«Пайшлі масавыя звароты ў „Русь сидящая“ з краін СНД. Грамадзян Беларусі, Узбэкістану, Кіргізістану, Азербайджану, якія адбываюць пакараньне ў месцах пазбаўленьня волі ў РФ, вязуць на вайну.
Сястра загінулага зьняволенага, грамадзяніна Беларусі, ня можа дамагчыся ад ПВК «Вагнэр» цела брата, каб пахаваць на радзіме. Ні пра якія грошы, ні пра якую кампэнсацыю гаворкі не ідзе», — расказала ў сваім тэлеграм-канале кіраўніца руху «Русь сидящая» Вольга Раманава.
Вольга Раманава адзначыла, што на мінулым тыдні атрымалася абараніць чатырох грамадзян Узбэкістану, якія адбывалі тэрмін у яраслаўскіх зонах.
«А сёньня ўвечары зьвярнуліся сваякі ўзбэкаў, якія сядзелі ў Башкірыі. Забралі іх. Нам у „Русь сидящую“ напісала пасольства Ўзбэкістану, будзем трымаць сувязь. Агу, пасольствы Азербайджана, Кіргізістану, Таджыкістану! Ня хочаце пацікавіцца, чаму вашых грамадзян адпраўляюць забіваць украінцаў?», — напісала Раманава.
ПВК «Вагнэр» — расейскае неафіцыйнае вайсковае падразьдзяленьне, якое ня значыцца на балянсе вайсковых ведамстваў і ў рэестры юрыдычных асобаў, аднак яго байцы, па зьвестках шматлікіх журналісцкіх расьсьледаваньняў, бяруць удзел у наземных апэрацыях РФ у Сырыі, Афрыцы і ў вайне ва Ўкраіне.
ПВК «Вагнэр» лічыцца адным з найбольш баяздольных падразьдзяленьняў, якія ўдзельнічаюць у баях на ўкраінскіх тэрыторыях. Паводле зьвестак расьсьледніцкай групы Bellingcat, байцы «Вагнэра» маюць дачыненьне да шматлікіх ваенных злачынстваў.
Паводле шматлікіх зьвестак, якія зьяўляліся ў расейскіх СМІ ў апошнія месяцы вэрбавалі на вайну ва Ўкраіну і зьняволеных у расейскіх калёніях. Паведамлялася, што прыяжджаў туды асабіста расейскі бізнэсмэн, уладальнік ПВК Яўген Прыгожын, якога лічаць цесна зьвязаным з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным. Загінулым на вайне ён абяцаў дастойнае пахаваньне. Тым, хто адваяваў паўгода, абяцае памілаваньне, ахвотным — далейшую працу ў ПВК.
Пры гэтым Яўген Прыгожын доўгі час адмаўляў як сваю сувязь з ПВК, так і вэрбаваньне зьняволеных.
Аднак напрыканцы верасьня 2022 году ён пацьвердзіў, што зьяўляецца заснавальнікам прыватнай ваеннай кампаніі «Вагнэр». Адпаведнае прызнаньне зьмяшчалася ў адказе прэс-службы зьвязанай з Прыгожыным кампаніі «Канкорд на запыт выданьня «Блокнот», апублікаваным у панядзелак, 26 верасьня, у расейскіх інтэрнэт-СМІ.
У сваім адказе Прыгожын паведамляе, што стварыў ваенізаванае фармаваньне ў траўні 2014 года для падтрымкі сэпаратыстаў Данбаса. Тады, зазначыў ён, «нарадзілася група патрыётаў, якая пасьля набыла назву БТГ «Вагнэр».
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.