Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Юлія Навальная заявіла, што дзьве лябараторыі пацьвердзілі атручэньне ейнага мужа


Аляксей Навальны
Аляксей Навальны

Аляксей Навальны быў атручаны ў калёніі, сьцьвярджае ягоная ўдава.

Юлія Навальная заявіла, што дзьве лябараторыі, незалежна адна ад адной пацьвердзілі, што ейны муж быў атручаны ў калёніі.

Паводле Юліі Навальнай, пасьля сьмерці мужа 16 лютага 2024 году ў калёніі ў Харпе ўдалося «атрымаць і надзейным спосабам пераправіць за мяжу ўзоры біялягічных матэрыялаў Аляксея». «Лябараторыі дзьвюх розных краін прыйшлі да высновы — Аляксей быў забіты. А менавіта — атручаны», — піша Навальная.

Яна заклікае лябараторыі, якія прыйшлі да высновы аб тым, што Навальны быў атручаны, апублікаваць вынікі дасьледаваньняў. Пры гэтым яна не называе гэтых лябараторый і ня піша аб тым, у якіх краінах яны працуюць. Яна намякае на тое, што вынікі могуць не публікаваць з «палітычных меркаваньняў». Але хто менавіта забараняе іх публікаваць, Навальная не гаворыць.

У атручэньні мужа яна абвінавачвае расейскія ўлады.

«Я сьцьвярджаю, што Ўладзімір Пуцін вінаваты ў забойстве майго мужа, Аляксея Навальнага. Я абвінавачваю расейскія спэцслужбы ў распрацоўцы забароненай хімічнай і біялягічнай зброі», — піша Навальная і заклікае журналістаў разам зь ёй патрабаваць публікацыі вынікаў расьсьледаваньняў аб тым, чым менавіта быў атручаны Навальны. Яна адзначыла, што заходнія краіны ня могуць пачаць крымінальную справу аб забойстве Навальнага, бо «грамадзянін Расеі забіты на тэрыторыі Расеі».

Юлія Навальная таксама апублікавала фатаграфію, якая, як сьцьвярджаецца, была зробленая ў яго камэры ў СІЗА калёніі ў Харпе ў дзень яго сьмерці 16 лютага. На падлозе відаць ваніты.

Паводле Навальнай, адсутнічаюць запісы відэакамэраў з калёніі ў дзень 16 лютага.

«Запісаў апошняга дня яго жыцьця нібыта не існуе. Відаць, на гэтых запісах ёсьць нешта такое, што зусім ніяк не супадае з афіцыйнай вэрсіяй. Інакш бы іх круцілі на паўторы па ўсіх каналах цэнтральнай тэлевізіі», — адзначае Навальная.

Раней выданьне The Insider і шэраг іншых СМІ публікавалі афіцыйныя дакумэнты, у якіх гаварылася аб тым, што Навальнаму раптоўна стала дрэнна, яго званітавала, пасьля ён страціў прытомнасьць, рэанімацыйныя мерапрыемствы вынікаў не далі. Ужо тады паплечнікі Навальнага меркавалі, што ён быў атручаны.

Аляксей Навальны памёр у калёніі асаблівага рэжыму ў запалярным пасёлку Харп 16 лютага 2024 году.

Апошнія гады жыцьця Аляксей Навальны правёў у расейскіх калёніях у цяжкіх умовах. Яго 27 разоў адпраўлялі ў ШЫЗА за любыя «правіны»: «ня так назваўся», «павольна выконваў патрабаваньні», «закатаў рукавы», цытаваў рашэньні ЭСПЧ.

Аляксей Навальны, заснавальнік Фонду барацьбы з карупцыяй, быў адным з самых яскравых апазыцыйных палітыкаў Расеі, галоўным апанэнтам прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна. Праводзіў шматлікія расьсьледаваньні фактаў карупцыі ў вышэйшых эшалёнах расейскай улады.

У 2013 годзе балятаваўся на выбарах мэра Масквы, атрымаўшы 27% галасоў выбарцаў. У 2020 годзе перажыў спробу атручэньня баявым атрутным рэчывам «Навічок». Пасьля лячэньня ў Нямеччыне ў 2021 годзе вярнуўся ў Расею, дзе быў неадкладна арыштаваны і атрымаў шэраг прысудаў, у выніку назначаны яму тэрмін склаў 19 гадоў пазбаўленьня волі ў некалькіх крымінальных артыкулах, уключаючы экстрэмізм.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG