«Андрэй, я зычу вам, і самому сабе, і ўсім нам, каб гэтае трызьненьне скончылася яшчэ хутчэй, чым мы думаем. А па-іншаму і быць ня можа», — публікуе зварот Андрэя Макарэвіча да Андрэя Скурко тэлеграм-канал @by_culture.
Выданьне з спасылкай на сяброў Скурко адзначае, што Макарэвіч — першы музыка, якога ён памятае зь дзяцінства.
«Калі б не гітарны пройгрыш у песьні „Флюгер“, то ён, можа, музыкай і не зацікавіўся б», — расказалі сябры журналіста.
Андрэй Скурко — кіраўнік аддзелу рэклямы і маркетынгу газэты «Наша ніва», у розныя гады быў яе аўтарам і рэдактарам, з 2006 па 2017 год — галоўным рэдактарам, а таксама пісаў для часопіса «Наша гісторыя».
Ён таксама сузаснавальнік, бас-гітарыст і аўтар тэкстаў для гурта «Цмокі» (Band A).
У ліпені 2021 году Скурко і іншых ягоных калегаў арыштавалі нібыта за арганізацыю пратэстаў, але ў выніку ў сувязі з пратэстамі ня выставілі наагул ніякіх абвінавачаньняў. Андрэя асудзілі на 2,5 года пазбаўленьня волі паводле артыкула 216 («Прычыненьне маёмаснай шкоды без прыкмет крадзяжу»).
Суд пагадзіўся з довадамі сьледзтва аб тым, што кіраўніцтва «Нашай нівы» нібыта няправільна аплачвала камунальныя паслугі — паводле тарыфаў для фізычных асоб, а не юрыдычных, і так прычыніла шкоду прадпрыемству «Мінэнэрга» ў памеры больш за 10 тысяч рублёў (каля $4 тысяч). Пры гэтым само прадпрыемства з прэтэнзіямі ніколі не зьвярталася.
На пачатку чэрвеня 2022 году Андрэя перавялі ў калёнію № 15 у Магілёве. Адтуль ён піша вершы для свайго маленькага сына Тамашыка, а на волі яны ператвараюцца ў мультфільмы.
Згодна з прысудам, Андрэй Скурко павінен выйсьці на волю 18 жніўня 2023 году.