«Што тычыцца падручнікаў, розных кніг, якія па-рознаму трактуюць або стаяць на антыбеларускіх пазыцыях, — рыхтуюцца пэўныя навэлы ў заканадаўства, каб гэтыя пытаньні дакладна рэгуляваць... Як і ў рабоце экскурсаводаў, каб быў наведзены элемэнтарны парадак», — цытуе Сергеенку «СБ. Беларусь сегодня».
На думку чыноўніка, павінен быць «адзіны навуковы погляд на нашу гісторыю».
«Калі чалавек працуе ў дзяржаўнай структуры, з моладзьдзю, з насельніцтвам у цэлым, ён павінен праводзіць лінію дзяржавы ў тым ліку і ў падачы гістарычных зьвестак», — дадаў ён.
Старшыня рэспубліканскага таварыства «Веды», палітоляг Вадзім Гігін, які таксама выступіў на пасяджэньні рады, адзначыў, што цяпер у беларускай гандлёвай сетцы яшчэ можна сустрэць падручнікі і дапаможнікі, якія скажаюць гісторыю Беларусі.
«Меры будуць і далей удасканальвацца. Яны павінны адбірацца зь сеткі продажу, і гэта будзе рабіцца. У нас ёсьць мэханізмы, каб гэту работу паскорыць. Зьмены, якія адбываюцца ў гістарычнай палітыцы пасьля 2020 году, маюць сыстэмны і правільны характар. Але, вядома, хацелася б, каб гэта яшчэ хутчэй адбывалася. Але і так дынаміка дастаткова высокая», — прыводзіць словы Гігіна агенцтва БелТА.
БелТА таксама паведамляе, што з наступнага году ў Беларусі экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў будуць атэстоўваць тэрмінам на пяць гадоў.
Паводле Ірыны Варановіч, дырэктаркі дэпартамэнту турызму Міністэрства спорту і турызму Беларусі, да атэстацыі не дапусьцяць тых, у каго ёсьць судзімасьць за «злачынствы, накіраваныя на прапаганду вайны, распальваньне расавай, нацыянальнай варожасьці, абразу прэзыдэнта, іншых прадстаўнікоў улады, зьдзек зь дзяржаўных сымбаляў і іншае».