Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Урад Беларусі зацьвердзіў новую сыстэму рэгуляваньня цэнаў, у ёй 370 таварных пазыцый і яшчэ больш кантролю


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Вытворцы будуць узгадняць павышэньне адпускных цэн зь дзяржаўнымі органамі, аблвыканкамамі і Менскім гарвыканкамам.

Савет міністраў Беларусі вызначыў новую сыстэму рэгуляваньня цэн, паведамляе прэс-служба ўраду.

У адпаведнасьці з ёй уводзіцца рэгуляваньне цэн на тавары ўсяго спажывецкага кошыка — як беларускай вытворчасьці, так і імпартныя.

Згодна з дакумэнтам, праз вызначэньне розных гранічных надбавак цэны рэгулююцца на 370 таварных пазыцый, якія ўключаюць прадукты харчаваньня, тканіны і пражу, адзеньне, абутак, мэблю, дываны і дывановыя вырабы, тэкстыльныя вырабы, посуд і сталовыя прыборы, электратавары, тэлерадыятавары, будматэрыялы, тавары галянтарэі, аўтамабілі і запчасткі, ровары і матацыклы, друкаваныя выданьні, гадзіньнікі наручныя, мыйныя сродкі і бытавую хімію, гаспадарчыя тавары, ювэлірныя вырабы, іншыя культурна-бытавыя тавары, тавары для спорту і турызму, пісьмовыя тавары, канцылярскія прыналежнасьці, парфумэрыю, гігіены, паперу і іншыя тавары.

Большасьць палажэньняў дакумэнта набыла моц з дня яго прыняцьця, гэта значыць з 19 кастрычніка.

  • Для вытворцаў увядуць узгадненьне павышэньня адпускных цэн з дзяржорганамі, аблвыканкамамі і Менскім гарвыканкамам.
  • Для імпартэраў і гандлю вызначаюць гранічныя максымальныя надбаўкі, незалежна ад колькасьці пасярэднікаў, якія ўдзельнічаюць.
  • Пры гэтым цэны на рэшткі спажывецкіх тавараў павінны быць прыведзеныя ў адпаведнасьць з патрабаваньнямі новай пастановы на працягу пяці працоўных дзён.
  • Таксама ўводзіцца абмежаваньне бартэрных пагадненьняў. Цяпер такія апэрацыі таксама мусяць узгадняцца зь дзяржаўнымі органамі.
  • Прадугледжана забарона на выплату бонусаў і іншых узнагароджаньняў за прасоўваньне тавараў у гандлі пры пастаўцы вытворцамі айчыннай прадукцыі.
  • Дзяржаўныя органы надзялілі дадатковымі паўнамоцтвамі кантролю за выкананьнем заканадаўства аб цэнах і цэнаўтварэньні.

6 кастрычніка Аляксандар Лукашэнка па выніках нарады аб цэнавай сытуацыі ў краіне падпісаў дырэктыву нумар 10 «Аб недапушчальнасьці росту цэн». Свае дакумэнты прынялі ўрад, Камітэт дзяржкантролю, Генпракуратура. Тыя, хто павысіць цэны бяз санкцыі міністра антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю або старшыні аблвыканкаму (Менгарвыканкаму), будуць несьці адказнасьць аж да крымінальнай, заявіў на нарадзе Лукашэнка.

10 кастрычніка ён скарэктаваў сваю пазыцыю: «Галоўнае не забарона на рост цэнаў. Не забарона. Чытайце дырэктыву. Галоўнае — гэта выпрацоўка сыстэмы кантролю за цэнаўтварэньнем. А да выпрацоўкі гэтай сыстэмы (гэта ўсяго толькі некалькі дзён), так, цэны расьці не павінны».

За павышэньне цэнаў ўжо заведзена некалькі крымінальных спраў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG