Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША, Францыя і Вялікая Брытанія назвалі хлусьлівымі словы Расеі пра падрыхтоўку Ўкраінай «бруднай бомбы»


Міністарка замежных спраў Францыі Катрын Каляна, адна з аўтарак калектыўнай заявы Францыі, Вялікай Брытаніі і ЗША
Міністарка замежных спраў Францыі Катрын Каляна, адна з аўтарак калектыўнай заявы Францыі, Вялікай Брытаніі і ЗША

Пра гэта гаворыцца ў сумеснай заяве гэтых краін. Яны выказалі далейшы намер падтрымліваць Украіну.

Злучаныя Штаты Амэрыкі, Францыя і Вялікая Брытанія заявілі, што лічаць «адкрыта лжывай» інфармацыю Расеі аб «плянах Узброеных сіл Украіны» падарваць «брудную бомбу» на сваёй тэрыторыі.

Украіна будзе атрымліваць падтрымку сувэрэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасьці «столькі, колькі спатрэбіцца», запэўнілі кіраўнікі замежнапалітычных ведамстваў трох дзяржаў.

«Мы, міністры замежных спраў Францыі, Вялікай Брытаніі і ЗША, зноў заяўляем аб нашай нязьменнай падтрымцы сувэрэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны перад агрэсіяй Расеі, што працягваецца. Мы па-ранейшаму поўныя рашучасьці працягваць падтрымліваць намаганьні Ўкраіны ў абароне сваёй тэрыторыі столькі, колькі спатрэбіцца.

Сёньня міністры абароны кожнай з нашых краін пагаварылі зь міністрам абароны Расеі Сяргеем Шайгу па ягонай просьбе. Нашы краіны ясна далі зразумець, што ўсе мы не прымаем адкрыта лжывыя сьцьверджаньні Расеі аб тым, што Ўкраіна рыхтуецца прымяніць „брудную ядзерную бомбу“ на сваёй уласнай тэрыторыі. Сьвет распазнае любую спробу выкарыстоўваць гэта сьцьверджаньне ў якасьці падставы для эскаляцыі. Мы таксама абвяргаем любую падставу для эскаляцыі з боку Расеі», — гаворыцца ў калектыўнай заяве дзяржаўнага сакратара ЗША Энтані Блінкена і кіраўнікоў МЗС Францыі і Брытаніі Катрын Каляны і Джэймса Клевэрлі.

Кіраўнік Міністэрства абароны Расеі Сяргей Шайгу ў нядзелю, 23 кастрычніка, патэлефанаваў чацьвярым міністрам абароны краін NATO: Турэччыны, Брытаніі, Францыі і ЗША. З кіраўнікамі міністэрстваў абароны Францыі, Турэччыны і Брытаніі Шайгу паасобку абмеркаваў «пляны УСУ» падарваць «брудную бомбу». Ці вялася пра гэта размова зь міністрам абароны ЗША Лойдам Осьцінам, не ўдакладняецца, яму Шайгу патэлефанаваў пазьней за іншых.

Раніцай 23 кастрычніка нататка пад назвай «Кіеўскі рэжым рыхтуе правакацыю з „бруднай бомбай“ ва Ўкраіне» зьявілася на сайце расейскага дзяржаўнага інфармагенцтва «РИА Новости», яе аўтары спасылаліся на «вартыя даверу крыніцы ў розных краінах, у тым ліку ва Ўкраіне». У матэрыяле таксама паведамляецца, што Кіеў вядзе работу па стварэньні такой бомбы «пад кіраўніцтвам заходніх куратараў», і гэтыя работы «ўжо знаходзяцца на завяршальнай стадыі».

Мэта такой правакацыі, па словах аўтараў нататкі, у тым, каб абвінаваціць Расею ва ўжываньні зброі масавага паражэньня.

Ніякіх дадатковых доказаў або крыніц дасьведчанасьці Шайгу аб «бруднай бомбе» ў паведамленьнях аб яго перамовах зь міністрамі няма.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG