Адпаведнае рашэньне 7 кастрычніка прыняў суд Цэнтральнага раёну Менску, паведамляе «Вясна».
У манаграфіі на падставе багатага корпусу архіўных крыніц, якія ўпершыню трапілі ў навуковы абарот, прааналізавана аграрная палітыка нацыстаў на тэрыторыі Заходняй Беларусі ў 1941–1944 гады. У аснову манаграфіі пакладзеная кандыдацкая дысэртацыя аўтаркі, падрыхтаваная і абароненая ў 2006 годзе ў Інстытуце гісторыі НАНБ. Пра прычыны прызнаньня кнігі экстрэмісцкай не паведамляецца.
Кніга была выдадзеная ў выдавецтве «Янушкевіч» і прадавалася ў краме «Кнігаўка», куды прыйшлі зь ператрусам у дзень адкрыцьця.
«Улады хочуць абгрунтаваць, што выданьне нашым выдавецтвам „экстрэмісцкіх“ кніг носіць сыстэмны характар. Той факт, што ў аснове кнігі ляжыць узорная дысэртацыя, абароненая ў Інстытуце гісторыі Акадэміі навук, што давалі гэтай кнізе жыцьцё вялікія начальнікі ад гісторыі, сёньняшнія адэпты абсурдных гісторыка-ідэалягічных установак рэжыму, іх зусім не бянтэжыць. У самой кнізе няма ніякіх экстрэмісцкіх ідэй альбо высноў. Гэта ўзважанае навуковае дасьледаваньне, погляд дасьледчыка на праблему, які абапіраецца на факты і дакумэнтальную базу», — пракамэнтаваў здарэньне выдавец Андрэй Янушкевіч.