Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Інстытут вывучэньня вайны: расейскія войскі пачалі адступаць з захаду Херсонскай вобласьці


Расейскія вайскоўцы на аўтамабільным мосьце каля Кахоўскай ГЭС у Херсонскай вобласьці, 20 траўня 2022 году
Расейскія вайскоўцы на аўтамабільным мосьце каля Кахоўскай ГЭС у Херсонскай вобласьці, 20 траўня 2022 году

Расейскае войска пачало вывядзеньне сваіх сіл з заходняй часткі анэксаванай Херсонскай вобласьці, піша ў зводцы за 21 кастрычніка амэрыканскі Інстытут вывучэньня вайны (ISW), які з пачатку расейскага ўварваньня ва Ўкраіну аналізуе абстаноўку на фронце.

Аналітыкі ISW спасылаюцца на паведамленьні ўкраінскага войска, якое напярэдадні заявіла, што расейскія сілы «дастаткова актыўна» перакідваюць боепрыпасы, тэхніку і некаторыя падразьдзяленьні з заходняга берага Дняпра на ўсходні і накіравалі каля 2 тысяч мабілізаваных на ўтрыманьне лініі фронту, верагодна, каб прыкрыць адвод войскаў.

Акрамя таго, Інстытут вывучэньня вайны паўтарыў прагноз аб тым, што Расея, імаверна, зьбіраецца падарваць дамбу Кахоўскай ГЭС у Херсонскай вобласьці, каб прыкрыць сваё адступленьне і ня даць украінскім войскам перасьледаваць расейскія сілы ўглыб Херсонскай вобласьці. Адказнасьць за пашкоджаньне дамбы РФ зьбіраецца ўскласьці на Ўкраіну.

«Украіна ня мае матэрыяльнай зацікаўленасьці ў выбуху плаціны, якая можа затапіць 80 украінскіх гарадоў і прывесьці да перамяшчэньня сотняў тысяч людзей, прычыняючы шкоду і без таго слабому энэргазабесьпячэньню краіны», — адзначае ISW.

19 кастрычніка Уладзімір Пуцін увёў ваеннае становішча ў фармальна анэксаваных рэгіёнах Украіны, у тым ліку Херсонскай вобласьці. У той самы дзень там пачалася эвакуацыя.

20 кастрычніка Мінабароны РФ заявіла аб наступе Ўзброеных сіл Украіны ў Херсонскай вобласьці і Данбасе. Незадоўга да гэтага новы камандуючы ўварваньнем ва Ўкраіну Сяргей Суравікін заявіў, што «на Херсонскай напрамку няпростая сытуацыя» і што ён не выключае «прыняцьця няпростых рашэньняў».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG