Гомельскага валянтэра Ільлю Міронава асудзілі на 1,5 года папраўчай калёніі і 200 базавых велічыняў штрафу. Пра вырак паведамляе «Гомельская вясна».
Паколькі Міронаў больш за год знаходзіўся ў СІЗА – яго пастанавілі вызваліць у залі суду. Спачатку Ільлю абвінавачвалі паводле арт. 130 КК («распальваньне варажнечы»), але ў працэсе сьледзтва абвінавачаньне замянілі на артыкул 369-1 («дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь»).
Увосень 2020 году Ільля Міронаў некалькі разоў сядзеў на «сутках» за акцыі пратэсту. У ліпені 2021-га яго затрымалі праз падазрэньне ў «акце тэрарызму». Ільля прабыў у ізалятары восем дзён, затым яго выпусьцілі. Пасьля ізалятара валянтэр пакутаваў ад боляў у сьпіне, бо восем начэй спаў на жалезным ложку без матраца і бялізны.
У канцы жніўня Ільля зноў трапіў у ІЧУ — гэтым разам за «пікет». Так судзьдзя трактаваў надпіс «Пишите письма» на футболцы валянтэра.
Ільля пісаў маці зь СІЗА, што хварэе, але лекары не зважаюць на яго скаргі і не дапамагаюць нічым. У лістах ён нават разьвітваўся з маці, бо пераймаўся, што ня вытрымае ўмоваў у турме.
Перастрэлка Андрэя Зельцара з групай КДБ. Што вядома
28 верасьня каля другой гадзіны дня супрацоўнікі КДБ у цывільнай вопратцы ўзламалі дзьверы і ўварваліся ў кватэру, дзе быў Андрэй Зельцар і ягоная жонка Марыя Ўсьпенская.
Паводле афіцыйнай вэрсіі, Зельцар двойчы стрэліў і сьмяротна параніў аднаго з групы КДБ. Супрацоўнікі КДБ застрэлілі яго ў адказ.
Жонку, якая здымала здарэньне на тэлефон, затрымалі за дапамогу ў забойстве.
Андрэю Зельцару быў 31 год.
У 2008 годзе ён скончыў тэхнікум бізнэсу і права. З 2016-га працаваў у Epam кіраўніком групы (team lead).
Захапляўся фэхтаваньнем, бегам па прыродным рэльефе, трыятлёнам.
Вядома, што ён плаціў дзяржаўнае мыта на права паляваньня. Гэта можа значыць, што стрэльбу ён меў законна, і пра гэта было вядома адпаведным службам. Мяркуючы па фота ў інстаграме Зельцара, марка стрэльбы — «ИЖ-27».
17 жніўня 2020 году ў сваім інстаграме ён заклікаў да ўсеагульнай забастоўкі і «ісьці да канца».
Ягоная жонка Марыя Ўсьпенская працавала ў сетцы крамаў побытавай хіміі, ёй 40 гадоў. У іх ёсьць сын, які нарадзіўся ў 2012 годзе.
Пра загінулага супрацоўніка КДБ спачатку афіцыйна паведамілі толькі пазыўны «Нірвана». У дзень разьвітаньня зь ім, 1 верасьня, з паведамленьня БелТА стала вядома, што яго імя Дзьмітры Федасюк, ён афіцэр групы «А» КДБ. Раней гэтыя зьвесткі неафіцыйна паведаміў ByPol. Федасюку быў 31 год. У яго засталіся жонка і малое дзіцё.
Праўладныя СМІ апублікавалі відэа зь месца здарэньня каля восьмай гадзіны вечара. Яно было змантаванае з запісаў дзьвюх камэр — з боку сілавікоў і з боку Зельцара. Сілавікі патлумачылі запіс з пакою Зельцара ягоным жаданьнем «хайпануць».
Некаторыя карыстальнікі сацыяльных сетак палічылі відэа пастаноўкай. У іншых на падставе паказаных кадраў узьніклі сумненьні ў афіцыйнай вэрсіі здарэньня. Выказваліся розныя меркаваньні: і што байца КДБ маглі сьмяротна параніць свае ж, і што Зельцар страляў траўматычнымі, а не паляўнічымі, кулямі (якія, аднак, зблізку таксама маглі нанесьці сьмяротнае раненьне).