Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Памерла былая шматгадовая кіраўніца Згуртаваньня беларусаў Вялікай Брытаніі Алена Міхалюк


Алена Міхалюк (1930–2022)
Алена Міхалюк (1930–2022)

Яна была адной з апошніх прадстаўнікоў актыўнай часткі паваеннай беларускай эміграцыі ў Вялікай Брытаніі.

Управа Згуртаваньня беларусаў у Вялікай Брытаніі паведаміла пра сьмерць 16 кастрычніка Лёлі (Алены) Міхалюк, сябра арганізацыі з 1947 году і яе старшыні ў 1997–2013 гадах, сябра Рады БНР з 1982 году.

Алена Міхалюк нарадзілася ў 1930 годзе ў вёсцы Лонскія цяперашняга Шаркаўшчынскага раёну Віцебскай вобласьці. Падчас ІІ сусьветнай вайны яе вывезьлі на працу ў Нямеччыну, па вайне яна была ў лягэры для перамешчаных асобаў у нямецкім горадзе Ватэнштэце, дзе вучылася ў беларускай гімназіі і была актывісткаю скаўцкага беларускага руху.

Яе сям’я вырашыла не вяртацца ў сталінскі СССР і пераехала ў Вялікую Брытанію, там у 1947 годзе Лёля Міхалюк далучылася да Згуртаваньня беларусаў у Вялікай Брытаніі.

У 1965–1970 гадах яна працавала ў беларускай школе-інтэрнаце імя Кірылы Тураўскага ў Лёндане, падтрымлівала Беларускую аўтакефальную праваслаўную царкву, брала ўдзел у працы Ангельска-беларускага таварыства, была сябрам рады Беларускага дабрачыннага фонду ў Брытаніі.

Яе выбралі сябрам Рады БНР у 1982 годзе, у 1997 годзе яна стала старшынёй ЗБВБ, заставалася ганаровым (нязьменным) сябрам Управы Згуртаваньня беларусаў у Вялікай Брытаніі пасьля сыходу з пасады ў 2013 годзе.

Лёля Міхалюк на сустрэчы з прэм’ер-міністрам Вялікабрытаніі Маргарэт Тэтчэр, 29 ліпеня 1984
Лёля Міхалюк на сустрэчы з прэм’ер-міністрам Вялікабрытаніі Маргарэт Тэтчэр, 29 ліпеня 1984

«Спадарыня Міхалюк з гонарам пранесла абавязкі старшыні ЗБВБ праз найбольш складаныя часы нашай арганізацыі — час адыходу пакаленьня заснавальнікаў арганізацыі і перадачы пераемнасьці новаму пакаленьню, і заставалася мудрым дарадцам Управы да канца. Яна была на працягу ўсяго жыцьця чыннай і прынцыповай беларускай, выдатнай прадстаўніцай гераічнага пакаленьня беларускіх патрыётаў часоў ІІ вайны і паваеннага часу, пакінула па сабе толькі сьветлую памяць», — напісала Ўправа Згуртаваньня беларусаў у Вялікай Брытаніі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG