Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Польшчы выйшаў падручнік беларускай літаратуры для 4-й клясы ліцэя. Размаўляем з аўтарам


Ян Карчэўскі, настаўнік беларускай мовы ў ліцэі ў Гайнаўцы, са сваёй вучаніцай
Ян Карчэўскі, настаўнік беларускай мовы ў ліцэі ў Гайнаўцы, са сваёй вучаніцай

Новы падручнік беларускай літаратуры для ліцэістаў у Польшчы называецца звычайна — «Родная літаратура. 4 клас агульнаадукацыйнага ліцэя». Што ў ім? Хто па ім будзе вучыцца? Размаўляем з аўтарам, Янам Карчэўскім.

Ян Карчэўскі — доўгагадовы настаўнік беларускай мовы ў агульнаадукацыйным ліцэі ў Гайнаўцы, грамадзкі актывіст, аўтар падручнікаў беларускай літаратуры для беларускай этнічнай меншасьці ў Польшчы. На днях вучні на Падляшшы атрымалі ўкладзены ім падручнік для 4-й, завяршальнай, клясы ў сыстэме сярэдняй адукацыі ў Польшчы.

— Калі мы гаварылі з табою для Свабоды два з паловай гады таму, ты сказаў, што напісаў і выдаў новы падручнік беларускай літаратуры для трэцяй клясы ў ліцэі і працуеш над падручнікам для чацьвёртай клясы. І вось цяпер гэты падручнік надрукавалі. Дзе ён фізычна ёсьць? І хто яго атрымае?

— Выдавец падручніка — Фонд імя князя Канстанціна Астроскага ў Беластоку (Fundacja im. Księcia Konstantego Ostrogskiego). Увесь наклад падручніка знаходзіцца ў Кураторыі асьветы ў Беластоку, таму што выдавецтва туды яго перадало. Ну, а Кураторыя цяпер перадае падручнік бясплатна зацікаўленым школам.

Наклад падручніка — 500 штук. У свой ліцэй я ўзяў сваю частку ўчора (размова адбылася 26 кастрычніка. — РС). У Кураторыі мне сказалі, што сёньня па кніжкі прыедзе дырэктар бельскага ліцэя зь беларускай мовай. Яшчэ сказалі, што кніжкі паедуць і ў Міхалова, бо, аказваецца, і там ёсьць урокі беларускай мовы ў ліцэі. Ну, і ёсьць яшчэ такая міжшкольная ліцэйская група ў Беластоку.

— Выдавец падручніка — гэта Фонд імя князя Канстанціна Астроскага. А хто прафінансаваў выданьне?

— Міністэрства нацыянальнай адукацыі Польшчы. Рэдактарка выдавецтва, спадарыня Анна Радзюкевіч, дамаўлялася зь міністэрствам пра ўсе фінансавыя справы, зьвязаныя з выданьнем.

— Скажы крыху пра этапы, празь якія мусіць прайсьці такі падручнік, каб напрыканцы трапіць у рукі ліцэістаў. Ты здаеш тэкст, яго чытаюць нейкія рэцэнзэнты, што яшчэ?..

— Так. Я рыхтую матэрыял у падручнік, разам з рэдактаркай Аннай Радзюкевіч мы яго абмяркоўваем, абменьваемся поглядамі і заўвагамі, уносім праўкі. А потым сапраўды — тэкст трапляе да рэцэнзэнтаў, якія яго чытаюць, правяраюць, пішуць рэцэнзіі і заўвагі, якія трапляюць да аўтара, то бок у гэтым выпадку да мяне. Маё заданьне — выправіць тое, з чым я пагаджаюся, і напісаць свае заўвагі адносна таго, з чым не пагаджаюся. Бо аўтар не абавязаны ўсё выпраўляць паводле жаданьня рэцэнзэнтаў, калі лічыць, што яны ня маюць рацыі. І рэцэнзэнты нярэдка пагаджаліся з маім меркаваньнем.

— А хто рыхтуе ілюстрацыйны матэрыял для кнігі?

— Пераважную частку гэтага матэрыялу рыхтуе рэдактар, то бок у нашым выпадку спадарыня Анна Радзюкевіч. Але ёсьць там таксама і мае прапановы ў некаторых месцах, напрыклад, рэпрадукцыі некалькіх карцін маладога мастака з Гайнаўкі.

— Распаўсюдам падручніка займаецца, як ты сказаў, Кураторыя. А вось нехта збоку школьнай сыстэмы — напрыклад, я — можа неяк набыць гэтае выданьне? Ці гэта выключна ўнутраная школьная справа?

— Гэта ўнутраная школьная справа. Падручнік нельга купіць, таму што ён перадаецца школам бясплатна. Школы таксама ня маюць права ім гандляваць. У нашым выпадку падручнікі ідуць у школьную бібліятэку, там яны рэгіструюцца, а потым вучні іх пазычаюць і вяртаюць назад пад канец школьнага году…

— Давай цяпер пра тое, што ў тваім падручніку можна знайсьці. Які літаратурны пэрыяд — ці як вы цяпер гэта называеце ў школе — ахоплівае твой падручнік для чацьвёртай клясы?

— Падручнік ахоплівае, можна сказаць, самую сучасную беларускую літаратуру. Ён складаецца з чатырох разьдзелаў.

Першы разьдзел: «На сучасным этапе». Гэта самая сучасная беларуская літаратура, якую прадстаўляюць, сярод іншых: Ніл Гілевіч, Алесь Разанаў, Уладзімер Някляеў, Уладзімер Арлоў, Барыс Пятровіч, Віктар Шніп, Ігар Бабкоў, Сьвятлана Алексіевіч. Пры нагодзе заўважу, што нядаўна я гартаў падручнік літаратуры, выдадзены ў Беларусі ў 2021 годзе, і там некаторых з названых мною аўтараў дарма шукаць, у тым ліку і нобэлеўскую ляўрэатку Сьвятлану Алексіевіч.

Далей маем «Беларускую эміграцыйную літаратуру»: Натальля Арсеньнева, Ларыса Геніюш, Масей Сяднёў. У гэтым разьдзеле таксама ёсьць інтэрвію пра Скарынаўскую бібліятэку ў Лёндане.

Трэці разьдзел: «Творчая дзейнасьць беларусаў у Польшчы». Тут галоўным чынам пра творчасьць Літаратурнага аб’яднаньня «Белавежа» і яе самых відных прадстаўнікоў: Алеся Барскага, Віктара Шведа, Яна Чыквіна, Сакрата Яновіча, Надзеі Артымовіч. Але побач зь імі — творы двух прадстаўнікоў малодшага пакаленьня: Міхала Андрасюка і Андрэя Сьцепанюка.

Чацьвёрты разьдзел называецца «Культурна-асьветніцкая дзейнасьць беларусаў у Польшчы». У ім пра нашу культурную дзейнасьць, сродкі масавай інфармацыі, пра беларускія музэі ў Гайнаўцы і ў Студзіводах, тэатральнае і фільмовае жыцьцё, беларускае школьніцтва, музычныя фэстывалі «Бардаўская восень» і «Басовішча».

Можа табе будзе цікава дазнацца, што ў гэты чацьвёрты разьдзел трапіў і ты з урыўкамі двух сваіх тэкстаў: твайго «падляскага маніфэсту» з 2005 году «Pisati po-svojomu» на польскай мове і «сямейнага эсэ» «Koli ja byv złodijom liêsu» па-падляску…

— Ты што, сур’ёзна?! І табе ніхто нічога ў міністэрстве не сказаў супраць такой экстравагантнасьці?

— Ніхто нічога. Рэцэнзэнты, дактары беларускай філялёгіі, не напісалі ні аднюсенькай адмоўнай заўвагі на зьмяшчэньне гэтых тваіх тэкстаў. Яны гэта ўспрынялі, як мне здаецца, як нешта цалкам натуральнае ў гэтым падручніку.

— Ну, Ян, ты двойчы або і тройчы волат нашага падляскага асьветніцтва! Дзякуй табе! Ты зрабіў прарыў, ці як гэта назваць… Як скажу сваёй жонцы, то не паверыць…

— (Сьмяецца.) Ну, а сам падручнік завяршаецца «Слоўнікам літаратуразнаўчых тэрмінаў».

— Ці існуе гэты твой падручнік у нейкай даступнай электроннай форме, каб можна было яго пабачыць усім тым, хто не наведвае школьных бібліятэк у ліцэях у Гайнаўцы і Бельску?

— Так, у падручніку ёсьць спасылка на адукацыйную плятформу, на якой гэты падручнік мае зьявіцца (наколькі ведаю, яшчэ не зьявіўся). І электронная вэрсія мае зьявіцца таксама на сайце выдаўца.

— Слухай, на заканчэньне задам табе пытаньне наконт карыстальнікаў твайго падручніка, то бок наконт тваіх вучняў. Вось нядаўна мы даведаліся, што ў ліцэі зь беларускай мовай у Бельску 48 вучняў у чацьвёртай клясе «выпісаліся» з урокаў беларускай мовы. Вам у Гайнаўцы такое не пагражае? Не пагражае сытуацыя, што гэты падручнік можа аказацца непатрэбным?

— Я думаю, пакуль што нам гэта не пагражае. Пакуль што сытуацыя зь беларускай мовай у нас неблагая. Пра гэта сьведчыць хаця б тое, што цягам больш чым дзесяці апошніх гадоў мы набіралі па тры клясы вучняў, якім трэба вывучаць беларускую мову. Сёлета мы набралі вучняў у чатыры паралельныя клясы. І вучні ж дакладна ведалі, выбіраючы наш ліцэй, што ім давядзецца вывучаць беларускую мову.

— Давай на гэтай аптымістычнай ноце і закончым. Дзякуй табе за ўсё!

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG