «намесьнікаў па бясьпецы і рэжыму».
«Як правіла, гэтыя пасады занялі былыя супрацоўнікі КДБ. Генэральных дырэктараў не пыталі, хочуць яны мець такога намесьніка ці не. Прызначалі бяз згоды кіраўніцтва. Генэральныя не бунтавалі. Бо іх таксама могуць звольніць. Мэта такіх намесьнікаў — „праца“ зь нязгоднымі, выяўленьне такіх на прадпрыемствах. КДБ падаў сьпісы тых, хто ў 2020 падпісваўся за незалежных кандыдатаў на прэзыдэнта, і тых, каго затрымлівалі за акцыі. Вось гэтых людзей „адпрацоўвалі“. Калі бачылі, што чалавек ідэйны, яго пазбаўляліся. Не працягвалі кантракт ці звальнялі. Калі разьбіраліся, што чалавек выпадковы, не цікавіцца палітыкай, то праводзілі „прафіляктычную працу“. Папярэджвалі, каб не чытаў незалежных тэлеграм-каналаў», — расказвае Алег.
Ён кажа, што тэма працы зь «нядобранадзейнымі» была страціла актуальнасьць на прадпрыемствах, бо многіх ужо «адпрацавалі». Але пасьля пачатку вайны ва Ўкраіне актуалізавалася зноў. «Ёсьць людзі, якія на працы выказваліся супраць дзеяньняў Расеі ці ў падтрымку Ўкраіны. Быў загад начальства звальняць такіх. Бо афіцыйна мы падтрымліваем Расею. І ўсякая крытыка Расеі ўспрымаецца як дзяржаўная здрада», — патлумачыў беларус.
«Выпівалі разам, чалавек выказваўся ў падтрымку Ўкраіны. Калега яго „здаў“»
Былы супрацоўнік службы бясьпекі зазначыў, што на прадпрыемстве былі і ёсьць даносы.
«Гэта чалавечы фактар. За даносы ня плацяць і прэміяў не даюць. Людзі здаюць калег ці з сваіх ідэалягічных перакананьняў, ці са страху, што калі ня здасьць калегу, дык сам можа пацярпець. Было такое, што людзі выпівалі разам, чалавек выказваўся ў падтрымку Ўкраіны, а калега яго здаў начальству», — кажа Алег.
Ён распавёў, як кіраўніцтва «перавыхоўвае» нязгодных.
«У 2020 годзе многія людзі ўдзельнічалі ў пратэстах. Але ня ўсе былі матываваныя, разумелі, што адбываецца і дзеля чаго гэта ўсё. Начальства размаўляе з такімі. Пытаецца, чым чалавек не задаволены, чаму выступаў супраць улады. Ён адказвае: „Бо Лукашэнка шмат гадоў ва ўладзе“. Тады начальнік кажа: „А вы ў нас працуеце колькі? Дваццаць гадоў? Дык давайце вас звольнім. Бо вы ж таксама шмат гадоў працуеце“. Людзі бянтэжацца. Начальства ім даводзіць: заробак вы маеце, спэцвопратку таксама, санаторый і лягер для дзяцей — што вам яшчэ трэба? Многія ня могуць адказаць», — кажа Алег.
«Ня варта нікому давяраць, пісаць камэнтары, асабліва ў карпарацыйных чатах»
Алег раіць трымаць дыстанцыю на працы, не давяраць усім агулам. «Ня варта пісаць нешта ў карпарацыйныя чаты. Некаторыя адмыслова створаныя для таго, каб вылічваць нязгодных. Чалавек піша (умоўна): „мянты казлы“. Міліцыянтам ад гэтага ні холадна, ні горача. Чалавек жа сядзе ў турму. Наагул тэлефон, тэлеграм, кампутар — цяпер ворагі чалавека. Асабліва калі ён праяўляе нястрыманасьць», — кажа былы супрацоўнік сфэры бясьпекі.
Ён зазначае, што многія людзі селі ў турму менавіта праз «пустую балбатню» і камэнтары ў розных чатах.
«Праверка тэлефонаў на прадпрыемстве — гэта незаконна. Але гэта робіцца. Мая асабістая парада для беларусаў унутры краіны — не падпісвацца на дэмакратычныя СМІ і тэлеграм-каналы. Іх можна чытаць і так. Лепш мець два тэлефоны. Адзін „афіцыйны“, зь ім хадзіць на працу. Другі зь „левай“ сім-картай, аформленай на староньняга чалавека. І зь яго лепш таксама ні на што не падпісвацца, проста чытаць, не выкарыстоўваць wi-fi, не ўключаць адначасова з „афіцыйным“ тэлефонам. Лепш не выкарыстоўваць дома ці на працы. Плаціць апэратару мабільнай сувязі лепш наяўнымі праз тэрміналы ў розных месцах. Гэта ўжо захады кансьпірацыі, а не бясьпекі. Яны нязручныя, але дазволяць захаваць свабоду і працу», — параіў спэцыяліст.
Таксама ён раіць для «кансьпірацыі» казаць на «прафіляктычных гутарках», што галасавалі за Лукашэнку. «Гэта праверыць немагчыма. Таму, калі вам важна захаваць працу, — можна так казаць», — дадаў Алег.