Улады Беларусі выгналі з краіны 38 уласных грамадзян. Некалькі месяцаў таму гэтак жа ўчынілі яшчэ з чатырнаццацьцю палітвязьнямі. Гэта грубае парушэньне і беларускага, і міжнароднага заканадаўства, адзначаюць беларускі і літоўскі юрысты.
11 верасьня пасьля сустрэчы ў Менску Аляксандра Лукашэнкі з амэрыканскай дэлегацыяй былі вызваленыя 52 палітзьняволеныя, сярод якіх 14 замежных грамадзян і 38 беларускіх. Пазьней прэс-сакратарка Лукашэнкі Натальля Эйсмант у інтэрвію расейскаму агенцтву ТАСС заявіла, што іх памілавалі. Але такое «вызваленьне» і выезд за мяжу супярэчыць дзейнаму беларускаму заканадаўству, мяркуе былая беларуская адвакатка Натальля Мацкевіч.
«У беларускім заканадаўстве няма нормы, адпаведна якой грамадзяніна Рэспублікі Беларусь безь ягонай згоды можна было б выправадзіць з краіны. Наадварот. У Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь замацавана права свабоднага перамяшчэньня: грамадзяне Рэспублікі Беларусь маюць права пакідаць краіну і вяртацца ў яе», — даводзіць Натальля Мацкевіч.
Літоўскі праваабаронца Віціс Юрконіс адзначае, што выезд большасьці беларусаў у Літву адбываўся бязь іх згоды.
«Гэта прымусовае выправаджэньне. У людзей, зь якімі я камунікаваў, турэмны тэрмін сканчваўся праз 30, у кагосьці праз 60 дзён. І яны ўжо плянавалі, што будуць рабіць там, з кім будуць сустракацца. У іх не было ў плянах зьяжджаць з сваёй краіны, ім проста сказалі, што вы зьяжджаеце», — сказаў Юрконіс.
Ужо на тэрыторыі Літвы частка палітзьняволеных даведалася, што іх вывезьлі ў Літву без пашпартоў, толькі з даведкай, якая пацьвярджае асобу, з подпісам тагачаснага кіраўніка дэпартамэнту грамадзянства і міграцыі Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі Аляксея Бегуна. Між тым вядома, што 8 верасьня Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ аб прызначэньні на гэтую пасаду Івана Новікава.
«Я на пэнсіі. Без камэнтароў», — адказаў 17 верасьня Аляксей Бягун журналісту, які спрабаваў высьветліць, калі ён падпісаў даведкі, якія аказаліся ў некаторых палітзьняволеных.
Паводле часткі палітзьняволеных, якіх вывезьлі ў Літву 11 верасьня, раней у іх былі пашпарты, але перад перасячэньнем дзяржаўнай мяжы пашпартоў ім ня выдалі. Пра гэта, прыкладам, паведаміла карэспандэнту Свабоды пэнсіянэрка Галіна Дзербыш.
— У мяне забралі беларускі пашпарт, які быў зроблены ў калёніі. Сюды не аддалі. Тут выдалі літоўскую візу.
— А хто забраў ваш пашпарт?
— КДБ забраў, — адказала Галіна Дзербыш.
Між тым у самім дэпартамэнце нічога не тлумачаць пра даведкі, якія аказаліся на руках некаторых вызваленых 11 верасьня. Так, начальніку ўпраўленьня грамадзянства, пашпартнай працы і выезду за мяжу МУС Беларусі Паўлу Хрышчановічу пра такія дакумэнты нічога невядома:
«Даведка, якая пацьвярджае асобу... А што гэта за даведка? У сувязі з чым яна можа выдавацца? У нас ёсьць даведка, калі чалавек згубіў пашпарт, і вось ён зьвяртаецца ў падразьдзяленьне па грамадзянстве і міграцыі і яму выдаюць на час вырабу новага пашпарта даведку формы № 9 на месяц, і ён ёю карыстаецца як дакумэнтам, які пацьвярджае асобу на тэрыторыі краіны. Вось гэта толькі ёсьць такая даведка», — сказаў Павал Хрышчановіч.
Паводле міліцыянта, з даведкай, якая часова замяняе пашпарт, за мяжу выяжджаць нельга.
«Акрамя пашпарта — біямэтрычнага пашпарта ці пашпарта старога ўзору 1996 году, іншых дакумэнтаў для грамадзян Беларусі для выезду за мяжу ў нас не існуе», — сказаў начальнік упраўленьня грамадзянства, пашпартнай працы і выезду за мяжу Хрышчановіч.
Юрыстка Натальля Мацкевіч расказала, што адбываецца з пашпартам грамадзяніна Беларусі, якога затрымалі і потым асудзілі.
«Калі чалавека затрымліваюць ці арыштоўваюць, ягоны пашпарт часова забіраюць і абавязаныя выдаць яго на рукі, калі вызваляюць. Гэта называецца часовае выняцьце пашпарта. Пашпарт знаходзіцца ці ў крымінальнай справе, калі ён зьяўляецца доказам, ці ў дакумэнтах, у ягонай асабістай справе там, дзе чалавек знаходзіцца пад вартай ці адбывае пакараньне ў папраўчай установе. Па выхадзе з папраўчай установы гэты пашпарт аддаюць грамадзяніну.
Юрыстка Натальля Мацкевіч падкрэсьліла, што даведкі, якія яна бачыла ў вызваленых палітвязьняў, былі выдадзеныя 5 верасьня.
«Значыць, нават калі ў гэтых людзей не было дакумэнта, калі ён недзе згубіўся, ці скончыўся тэрмін дзеяньня і ён несапраўдны, то можна сабе ўявіць, калі такое рашэньне ўжо было прынятае. А працэс памілаваньня — гэта працэс не аднаго дня. То нічога не перашкаджала дакумэнтаваць гэтых людзей новымі пашпартамі. Бо я ведаю выпадкі, і гэта магчыма, дакумэнтавалі людзей і ў сьледчым ізалятары, і ў калёніях дакумэнтуюць людзей, перашкодаў да гэтага — фізычных ці арганізацыйных — абсалютна няма. Чаму іх не дакумэнтавалі, нават калі, дапусьцім, у пашпартоў скончыўся тэрмін дзеяньня, — гэта вялікае пытаньне».
Віціс Юрконіс расказаў пра ўдзел літоўскай дзяржавы ў лёсе беларусаў, якія апынуліся на мяжы без пашпартоў.
«У гэтым пляне Літва працягвае руку, выдае пашпарты іншаземцаў. У Польшчы такі дакумэнт таксама выдаецца. Нават калі беларускі рэжым імкнецца неяк абцяжарыць жыцьцё былых палітзьняволеных і пасьля іх вызваленьня, і Літва, і Польшча ведаюць, што рабіць».
Літоўскі праваабаронца і беларуская адвакатка пагаджаюцца ў ацэнцы таго, як беларуская дзяржава абышлася з сваімі грамадзянамі.
«Гэта таксама трэба лічыць унёскам у пералік злачынстваў беларускага рэжыму, бо нават пры вызваленьні — хоць гэта ўмоўнае вызваленьне, таму што большасьць тэрміну яны ўжо адбылі і гэта было палітычна матываванае зьняволеньне — дык вось нават пры гэтым ёсьць дадатковае парушэньне правоў гэтых людзей», — сказаў Віціс Юрконіс пра выдварэньне беларусаў у Літву.
«Тут ёсьць прыкметы прымусовай дэпартацыі. Першае, гэта робіцца праз маральны і фізычны прымус. Другая прыкмета — гэта адсутнасьць у асобы вольнага выбару: зьехаць альбо застацца. І трэцяе — гэта дыскрымінацыйныя матывы. Бо мы бачым, што гэта робяць з асобамі з пэўнымі палітычнымі поглядамі. Што, уласна, і не хаваюць ўлады і прапагандысты».
Сярод 52 палітвязьняў, вызваленых 11 верасьня, быў і палітык Мікола Статкевіч. Пра яго нічога не было вядома з 9 лютага 2023 году. Мікалая Статкевіча затрымалі ў траўні 2020 году і асудзілі на 14 гадоў няволі. Палітык адмовіўся пакінуць Беларусь і вярнуўся зь мяжы назад. Дзе ён знаходзіцца цяпер — невядома. Ягоная жонка Марына Адамовіч падала заяву ў міліцыю пра зьнікненьне чалавека.
Як слушна называць прымусовы вываз палітычных вязьняў за мяжу Беларусі
Палітычных вязьняў, якіх улады Беларусі вызваляюць з турмаў у межах пагадненьняў з амэрыканскім бокам, не пакідаюць у Беларусі. Гэта абурае многіх зь іх, якія амаль даседзелі прызначаны турэмны тэрмін і спадзяваліся жыць на радзіме, аднак апынуліся за мяжою, бяз дому і часта без дакумэнтаў. Як будзе найбольш карэктна называць гэты прымусовы вываз людзей з краіны? Разьбіраемся.
Выправаджэньне (выдварэньне)?
Не, бо выправадзіць зь Беларусі могуць толькі замежных грамадзян і асобаў без грамадзянства за правапарушэньні.
Такія дзеяньні адбываюцца ў форме высланьня (высылкі), распараджэньня пакінуць краіну, якое іншаземец можа выканаць добраахвотна;
або дэпартацыі, адміністрацыйнага выправаджэньня іншаземца за межы краіны.
Высланьне і дэпартацыя іншаземных грамадзян і асобаў без грамадзянства рэглямэнтуюцца адпаведнымі заканадаўчымі актамі. Высланьне і дэпартацыя грамадзян Беларусі забароненыя законам.
Найбольш слушным тэрмінам у цяперашнім становішчы беларускіх палітвязьняў будзе прымусовая экспатрыяцыя (антонім рэпатрыяцыі). Гэта — выгнаньне грамадзяніна Беларусі за межы ягонай радзімы. Прымусовая экспатрыяцыя — незаконная працэдура, яна супярэчыць Канстытуцыі краіны.
Форум