Муж палітзьняволенай Андрэй Шарэнда паведаміў, што 9 кастрычніка Паліну вызвалілі з ШЫЗА, дзе яна правяла 40 сутак.
Аднак, паводле зьвестак Андрэя, у хуткім часе яго жонку зьбіраюцца зьмясьціць у ПКТ на 2 месяцы.
«Таксама стала вядома, што на Паліну заведзена чарговая крымінальная справа па частцы 2 артыкула 411 (Злоснае непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі папраўчай установы). Пасьля адбыцьця тэрміну ў ПКТ Полю могуць перавесьці ў СІЗА-3 г. Гомля. Няма сумневаў, што вырадкі дададуць Паліне яшчэ паўтара-два года канцлягеру...» — напісаў Андрэй Шарэнда.
Паліну Шарэнду-Панасюк затрымалі 3 студзеня 2021 году ў яе ўласным доме, куды ўламіліся сілавікі. Суд Маскоўскага раёну Берасьця 9 чэрвеня прызначыў ёй 2 гады калёніі. Яе прызналі вінаватай адразу паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу: «Абраза прэзыдэнта» (арт. 368), «Абраза прадстаўніка ўлады» (арт. 369) і «Гвалт або пагроза ўжываньня гвалту ў дачыненьні да супрацоўніка органаў унутраных спраў» (арт. 364).
Па ніводным артыкуле яна сваёй віны не прызнала, настойваючы на тым, што яе ўвязьненьне незаконнае.
Першапачаткова на свабоду Паліна мела выйсьці ў верасьні сёлета. Аднак у лютым над Палінай распачаўся чарговы суд ужо ў закрытым рэжыме на тэрыторыі гомельскай жаночай калёніі. Сёмага красавіка актывістку пакаралі дадаткова 1 годам зьняволеньня і абвінавацілі ў злосным непадпарадкаваньні патрабаваньням адміністрацыі папраўчай установы.
Празь некаторы час пасьля прысуду Паліну Шарэнду-Панасюк перавялі з калёніі ў СІЗА-3 у Гомлі.