Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Оляф Шольц: тактыка выпаленай зямлі не дапаможа РФ выйграць вайну


Оляф Шольц на базе Бундэсвэру 17 кастрычніка 2022
Оляф Шольц на базе Бундэсвэру 17 кастрычніка 2022

Канцлер Нямеччыны паведаміў у бундэстагу аб плянах навучыць да вясны ўкраінскую брыгаду колькасьцю да 5 тысяч вайскоўцаў.

Канцлер Нямеччыны Оляф Шольц назваў ваеннымі злачынствамі расейскія атакі па ўкраінскіх аб’ектах з выкарыстаньнем баявых дронаў. Гэта ваеннае злачынства, якое не дасягне сваёй мэты, заявіў ён 20 кастрычніка, выступаючы з урадавай заявай у бундэстагу.

«Такая тактыка выпаленай зямлі не дапаможа Расеі выйграць вайну... Яна толькі ўмацоўвае рашучасьць і ўпартасьць Украіны і яе партнэраў», — цытуе Шольца DW.

Па словах Шольца, «расейскі бомбавы і ракетны тэрор зьяўляецца ў канчатковым выніку ўчынкам, зьдзейсьненым з роспачы, таксама як і мабілізацыя на вайну расейскіх мужчын».

Расейскі прэзыдэнт Уладзімір Пуцін тэрарызуе Ўкраіну, а таксама непрыхавана і абсалютна безадказна пагражае ўсяму сьвету прымяненьнем ядзернай зброі, адзначыў кіраўнік нямецкага ўраду. Ён хоча пасеяць страх і раскалоць адзінства Захаду, але памыляецца, лічачы яго слабым, падкрэсьліў Шольц. Эўропа і міжнародныя альянсы мацнейшыя, чым калі-кольвек, і Пуцін ня зможа дасягнуць сваіх ваенных мэтаў, падкрэсьліў ён, выказаўшы ўпэўненасьць, што Ўкраіна будзе і далей пасьпяхова абараняцца.

«І мы яе падтрымаем — да таго часу, пакуль гэта будзе неабходна», — запэўніў нямецкі канцлер.

Адначасова Шольц заявіў аб плянах Нямеччыны да вясны 2023 году навучыць поўную ўкраінскую брыгаду колькасьцю да 5 тысяч вайскоўцаў.

«Тым самым мы падкрэсьліваем нашу гатоўнасьць пастаянна працаваць над стварэньнем моцнага ўкраінскага войска, поплеч з нашымі партнэрамі», — сказаў ён.

Пры гэтым нямецкі канцлер спаслаўся на прынятае 17 кастрычніка рашэньне міністраў замежных спраў краін ЭЗ аб сумеснай місіі аб навучаньні прыкладна 15 тысяч украінскіх салдат. Адным з двух галоўных месцаў падрыхтоўкі пры гэтым стане сама Нямеччына.

Акрамя таго, Шольц заявіў аб правале спробаў Крамля аказаць ціск на Нямеччыну і Эўропу з дапамогай абмежаваньняў у пастаўках энэрганосьбітаў.

«Пуцін спадзяваўся шантажаваць нас, перакрыўшы газавы кран, але і тут ён пралічыўся».

Паводле Шольца, за мінулыя тыдні і месяцы Нямеччына прыняла неабходныя захады, падрыхтаваўшыся да зімовага сэзону. Вялікім дасягненьнем ён назваў пры гэтым запаўненьне газасховішчаў на 95% яшчэ да вызначанага тэрміну 1 лістапада.

Нямеччына і ЭЗ прымаюць меры для больш хуткай адмовы ад расейскага газу. 19 кастрычніка кіраўнік Эўракамісіі Урзуля фон дэр Ляен заявіла, што за восем месяцаў удалося замясьціць дзьве траціны газу з РФ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG