«У Глыбокім адмаўляюцца пацьвердзіць, што Мікола Статкевіч у іх. Была на асабістым прыёме», — напісала Марына Адамовіч на сваёй старонцы ў Facebook.
Як вынікае з гэтага допісу, у калёніі паабяцалі надаць адказ на яе зварот у пісьмовым выглядзе цягам 15 дзён.
Прадстаўніца па сацыяльнай палітыцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінэта Беларусі Вольга Зазулінская зьвярнулася да міжнароднай супольнасьці з заклікам прыкласьці ўсе намаганьні дзеля атрыманьня афіцыйнай інфармацыі пра лёс і месцазнаходжаньне Статкевіча.
Яна нагадала, што 11 верасьня Мікола Статкевіч адмовіўся ад прымусовай дэпартацыі ў Літву і вярнуўся ў Беларусь. Некаторы час ён знаходзіўся на нэйтральнай паласе паміж дзьвюма краінамі. Былі надзеі, што палітык апынецца дома, але гэтага не адбылося — яго месцазнаходжаньне дагэтуль невядомаt. Выданьне «Наша Ніва» паведамляла, што палітвязень знаходзіцца ў турме ў Глыбокім.
Аднак жонка палітвязьня Марына Адамовіч распавяла, што ў Глыбокім турэмная адміністрацыя адмаўляецца пацьвердзіць, ці Мікола Статкевіч утрымліваецца там, заявіла Зазулінская:
«Зноў інфармацыйны вакуўм — і гэта пасьля амаль трох гадоў яго ізаляцыі ад зьнешняга сьвету ў рэжыме інкамунікада.Сёньня мы ня ведаем, дзе знаходзіцца Мікола Статкевіч і ў якіх умовах. Таму зьвяртаюся з просьбай да ўсіх міжнародных структур і дыпляматаў прыкласьці ўсе магчымыя намаганьні, каб атрымаць афіцыйнае пацьвярджэньне лёсу і месцазнаходжаньня Міколы Статкевіча. Гэта пытаньне ня толькі чалавечай годнасьці і правоў аднаго чалавека. Гэта выпрабаваньне для ўсёй міжнароднай сыстэмы абароны правоў чалавека».
- Міколу Статкевіча вызвалілі з турмы 11 верасьня 2025 году ў рамках палітычнай угоды, згодна з якой 52 зьняволеныя выйшлі на волю ў абмен на зьняцьце санкцыяў ЗША зь беларускага дзяржаўнага авіяперавозьніка «Белавія».
- Пры гэтым улады Беларусі спрабавалі прымусіць усю групу пакінуць Беларусь, даставіўшы 52 чалавекі да літоўскай мяжы. Аднак Статкевіч адмовіўся пераходзіць мяжу, заявіўшы: «Я буду працягваць змагацца!», перш чым вырвацца з аўтобуса, у якім яго перавозілі разам зь іншымі былымі зьняволенымі, у нэўтральнай зоне.
- Запісы з камэраў відэаназіраньня паказваюць, што яго зноў затрымалі людзі ў масках, якія падышлі зь беларускага боку.
- Афіцыйнага пацьверджаньня месца знаходжаньня Статкевіча ўлады не далі.
Як слушна называць прымусовы вываз палітычных вязьняў за мяжу Беларусі
Палітычных вязьняў, якіх улады Беларусі вызваляюць з турмаў у межах пагадненьняў з амэрыканскім бокам, не пакідаюць у Беларусі. Гэта абурае многіх зь іх, якія амаль даседзелі прызначаны турэмны тэрмін і спадзяваліся жыць на радзіме, аднак апынуліся за мяжою, бяз дому і часта без дакумэнтаў. Як будзе найбольш карэктна называць гэты прымусовы вываз людзей з краіны? Разьбіраемся.
Выправаджэньне (выдварэньне)?
Не, бо выправадзіць зь Беларусі могуць толькі замежных грамадзян і асобаў без грамадзянства за правапарушэньні.
Такія дзеяньні адбываюцца ў форме высланьня (высылкі), распараджэньня пакінуць краіну, якое іншаземец можа выканаць добраахвотна;
або дэпартацыі, адміністрацыйнага выправаджэньня іншаземца за межы краіны.
Высланьне і дэпартацыя іншаземных грамадзян і асобаў без грамадзянства рэглямэнтуюцца адпаведнымі заканадаўчымі актамі. Высланьне і дэпартацыя грамадзян Беларусі забароненыя законам.
Найбольш слушным тэрмінам у цяперашнім становішчы беларускіх палітвязьняў будзе прымусовая экспатрыяцыя (антонім рэпатрыяцыі). Гэта — выгнаньне грамадзяніна Беларусі за межы ягонай радзімы. Прымусовая экспатрыяцыя — незаконная працэдура, яна супярэчыць Канстытуцыі краіны.
Форум