Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Красамоўнае маўчаньне Кіева. Чаму ўкраінская ўлада не адказала на прапанову Ціханоўскай


Сьвятлана Ціханоўская
Сьвятлана Ціханоўская

Чаму афіцыйны Кіеў праігнараваў прапанову Сьвятланы Ціханоўскай аб супрацы.

Сьцісла

  • Адказам на прапанову Ціханоўскай Украіне аб альянсе стала красамоўнае маўчаньне Кіева.
  • Украінская ўлада ня бачыць сэнсу цалкам разрываць адносіны з Лукашэнкам, пакуль ён не паслаў беларускае войска ваяваць з Украінай.
  • Альянсы звычайна заключаюць паміж роўнымі, а ўкраінская ўлада і Абʼяднаны пераходны кабінэт няроўныя па сваім статусе.
  • Ціханоўская заклікала Эўрапарлямэнт прызнаць Кабінэт, адказам была заява пра неабходнасьць свабодных выбараў у Беларусі, на якіх быў бы сфармаваны прадстаўнічы ўрад.
  • Насамрэч Абʼяднанаму кабінэту не патрэбна афіцыйнае прызнаньне ні ад Украіны, ні ад ЭЗ, нават калі б гэта было рэальным. Патрэбны рабочыя стасункі, якія могуць стаць мэханізмам «паўзучага» прызнаньня.

10 кастрычніка Сьвятлана Ціханоўская выступіла зь відэазваротам, у якім заявіла:

«Мы прапануем Украіне і ўкраінскаму народу збудаваць альянс з дэмакратычнай Беларусьсю. Абʼяднаны пераходны кабінэт гатовы да супрацы з Украінай і ўсталяваньня дыпляматычных і палітычных адносінаў».

Адказу ад афіцыйнага Кіева не прагучала. Дакладней, адказам, прычым адмоўным, стала красамоўнае маўчаньне.

Мяркуючы па ўсім, матывам прапановы сталі заявы Аляксандра Лукашэнкі аб фармаваньні Рэгіянальнай групоўкі войскаў Беларусі і Расеі і яго паведамленьне аб прыбыцьці ў Беларусь некалькіх тысяч расейскіх вайскоўцаў. Лукашэнка сёньня ці заўтра пашле на вайну беларускае войска, пасьля гэтага Ўкраіна ня зможа і не захоча падтрымліваць зь ім адносіны. Ну дык вось — ёсьць прадстаўнік іншай Беларусі, які гатовы быць партнэрам Украіны. Відаць, такой была лёгіка Ціханоўскай і іншых чальцоў Кабінэту.

Але яшчэ больш ясная лёгіка ўкраінскага боку і прычына яго адмоўнага адказу. Пакуль беларускія войскі не пайшлі ў наступ на Ўкраіну, сьпяшацца фармальна разрываць адносіны з рэжымам Лукашэнкі ў Кіева няма падставаў. Справа нават ня ў тым, у якой ступені ад Лукашэнкі залежаць, пасылаць ці не беларусаў на вайну. Справа ў тым, што прызнаньне Кабінэту ці каго б то ні было паўнапраўным міжнародным партнэрам ніяк ня здольнае прадухіліць ці зьменшыць рызыку ўступленьня беларускага войска ў вайну.

У прынцыпе, гэтага чыньніка дастаткова, каб не рабіць падобных крокаў. Але ёсьць і іншыя чыньнікі. Альянсы могуць існаваць паміж роўнымі. А хіба роўныя Зяленскі і ўкраінскі ўрад з аднаго боку і Ціханоўская і Кабінэт з другога?

Права Зяленскага на ўладу ва Ўкраіне бясспрэчнае і прызнаецца ўсім сьветам, у тым ліку фактычна і Расеяй. Ён эфэктыўна і пасьпяхова кантралюе сілавы апарат украінскай дзяржавы, ён кантралюе неакупаваную і вызваленую тэрыторыю сваёй краіны. Да таго ж вайна прымушае яго ацэньваць магчымых партнэраў паводле брутальнай лёгікі вайны. Знакамітае пытаньне Сталіна: колькі дывізіяў у папы Рымскага?

Для лідэраў ваеннага часу гэтае пытаньне не такое і недарэчнае. Колькі дывізіяў у Абʼяднанага кабінэта, хто прызнае яго ўладай, што і каго ён у Беларусі кантралюе? Паколькі адказы на гэтыя пытаньні абсалютна відавочныя, то пра які альянс можа ісьці гаворка ў прынцыпе?

І гэта ня толькі Зяленскі, ня толькі Кіеў такія. Выступаючы ў Эўрапарлямэнце 13 кастрычніка, Ціханоўская заклікала яго прызнаць Абʼяднаны пераходны кабінэт.

Прадстаўнік ЭЗ Пэтэр Стана пракамэнтаваў заклік кіраўніцы Абʼяднанага пераходнага кабінэту: «Пазыцыя ЭЗ зразумелая: Лукашэнка не валодае дэмакратычнай легітымнасьцю, мы лічым яго і ягоны рэжым адказнымі за грубыя парушэньні міжнароднага права, правоў чалавека і асноўных свабод у Беларусі. У той жа час ЭЗ працягвае заклікаць да правядзеньня новых, свабодных і справядлівых выбараў у Беларусі, у выніку якіх будзе сфармаваны прадстаўнічы ўрад».

У перакладзе з дыпляматычнай на палітычную мову: прызнаным можа быць урад, выбраны на новых свабодных выбарах у Беларусі, а Абʼяднаны кабінэт такім не зьяўляецца.

Дык чым, па сутнасьці, адрозьніваецца гэты ветлівы адказ Брусэлю ад маўклівага адказу Кіеву? Нічым.

І, па шчырасьці, іншага адказу чакаць не выпадала. Але парадокс сытуацыі палягае ў тым, што насамрэч афіцыйнае прызнаньне Кабінэту ня так і патрэбна, нават калі было б дасягальным. Што патрэбна, дык гэта рабочыя стасункі, практычная супраца.

І гэтыя рабочыя стасункі ня толькі адзінае, што сапраўды важна, але гэта і мэханізм «паўзучага», нефармальнага прызнаньня. У Эўразьвязе з гэтым атрымліваецца няблага: і размова ня толькі пра сустрэчы чальцоў Кабінэту на вышэйшым узроўні, але і пра стварэньне прадстаўніцтва пры Радзе Эўропы, і пра адкрыцьцё місіі дэмакратычнай Беларусі ў Фляндрыі.

Дык і з Украінай насамрэч патрэбна роўна гэта — сыстэма рабочых стасункаў, а ня гучныя альянсы і прызнаньні. Такое сьціплае імкненьне вызваляе Кіеў ад няўдзячнага высьвятленьня, хто там у беларускай апазыцыі галоўны.

Рабочыя стасункі ўкраінская ўлада можа падтрымліваць з рознымі групамі дэмакратычнай Беларусі. У каго лепш атрымаецца ўзаемадзейнічаць у межах гэтых стасункаў, хто здолее больш эфэктыўна рэалізаваць як свае інтарэсы, гэтак і інтарэсы Ўкраіны, той зможа перайсьці на іншы ўзровень узаемадзеяньня.

Часам украінскія палітыкі і экспэрты выказваюць папрокі Ціханоўскай наконт несупадзеньня яе ранейшых і цяперашніх пазыцыяў з падыходамі Ўкраіны. Калі размова ідзе пра альянс няроўных і пра такі вялікі падарунак, як афіцыйнае прызнаньне (якога, нагадаем, не дае і ЭЗ), то, напэўна, пажаданьне супадзеньня падыходаў абгрунтаванае. Але Ціханоўская і Кабінэт — гэта беларускія, а не ўкраінскія палітыкі, і яны зыходзяць з уласнага разуменьня інтарэсаў сваёй краіны.

І паколькі іхнае разуменьне не супярэчыць інтарэсам Украіны, то гэтага, як падаецца, для рабочых стасункаў цалкам дастаткова.

Зразумела, можна зыходзіць з прынцыпу — стукайся ў дзьверы, і табе калі-небудзь адчыняць. Але становішча, калі публічна працягнутая рука павісае ў паветры, ня самае ёмкае і наўрад ці варта трапляць у яго часта.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG