Як паведамляе «Настоящее время», закон прадугледжвае неадкладнае вызваленьне з калёній больш як 40 асуджаных удзельнікаў студзеньскіх пратэстаў у краіне. Яшчэ каля 50 зьняволеных вызваляць цягам паўгода.
Акрамя гэтага, пад амністыю падпадуць супрацоўнікі праваахоўных органаў і вайскоўцы, якія спынялі супрацьпраўныя дзеяньні падчас студзеньскіх падзей і пры гэтым самі зьдзяйсьнялі крымінальныя правапарушэньні.
Усім вызваленым дзяржава абяцае дапамогу з працаўладкаваньнем, афармленьнем дакумэнтаў і мэдычным абслугоўваньнем.
Прэзыдэнцкая амністыя не распаўсюджваецца на фігурантаў спраў, зьвязаных з тэрарызмам, катаваньнямі, дзяржаўнай здрадай, карупцыйнымі злачынствамі і арганізацыяй масавых беспарадкаў падчас студзеньскіх пратэстаў.
Раней казахстанскія праваабаронцы выказалі асьцярогу, што закон аб амністыі дасьць магчымасьць многім сілавікам пазьбегнуць пакараньня як за стральбу па мірных жыхарах, так і за прымяненьне катаваньняў у адносінах да затрыманых. У Генпракуратуры Казахстану заявілі, што сярод тых, хто быў прыцягнуты да крымінальнай адказнасьці па студзеньскіх падзеях, ёсьць і супрацоўнікі праваахоўных органаў — і з 49 сілавікоў толькі адзін можа быць амніставаны.
- У канцы чэрвеня 2022 году Генэральная пракуратура Казахстану паведаміла, што ўстаноўленыя асобы 230 чалавек, якія загінулі ў студзені, але колькі зь іх былі забітыя сілавікамі, а колькі — самімі пагромшчыкамі, да гэтага часу невядома.
- Масавыя пратэсты ў Казахстане пачаліся 4 студзеня зь мітынгаў супраць росту цэнаў на газ, затым яны перарасьлі ў масавыя акцыі з патрабаваньнямі адстаўкі ўладаў і зносам помнікаў Назарбаеву, далей пачаліся беспарадкі ў Алматы, Кастанаі і іншых буйных гарадах. Урэшце 7 студзеня, пасьля ўводу войскаў АДКБ і адключэньня ў краіне інтэрнэту, улады абвясьцілі, што парадак адноўлены.