Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ціханоўская расказала, у якім фармаце можа адбыцца яе візыт ва Ўкраіну


Сьвятлана Ціханоўская
Сьвятлана Ціханоўская

Сьвятлана Ціханоўская заявіла аб гатоўнасьці прыехаць у Кіеў, калі ўкраінскі бок будзе гатовы яе прыняць.

«Я гатова прыехаць у Кіеў, калі кіеўскі бок будзе гатовы мяне прыняць», — сказала Сьвятлана Ціханоўская ў інтэрвію інтэрнэт-выданьню «Українська правда».

На ўдакладняльнае пытаньне журналіста, ці вядзецца менавіта пра гатоўнасьць прэзыдэнта Зяленскага яе прыняць, Сьвятлана Ціханоўская адказала: «Адміністрацыя».

А калі прадстаўніца выданьня паставіла больш катэгарычнае пытаньне аб яе негатоўнасьці прыехаць проста для таго, каб выказаць падтрымку простым украінцам, лідэрка дэмакратычных сіл Беларусі патлумачыла наступнае.

«Глядзіце, са мной сытуацыя троху больш складаная. Нашы прадстаўнікі могуць прыехаць. Але вы мусіце разумець, што я пад аховай літоўскай дзяржавы. І для таго, каб я змагла выехаць у Кіеў, літоўскі бок мусіць гарантаваць бясьпеку, бо маю тут (у Літве. — РС) дыпляматычны статус».

Паводле Сьвятланы Ціханоўскай, літоўскія службы ня могуць арганізаваць яе візыт ва Ўкраіну, пакуль ня будзе афіцыйнага запрашэньня ад прэм’ер-міністра або ад прэзыдэнта.

«Я ў такой сытуацыі. Гэта ня тое, што я ўзяла, захацела і выехала. Неабавязкова арганізоўваць маю асабістую сустрэчу. Гэта можа быць шматбаковая сустрэча, у складзе якой-небудзь дэлегацыі — або польская, або літоўская, або эстонская. Я мяркую, што нашы палітычныя хаўрусьнікі з радасьцю гэта зрабілі б. Але тут мае быць усё ж запыт афіцыйны», — патлумачыла Сьвятлана Ціханоўская.

Сьвятлана Ціханоўская лічыць малаімаверным удзел беларускага войска ў вайне Расеі супраць Украіны.

«У беларускіх вайскоўцаў няма матывацыі ваяваць супраць украінцаў. Больш за тое, яны добра ўсьведамлялі, што ня маюць досьведу ваенных дзеяньняў і будуць выкарыстоўвацца як гарматнае мяса. І Лукашэнка разумеў гэтыя настроі ў войску. У цяперашні час вельмі малаімаверна, што такі загад можа быць выдадзены. Хоць пад ціскам, вядома, Лукашэнка можа гэта зрабіць», — сказала яна ў інтэрвію выданьню «Українська правда».

Пры гэтым Ціханоўская лічыць, што рэжым Лукашэнкі ўжо афіцыйна ўдзельнічае ў вайне супраць Украіны.

Хто такая Сьвятлана Ціханоўская

Сьвятлана Ціханоўская — беларускі палітык, былая кандыдатка ў прэзыдэнты Беларусі. Цяпер знаходзіцца ў Літве.

Сьвятлана Ціханоўская
Сьвятлана Ціханоўская
  • Сьвятлана Ціханоўская нарадзілася ў 1982 годзе ў Мікашэвічах (Берасьцейская вобласьць).
  • 15 траўня 2020 году пасьля адмовы Цэнтральнай выбарчай камісіі зарэгістраваць мужа Сьвятланы, зьняволенага лідэра кампаніі «Страна для жизни» блогера Сяргея Ціханоўскага, Сьвятлана ад свайго імя падала дакумэнты на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы. 20 траўня яе групу зарэгістравалі. 29 траўня кіраўніка яе выбарчага штабу Сяргея арыштавалі зноў.
  • Кандыдаткай у прэзыдэнты Ціханоўскую зарэгістравалі 14 ліпеня 2020.
  • Пасьля арышту прэтэндэнта на пасаду прэзыдэнта Віктара Бабарыкі і ўцёкаў за мяжу яшчэ аднаго прэтэндэнта Валера Цапкалы іх штабы аб’ядналіся з штабам Сьвятланы Ціханоўскай. Аб’яднаны штаб правёў пасьпяховую выбарчую кампанію з шматтысячнымі мітынгамі ў вялікіх і малых гарадах Беларусі пад бел-чырвона-белымі сьцягамі.
  • Паводле афіцыйных зьвестак ЦВК, на выбарах Сьвятлана Ціханоўская набрала 10,09%, а Аляксандар Лукашэнка — 80,08%. Ціханоўская адмовілася прызнаць гэтыя вынікі і 10 жніўня асабіста накіравалася ў ЦВК, каб іх абскардзіць.
  • З ЦВК палітык не вярнулася. Сувязь зь ёю зьнікла, празь некалькі гадзін у вэстыбюлі ЦВК яна паведаміла, што «прыняла рашэньне» і зьехала ў невядомым кірунку. 11 жніўня стала вядома, што яна ў Літве. Былі апублікаваныя два відэазвароты Ціханоўскай, адзін зь якіх быў запісаны ў ЦВК пасьля размовы з двума высокапастаўленымі сілавікамі, у ім Ціханоўская заклікае дэманстрантаў не выходзіць на вуліцы. Кіраўніцтва Літвы 11 жніўня заявіла, што звароты Ціханоўская запісала пад ціскам і шантажом.
  • Празь некалькі дзён пасьля фактычнай «дэпартацыі» ў Літву Сьвятлана Ціханоўская заявіла, што бярэ на сябе ролю «нацыянальнага лідэра».
  • 18 жніўня з ініцыятывы Сьвятланы Ціханоўскай у Беларусі была створаная Каардынацыйная рада для транзыту ўлады.
  • 10 верасьня 2020 Сэйм Літвы прагаласаваў за прызнаньне Сьвятланы Ціханоўскай абраным кіраўніком Беларусі.
  • Ад верасьня 2020 году Ціханоўская наведала з працоўнымі візытамі дзясяткі краін сьвету і сустрэлася зь іх лідэрамі. Сярод іх прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон, канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель, высокі прадстаўнік ЭЗ Жузэп Бурэль, прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн ды інш.
  • Сьвятлана Ціханоўская кантактавала з актыўнымі людзьмі ў Беларусі падчас пратэстаў 2020 і 2021 гадоў, прызначыла сваіх прадстаўнікоў для падтрыманьня лучнасьці з сацыяльнымі і прафэсійнымі групамі ў краіне.
  • Ціханоўская выступіла за правядзеньне ў Беларусі новых празрыстых прэзыдэнцкіх выбараў пры міжнародным кантролі і актыўна заклікала міжнародную супольнасьць да ўдзелу ў арганізацыі перамоваў зь цяперашнім кіраўніцтвам Беларусі.
  • За два гады Ціханоўская, яе штаб і зьвязаныя з ёй ініцыятывы дапамагалі палітвязьням, выступалі з шэрагам гуманітарных і палітычных ініцыятываў.
  • Яна выступала супраць сфальшаванага канстытуцыйнага рэфэрэндуму, ініцыяванага Лукашэнкам у 2022 годзе.
  • У лютым 2022 Ціханоўская асудзіла расейскую агрэсію супраць Украіны і саўдзел у ёй рэжыму А. Лукашэнкі, у сакавіку 2022 году стварыла беларускі Антываенны рух.
  • У красавіку 2022 году Ціханоўская на канфэрэнцыі Рады Бясьпекі ААН заявіла, што «поўдзень Беларусі фактычна знаходзіцца пад расейскай акупацыяй».
  • Ціханоўская правяла пасьпяховыя перамовы з урадам Польшчы і дамаглася асаблівых умоваў для прыезду і легалізацыі беларусаў, ня згодных з рэжымам Лукашэнкі.
  • У жніўні 2022 году Сьвятлана Ціханоўская стварыла Аб’яднаны пераходны кабінэт, назвала чатырох сваіх прадстаўнікоў.
  • У лістападзе 2022 Ціханоўская ўпершыню назвала сябе прэзыдэнтам-электам

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG