Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У анэксаваным Херсоне зачынілі пераправу праз Дняпро


Ілюстрацыйная выява
Ілюстрацыйная выява

У анэксаваным расейскімі ўладамі Херсоне закрылася пераправа праз Дняпро. Гэта пацьвярджаюць як украінскія, так і расейскія СМІ.

Прызначаная Расеяй адміністрацыя Херсонскай вобласьці, якая раней заклікала ўсіх жыхароў эвакуіравацца з правага берага Дняпра на левы, у сераду аб’явіла, што спыняе транспартныя зносіны — як аўтамабільныя, так і амаль цалкам рачныя.

Прычыны закрыцьця пераправы ўлады не камэнтуюць. Раней меркавалася, што яны чакаюць маштабнага наступленьня ўзброеных сілаў Украіны на Херсон і навакольлі, і таму прапануюць мясцовым жыхарам пераехаць у больш бясьпечнае месца на левабярэжжы.

Што да самога левабярэжжа Дняпра, там таксама праходзіць вываз цывільнага насельніцтва, у першую чаргу тых, хто ляяльны ўладам, прызначаным Расеяй. У выпадку пераходу тэрыторыі пад кантроль Украіны ім можа пагражаць суд за калябарацыянізм.

Раней мясцовыя ўлады абʼявілі, што з 6 лістапада эвакуацыя жыхароў з Кахоўскага раёну Херсонскай вобласьці можа стаць прымусовай для ўсіх.

  • Аб пачатку перамяшчэньня жыхароў правабярэжжа Дняпра акупацыйныя ўлады Херсонскай вобласьці абвясьцілі 18 кастрычніка. Прычына, паводле іх слоў, наступленьне ўкраінскай арміі і абстрэлы з боку Ўкраіны. Аб магчымасьці здаць горад Херсон і ўсё правабярэжжа прадстаўнікі расейскіх уладаў прама не казалі, аднак камандуючы расейскімі войскамі генэрал Сяргей Суравікін заявіў, што магчымыя «няпростыя рашэньні».
  • 28 кастрычніка, расейскі кіраўнік анэксаванага Крыму Сяргей Аксёнаў заяўляў аб завяршэньні «працы па арганізацыі вывазу» жыхароў правабярэжжа Дняпра ў анэксаванай Херсонскай вобласьці на левы бераг і ў іншыя рэгіёны. 31 кастрычніка кіраўнік акупацыйнай адміністрацыі вобласьці Уладзімір Сальда заявіў аб пашырэньні зоны эвакуацыі на 15 км ад Дняпра.
  • Украіна абвінавачвае Расею ў дэпартацыі сваіх грамадзян.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG