Інфармацыйная хваля вакол вучэньняў была больш важнай і заўважнай, чым уласна самыя вучэньні, якія прайшлі традыцыйна, нават рутынна.
З чыста вайсковага гледзішча вучэньні «Захад-2025» былі менш маштабнымі ў параўнаньні зь мінулымі падобнымі манэўрамі. Узьнікла пэўная блытаніна што да колькасьці войскаў, якія ўдзельнічалі ў іх. Фігуравала лічба 30 тысяч вайскоўцаў. Уладзімір Пуцін учора заявіў, што ў вучэньнях удзельнічалі 100 тысяч чалавек.
Важна разумець, што вучэньні «Захад-2025» праходзяць адначасова ў Беларусі і Расеі. Асноўная іх частка праводзілася на расейскай тэрыторыі.
Міністар абароны Беларусі Віктар Хрэнін канстатаваў, што ў вучэньнях на беларускай тэрыторыі ўдзельнічаюць да 7000 чалавек — 6000 вайскоўцаў ад Беларусі і каля тысячы ад РФ. Агенцтва iSANS прыйшло да высновы, што «колькасьць эшалёнаў з тэхнікай і асабовым складам, якія прыбылі з Расеі ў Беларусь, прыкладна ў 10 разоў меншая, чым на вучэньнях «Захад-2021».
Калі ацэньваць ня гэтулькі вайсковы, колькі палітычны, замежнапалітычны аспэкт вучэньняў, то можна меркаваць, што Масква і Менск дэманстравалі трохі розныя падыходы да гэтай падзеі, рабілі інакшыя акцэнты, прынамсі на ўзроўні рыторыкі. Розьніца выяўлялася ў тым, што Расея імкнулася дэманстраваць сілу, пагрозу Захаду. А беларускі бок, наадварот, усяляк імкнуўся зьменшыць маштаб вучэньняў, падкрэсьліваў празрыстасьць, неваяўнічасьць, нават міралюбства, калі гэтае слова можна прымяніць да вайсковых манэўраў.
16 верасьня Ўладзімір Пуцін прыехаў на палігон у Ніжагародзкай вобласьці і назіраў за актыўнай фазай вучэньняў. Мэдыя РФ паведамлялі, што ў акваторыі Баранцава мора, якое амывае і Нарвэгію, расейскія сілы правялі манэўры з элемэнтамі абароны і прымяненьня ядзерных магчымасьцяў. Паралельна ў Калінінградзкай вобласьці, якая суседзіць з Польшчай і Літвой, Масква адпрацоўвала пускі ракет, здольных несьці ядзерныя боегалоўкі.
Зьяўленьне расейскіх дронаў у паветранай прасторы Польшчы экспэрты таксама зьвязваюць ў адзін ланцуг з вучэньнямі, лічаць іх дэманстрацыяй пагрозы заходнім праціўнікам.
Беларускія генэралы рабілі акцэнт на адмысловым рашэньні адвесьці вучэньні ўглыб краіны і зьнізіць колькасьць вайскоўцаў. Начальнік генэральнага штабу Павел Муравейка заявіў у сувязі са зьяўленьнем расейскіх бесьпілётнікаў у польскім небе, што беларускія вайскоўцы папярэдзілі аб пагрозе дронамі суседнія краіны — Польшчу і Літву. Польскі бок пацьвердзіў гэтую інфармацыю.
Важна таксама прасачыць, як мянялася публічная прэзэнтацыя вучэньняў. Падчас падобных манэўраў у 2009 і 2013 гадах у Беларусь прыяжджалі прэзыдэнты Расеі Мядзьведзеў і Пуцін. Яны разам з Аляксандрам Лукашэнкам прымалі даклад генэралаў аб выніках манэўраў. У 2017 і 2021 гадах прэзыдэнт Расеі не прыяжджаў, але Лукашэнка вучэньні наведваў.
Гэтым разам атрымалася яшчэ цікавей. Пуцін, як адзначалася вышэй, прыехаў на палігон. Але не ў Беларусь, а ў Ніжагародзкую вобласьць Расеі. А Лукашэнка ўпершыню ўвогуле не паехаў на вучэньні. Можна меркаваць, таму, каб не надаваць ім дадатковую вайскова-палітычную вагу. Маўляў, гэта ж шараговая падзея, ня вартая ўвагі кіраўніка.
Мала таго, гэтаму спадарожнічала трохі нязвыклая рыторыка Лукашэнкі. 16 верасьня пры ўручэньні дзяржаўных узнагародаў ён сказаў:
«Мы здольныя даць адказ любому агрэсару. Нікога не імкнемся заваяваць, бо ня зможам заваяваць. Мы гэта цудоўна разумеем. Вакол нас моцныя дзяржавы, што тут казаць».
Нагадаю, раней Лукашэнка заяўляў: «Наша армія самая магутная і баяздольная ў Эўропе».
У інтэрвію расейскаму часопісу «Разведчик», надрукаваным 15 верасьня, Лукашэнка адзначыў:
«У кіраўніцтве Польшчы, Літвы і Латвіі палітычныя амбіцыі важнейшыя за здаровы сэнс. Бюджэт на абаронныя расходы ў гэтых краінах ужо набліжаецца да 5 працэнтаў ВУП (для параўнаньня, у Беларусі — ня больш як 1 працэнт)».
Гэтае нечаканае міралюбства тлумачыцца, імаверна, тым, што Лукашэнка адчувае пэўны дыскамфорт ад статусу Беларусі як прыфрантавой дзяржавы, якую Расея выкарыстоўвае ў сваіх інтарэсах, часткова нават не інфармуючы Менск аб сваіх дзеяньнях. Тым больш падчас перамоўнага працэсу з ЗША, з дапамогай якога Лукашэнка імкнецца выбрацца з ізаляцыі на заходнім кірунку.
Дарэчы, беларускі бок запрасіў на вучэньні прадстаўнікоў усіх краін NATO. Адгукнуліся Вугоршчына, Турэччына і, што асабліва характэрна, ЗША. На палігон прыбылі два амэрыканскія вайсковыя аташэ. Падзея настолькі незвычайная на чацьвёртым годзе поўнамаштабнай агрэсіі Расеі супраць Украіны, што іх асабіста павітаў міністар абароны Хрэнін.
Магчыма, ня ўсе зьвярнулі ўвагу на словы спэцыяльнага прадстаўніка прэзыдэнта ЗША Джона Коўла журналістам пасьля апошняга наведваньня ім Менску і перамоваў з Аляксандрам Лукашэнкам. А Коўл сказаў, што ідзецца ня толькі пра вызваленьне палітвязьняў, а пра агульнае паляпшэньне беларуска-амэрыканскіх дачыненьняў. Вось мы і назіраем некаторыя наступствы гэтых перамоваў. Як адзначыў з гэтай нагоды прадстаўнік Пэнтагону Шон Парнэл, «мы прынялі запрашэньне ў сьвятле нядаўніх прадуктыўных двухбаковых кантактаў паміж нашымі краінамі». Гучыць шматабяцальна.
Форум