Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка прапанаваў Палаце прадстаўнікоў прыпыніць пагадненьне аб рэадмісіі з Эўразьвязам


Група афганскіх мігрантаў на мяжы Беларусі і Польшчы, жнівень 2021 г.
Група афганскіх мігрантаў на мяжы Беларусі і Польшчы, жнівень 2021 г.

Лукашэнка ўнёс на разгляд законапраект «Аб прыпыненьні дзеяньня Пагадненьня паміж Рэспублікай Беларусь і Эўрапейскім Зьвязам аб рэадмісіі асоб, якія знаходзяцца без дазволу».

Дакумэнт падрыхтаваны ў рамках «захадаў у адказ на недружалюбныя дзеяньні, прынятыя Эўразьвязам і яго дзяржавамі-сябрамі ў дачыненьні да Беларусі», — гаворыцца ў паведамленьні тэлеграм-каналу прэс-службы Лукашэнкі.

Пагадненьне вызначае мэханізм перадачы, прыняцьця і вяртаньня асоб, якія парушылі ўмовы ўезду, знаходжаньня і пражываньня. Бліжэйшым часам адпаведныя абавязаньні Беларусі будуць «замарожаныя».

Пагадненьнем прадугледжана, што кожны бок мае права часткова або цалкам часова прыпыніць яго дзеяньне, афіцыйна апавясьціўшы пра гэта іншы бок.

Упершыню аб прыпыненьні пагадненьня было заяўлена ў канцы чэрвеня. Тады беларускае МЗС паведаміла, што пачынае рэалізацыю працэдуры прыпыненьня дзеяньня пагадненьня аб рэадмісіі.

Беларусь увесну 2020 году ратыфікавала дамову аб рэадмісіі асобаў з Эўразьвязу, якія прыбылі туды без дазволу. Беларусі далі 2-гадовы пэрыяд, цягам якога рэадмісія грамадзян трэціх краін ажыцьцяўляцца ня мусіла. За гэты час плянавалася стварыць адпаведную інфраструктуру для ўтрыманьня замежнікаў: памяшканьні, тэхніку і іншае.

Падпісаньне пагадненьня было зьвязана і зь візавым пытаньнем — цана на візу (за выключэньнем доўгатэрміновых візаў для вучобы ці працы ў краінах шэнгенскай зоны) зьніжалася да 35 эўра. У канцы чэрвеня, ужо пасьля пачатку міграцыйнага крызісу, прэс-сакратар замежнапалітычнай службы Эўразьвязу Набіла Масралі казала, што магчымае прыпыненьне пагадненьне не адаб’ецца на цане візы для беларускіх грамадзян.

Раней з прычыны рэзкага наплыву мігрантаў з краін Азіі і Афрыкі праз тэрыторыю Беларусі ў прылеглыя краіны Эўразьвязу Літва, Латвія, а затым і Польшча ўвялі рэжым надзвычайнага становішча на памежных тэрыторыях. Кіраўніцтва гэтых дзяржаў абвінаваціла Лукашэнку ў выкарыстаньні мігрантаў як помсты Эўразьвязу за санкцыі. 8 верасьня Эўразьвяз заявіў дэмарш афіцыйнаму Менску аб незаконных пераходах мяжы з боку Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG