Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея зноў абстраляла ракетамі ўкраінскія гарады і электрастанцыі. Многія людзі засталіся безь сьвятла, вады і сувязі

абноўлена

Расейская ракетная атака на Кіеў. 31 кастрычніка 2022
Расейская ракетная атака на Кіеў. 31 кастрычніка 2022

Улады Ўкраіны а 7-й раніцы заклікалі жыхароў усіх рэгіёнаў тэрмінова пакінуць вуліцы і жылыя будынкі. Расея запусьціла адразу некалькі ракет з поўдня і поўначы — праз Сумскую вобласьць. Ва ўсіх рэгіёнах, па якіх Расея нанесла ракетныя ўдары, праблемы з электрычнасьцю, вадой і сувязьзю.

Прэм’ер-міністар Украіны Дзяніс Шмыгаль паведаміў, што ў выніку ранішніх абстрэлаў дронамі і ракетамі Расея пашкодзіла 18 аб’ектаў крытычнай інфраструктуры ў 10 рэгіёнах Украіны.

«Абясточаныя сотні населеных пунктаў у сямі абласьцях. Наступствы маглі быць нашмат горшымі, але дзякуючы гераічнай і прафэсійнай працы СПА з больш як 50 выпушчаных па нашай тэрыторыі ракет зьбіта 44. Дзякую байцам, якія абараняюць наша неба», — напісаў Дзяніс Шмыгаль у сваім тэлеграм-канале.

У Кіеўскай вобласьці было чуваць, як працавала супрацьпаветраная абарона. Украінскія тэлеграм-каналы паведамлялі, што сродкі СПА таксама задзейнічалі і ў іншых абласьцях — Адэскай, Віньніцкай і Кіраваградзкай.

Некалькі выбухаў прагучала ў Кіеве, Вышгарадзкім раёне Кіеўскай вобласьці, у Віньніцкай вобласьці, Крывым Рогу, Крэменчуку, Чаркаскай вобласьці, у Запарожжы, Харкаве, Палтаўскай вобласьці.

Абласныя ўлады Чаркаскай вобласьці паведамілі, што ў выніку абстрэлу пашкоджаны аб’ект крытычнай інфраструктуры, у рэгіёне зьнікла электрычнасьць.

Мэр Кіева Віталь Клічко паведаміў, што ў выніку ракетных удараў па аб’ектах крытычнай інфраструктуры частка сталіцы Ўкраіны засталася без электрычнасьці.

Кіеўскія ўлады заявілі, што ў выніку абстрэлу Кіеўскай ГЭС, якая знаходзіцца за некалькі кілямэтраў ад сталіцы, 80% кіеўлян засталіся бяз водазабесьпячэньня. Спэцыялісты ўжо пачалі работы для аднаўленьня, але ўлады просяць грамадзян зрабіць запасы вады. Каля 350 тысяч кватэр засталіся яшчэ і безь сьвятла.

Жыхары Кіева хаваюцца ад расейскіх абстрэлаў у мэтро. 31 кастрычніка
Жыхары Кіева хаваюцца ад расейскіх абстрэлаў у мэтро. 31 кастрычніка

Паводле абласных уладаў Запароскай вобласьці, у абласным цэнтры расейскія ракеты пашкодзілі таксама аб’екты крытычнай інфраструктуры. Кіраўнік вобласьці Аляксандар Старух паведаміў, што Расея абстраляла Запарожжа з авіяцыі. Улады высьвятляюць інфармацыю аб пацярпелых.

Жыхары Запарожжа паведамляюць аб пажары на ДнепраГЭС.

Міністэрства інфраструктуры Ўкраіны паведаміла, што ў выніку расейскіх ўдараў без электрычнасьці засталося некалькі ўчасткаў Украінскай чыгункі. Вымушаныя былі вывезьці рэзэрвовыя цеплавозы. Прыбыцьцё цягнікоў у Ужгарад, Краматорск і Дніпро затрымліваецца.

Паветраныя сілы Ўкраіны заявілі, што расейцы выпусьцілі больш за 20 ракет. Бамбавальнікі ляцелі з Растоўскай вобласьці Ту-95 і Ту-160. Удары расейцаў пайшлі і па дзьвюх ГЭС, Навадняпроўскай і Крамянчуцкай.

З раніцы сілы СПА Ўкраіны зьбілі 44 расейскія крылатыя ракеты з больш чым 50 выпушчаных. У многіх рэгіёнах Украіны адсутнічае электрычнасьць.

  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, пакуль немагчымая.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG